Аўтарскія адукацыйныя праграмы настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Олтушскай сярэдняй школы імя А.Н.Алесіка Маларыцкага раёна Кацярыны Алесік пабудаваны з улікам індывідуальных здольнасцей навучэнцаў, але ў аснове кожнай — музейная педагогіка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кацярына Якаўлеўна вырасла ў мнагадзетнай сям’і, дзе веды, адукацыя і аўтарытэт настаўніка цаніліся вельмі высока, а павагу да працы педагогаў дзецям прывівалі з маленства. У свой час мама Кацярыны Алесік, Вольга Аляксандраўна, таксама хацела стаць настаўніцай, толькі жыццё ўнесла свае карэктывы: цяжкі пасляваенны час прымусіў адмовіцца ад высакароднай мары, але не перакрэсліў прагу да навукі. Вольга Аляксандраўна дала сабе абяцанне, што яе дзеці вырастуць адукаванымі, і выканала яго.
Базавыя педагагічныя навыкі ўсе дзеці з сям’і Алесік атрымлівалі дома, калі даглядалі сваіх малодшых братоў і сясцёр (у сям’і было 10 дзяцей) і гулялі ў школу. Маленькую Кацю чытаць і пісаць навучыла яе старэйшая сястра Наталля, якая сёння працуе настаўніцай пачатковых класаў. А Зіна, якую вучыла Кацярына, атрымала дыплом выкладчыка англійскай і беларускай моў.
“Настаўнік для нашай сям’і быў самым паважаным чалавекам, — успамінае Кацярына Якаўлеўна. — У першую чаргу гэта ішло ад мамы, якая прывіла такія адносіны да педагогаў і пастаянна паўтарала, што больш каштоўнай прафесіі, чым настаўнік, няма. Сёння мы гэтак жа высока цэнім адукаванасць, эрудыцыю і веды”.
У школе цікаўнай Кацярыне многія прадметы даваліся лёгка. Дзяўчынка аднолькава любіла замежную мову, гісторыю, геаграфію, матэматыку. І нават думала, што стане настаўніцай нямецкай, але ўсё змяніў выпадак. Калі вучылася ў 11 класе, яна перамагла ў раённай алімпіядзе па гісторыі і паспяхова выступіла на абласным этапе.
“Гісторыя мяне заўсёды прываблівала, але наконт таго, ці варта ёй аддаваць перавагу, было многа сумненняў, — працягвае педагог. — Помню, як падышла да свайго настаўніка Віталя Мікалаевіча Касцючыка і спытала: “Як думаеце, ці паступлю на гістарычны факультэт?” Ён адразу адказаў, што паступлю. Пасля гэтага я больш не сумнявалася ў тым, які кірунак педагогікі выбраць, і ведала, што ўсё змагу”.
Словы педагога сталі вырашальнымі.
“У той момант для мяне адкрыўся першы сакрэт педагогікі, — дзеліцца назіраннямі К.Я.Алесік. — Ён заключаецца ў тым, што менавіта настаўнік павінен усяляць веру ў вучня. Безумоўна, важна паказваць і цяжкасці, з якімі сутыкнецца навучэнец на выбраным шляху, але няма нічога больш важнага і матывуючага, чым вера ў яго здольнасці”.
Пасля 11 класа К.Алесік паступіла на гістарычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Прафесійны калектыў выкладчыкаў, актыўная навуковая дзейнасць узмацнілі захапленне гісторыяй. Калі скончыла УВА і прыйшла працаваць у Олтушскую сярэднюю школу, прадоўжыла гістарычную адукацыю: паступіла ў аспірантуру РІВШ, абараніла навуковую работу і атрымала званне кандыдата гістарычных навук.
Гэтак жа, як калісьці яе настаўнік гісторыі, сёння Кацярына Алесік усяляе веру ў сваіх вучняў, якія пад яе кіраўніцтвам перамагаюць у алімпіядах, конкурсах, здаюць паспяхова ЦТ і ЦЭ. На працягу некалькіх гадоў навучэнец педагога Раман Смаль паказваў высокія вынікі на алімпіядах і навуковых канферэнцыях па гісторыі. Пачынаючы з 9 класа вучань прывозіў у школу дыпломы з абласнога і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце, а ў гэтым годзе выступаў у складзе каманды гісторыкаў Брэстчыны на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды. Зусім нядаўна Рома даведаўся, што здаў цэнтралізаваны экзамен па гісторыі на 99 балаў, а па грамадазнаўстве — на 100.
“Заўсёды падтрымліваю дзяцей у іх прафесійным выбары, — зазначае настаўніца гісторыі. — Мая задача як настаўніка — дапамагчы ім на шляху да сваёй мары. Што тычыцца педагогікі, то гэты кірунак патрабуе пастаяннага развіцця: ты не маеш права спыняцца, бо не будзеш адпавядаць патрабаванням новага пакалення. Няма нічога больш каштоўнага, чым узяць за руку маленькага вучня і расці разам з ім, дапамагаць спазнаваць свет”.
Музей-лабараторыя
За 20 гадоў працы ў Олтушскай сярэдняй школе Кацярына Алесік распрацавала ўласныя падыходы ў выкладанні і метады работы з дзецьмі. Па словах настаўніцы, самы эфектыўны і дзейсны інструмент, які лепш за ўсё матывуе да вывучэння гісторыі, — гэта школьны музей. Як яго фонд дапамагае спасцігаць навуку?
“У 2007 годзе стары музей быў поўнасцю дэманціраваны, — працягвае Кацярына Якаўлеўна. — Мы хацелі стварыць новы, які будзе паказваць гісторыю ад глыбокай старажытнасці і да сучаснасці. Для гэтага трэба было сабраць вельмі многа экспанатаў, прадумаць падрабязную канцэпцыю. Але ўсё ўдалося: мы павялічылі колькасць калекцыйных прадметаў у некалькі разоў і склалі іх у адзіную карціну. Плённая праца педагогаў школы, маіх аднадумцаў Вячаслава Мікалаевіча Зезюкова і Івана Іванавіча Барташука дапамагла ў 2015 годзе адкрыць ваенны і афганскі аддзелы. У 2018 годзе музей быў адкрыты поўнасцю”.
Для экспазіцыі, якая прысвечана першабытнаму грамадству, тагачасныя прадметы збіраліся на тэрыторыі ўсяго Маларыцкага раёна. Каб іх адшукаць, Кацярына Якаўлеўна вясной, калі пачыналася паводка, хадзіла з дзецьмі ў паход. Маршрут пралягаў праз тыя месцы, дзе першабытныя людзі ў даўнія часы разбівалі стаянкі. Дзякуючы грунтавым водам, якія з самых глыбінь падымалі ўсё на паверхню, юныя археолагі назбіралі шмат артэфактаў. Тое, што было здабыта, педагог вазіла ў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе вучоныя дакладна і па гадах класіфікавалі ўсе знаходкі.
“Дзякуючы нашаму вельмі дружнаму калектыву, якім кіруе цудоўны дырэктар Алена Марук, любая работа выконваецца зладжана і хутка“, — зазначае К.Алесік.
Зараз музей Олтушскай школы — гэта самы вялікі ў раёне музей-лабараторыя, пляцоўка для патрыятычнага выхавання не толькі навучэнцаў, але і гасцей установы адукацыі. Тут часта праводзяцца экскурсіі і ўрокі гісторыі. Па назіраннях педагога, музей адыгрывае вялікую ролю ў адукацыі тых дзяцей, якія маюць не вельмі высокія вучэбныя паказчыкі.
“У мяне ёсць дзве стратэгіі работы, — дадае кандыдат гістарычных навук. — Тым вучням, якія добра паспяваюць, даю дадатковыя заданні, рэкамендую пэўную літаратуру, якая дазваляе паглыбіць веды па тэме і прымяніць іх на канферэнцыях, у алімпіядах. Тых дзяцей, якім вучоба даецца цяжка, прыцягваю да работы ў музеі, экскурсійнай дзейнасці. Не так даўно, калі была Ноч музеяў, дзеці праводзілі экскурсіі для сваіх сем’яў. Такая арганізацыя сумеснай дзейнасці спадабалася ўсім: дзецям было прыемна, што іх з задавальненнем слухаюць бацькі, а мамы і таты ганарыліся дзецьмі, якія выступалі ў такім дзелавым вобразе. Праведзенае мерапрыемства пацвярджае, што музей дазваляе прыдумаць многа методык супрацоўніцтва з вучнямі”.
200 цікавых падарожжаў
Гісторыя — не адзінае захапленне апантанага педагога. Кацярына Алесік вельмі любіць падарожнічаць па роднай краіне. За гады работы ў школе кандыдат гістарычных навук наведала больш чым 200 мясцін па ўсёй краіне і на гэтым ставіць кропку не плануе. Больш за тое, каб азнаёміць жыхароў раёна з гісторыяй роднага краю і паказаць ім, што падарожжы — гэта цікава, настаўніца распрацавала экскурсійны маршрут. Тым больш і статус дазваляе: Кацярына Алесік — адзіны атэставаны экскурсавод на Маларытчыне.
“Стаць атэставаным экскурсаводам было няпроста, — дзеліцца настаўніца. — Атэстацыя праводзіцца ў форме экзамену. Першапачаткова неабходна было прайсці электроннае тэсціраванне, якое складалася з 70 пытанняў па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, сусветнай культуры і геаграфіі, асновах методыкі правядзення экскурсій, заканадаўстве ў турыстычнай дзейнасці і інш. Але самым складаным было абараніць свой маршрут”.
Дагэтуль маршрутаў, зацверджаных Нацыянальным агенцтвам па турызме, у Маларыцкім раёне яшчэ не было, таму настаўніцы прыйшлося распрацоўваць яго самастойна. Тэхналагічная карта з падрабязным апісаннем маршруту і часу, план вядзення экскурсій з метадычнымі рэкамендацыямі і навукова абгрунтаваным тэкстам — гэта ўсё патрабавала шмат часу і навыкаў.
“Сістэматызацыя матэрыялу і напісанне маршруту занялі каля трох месяцаў, — звяртае ўвагу экскурсавод. — Вялікую падтрымку ў рабоце аказала спецыяліст па турызме райвыканкама Ганна Карацінская, кіраўнік аддзела па адукацыі Маларыцкага райвыканкама Аляксандр Пятручык, а таксама адміністрацыя Олтушскай школы”.
Вынік карпатлівай працы, якім сёння ганарыцца не толькі Олтушская сярэдняя школа, але і ўся сістэма адукацыі Маларыты, — пасведчанне экскурсавода, якое дазваляе Кацярыне Алесік праводзіць экскурсіі па маршруце “Гісторыя і традыцыі Маларытчыны”.
“Безумоўна, у многіх краінах ёсць што паглядзець, але мой прынцып такі: палюбі Беларусь і даведайся ўсё пра яе, а потым знаёмся з іншымі культурамі, — зазначае Кацярына Алесік. — На жаль, у нашым раёне не захаваліся каласальныя архітэктурныя збудаванні, але мы ганарымся сваімі людзьмі, традыцыямі, гісторыяй і прыродай”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА