Гiмназiсты з Акцябрскага ведаюць усё пра бяспеку: каласальная работа ў гэтым напрамку вядзецца педагогамi i кiраўнiцтвам установы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Тэрыторыя бяспекi
У мэтах павышэння ўзроўню ведаў у пытаннях бяспекі на базе Акцябрскай раённай гімназіі функцыянуе раённы рэсурсны цэнтр па фармiраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці. Яго кіраўнік Аляксандр Шульц адзначае, што стварэнне iмiджавага пакоя стала першым крокам на шляху да адкрыцця адукацыйнага цэнтра. Як вядома, усё пачынаецца з малога — з iдэi, жадання i здольнасцей.
— Для юных жыхароў Акцябрскага праводзяцца практычныя заняткі сумесна са спецыялістамі розных службаў — МНС, Асвода, лясгаса, энергетыкі, газазабеспячэння, аховы здароўя, — падкрэслiвае Аляксандр Анатольевiч. — Дзецям падабаецца сустракацца з прадстаўнікамі гэтых службаў, якія ганарацца сваёй справай і прыносяць карысць грамадству. Знаходзячыся ў асяроддзі, якое імітуе надзвычайныя сітуацыі, дзеці могуць на практыцы вучыцца асновам бяспекі. Гэта дапаможа ім упэўнена адчуваць сябе ў любых жыццёвых сітуацыях.
Цэнтр займае памяшканні першага паверха гiмназii, тут аб’яднаны некалькi iнтэрактыўных пляцовак. Тэматычныя лакацыi iмiтуюць розныя сiтуацыi: знаходжанне ў лесе, каля вадаёма, на праезнай частцы дарогi i нават у кватэры з няспраўным абсталяваннем. Так, першая тэматычная зона вучыць правiлам дарожнага руху: пешаходны пераход, на iм “ляжачы палiцэйскi”, а ўдалечыні вiдаць машыны. На самай справе адчуваеш сябе тут, як на сапраўдным праспекце Незалежнасцi, усё вельмi рэалiстычна. Вучні гімназіі акцэнтуюць увагу на тым, што кожны павiнен ведаць i дакладна выконваць ПДР. Нядзіўна, што ўдзельнiкi клуба юных iнспектараў дарожнага руху не толькi з’яўляюцца пераможцамi раённых, але i актыўна ўдзельнiчаюць у абласных этапах конкурсаў па бяспецы. Далей на вочы трапляецца стэнд, і не адзін: у медыцынскiм блоку сабрана ўся iнфармацыя, якая можа спатрэбіцца пры аказаннi першай неадкладнай дапамогi. Затым яшчэ адна тэматычная лакацыя наглядна нагадвае аб правiлах паводзiн у побыце.
— Вучым дзяцей правiлам бяспекi ў розных жыццёвых сітуацыях: пачынаючы з таго, што такое газ, як правiльна карыстацца электрычнымi прыборамi, — працягвае Аляксандр Шульц. — Звяртаем увагу школьнікаў на простыя рэчы, якiя павiнна ведаць кожнае дзiця: як патэлефанаваць у адпаведныя службы пры пажары ці калі неабходна медыцынская дапамога, бо трэба не толькi набраць нумар, але i перадаць дыспетчару складанасць сiтуацыi. Нашы выхаванцы, як i навучэнцы ўсяго раёна, дасканала ведаюць, якiмi сродкамi можна тушыць узгаранне, як правiльна правесцi штучную вентыляцыю лёгкiх i як сябе паводзiць у розных небяспечных сiтуацыях.
Рэсурсны цэнтр па фармiраванні асноў бяспекі жыццядзейнасці адкрыты для дзяцей з усiх устаноў адукацыі Акцябрскага раёна.
Тушыце святло!
Тэматычная зона службаў МНС наглядна дэманструе першакласнiкам i вучням старшых класаў, што з’яўляецца парушэннем правiл пажарнай бяспекі. На першы погляд здаецца, што нiчога небяспечнага ў памяшканнi няма, але гiмназiсты атрада 112.by — беларускай грамадскай маладзёжнай арганiзацыі ратавальнiкаў-пажарных — лiтаральна адкрываюць вочы дзецям. Вучанiца Вiкторыя падказвае, што ў пакоi ўсю батарэю накрывае ручнiк, а яшчэ гарыць святло i пакiнуты запаленыя свечкi: “Тушыце святло, калi выходзіце з кватэры, а яшчэ нельга пакiдаць рэчы на ацяпляльным абсталяваннi”. Ёсць над чым задумацца, бо для трагедыi на самай справе дастаткова i мінуты.
— Акрамя практычных навыкаў, дзецi маюць магчымасць праверыць сябе ў тэорыi: у кабiнеце 13 ноўтбукаў, i ў кожным з iх ёсць праграмы з заданнямi рознага ўзроўню складанасці, — дадае кіраўнік цэнтра. — Канечне, дзецям падабаецца разглядаць i прымяраць выратавальныя камiзэлькi, ласты, iншую спецформу, пры гэтым яны ненадакучліва вучацца асновам бяспечных паводзiн. Спадзяюся, што можна быць спакойнымі за будучыню новага пакалення, але варта трымаць руку на пульсе.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара