У Баранавіцкім дзяржаўным каледжы будаўнікоў можна авалодаць больш чым 20 прафесіямі

- 13:22Абитуриент, Образование, Приложение

Ва ўсе часы аднымі з самых запатрабаваных на рынку працы былі будаўнікі. Муляр, сталяр, плітачнік, тынкоўшчык, электразваршчык — гэта толькі пачатак вялікага пераліку спецыялістаў, у якіх ёсць патрэба. Баранавіцкі дзяржаўны каледж будаўнікоў дае магчымасць атрымаць названыя прафесіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У новым навучальным го­дзе каледж адчыніць дзверы для 159 навучэнцаў 1 курса, якія будуць вучыцца па 8 спецыяльнасцях. Хоць авалодваць тут можна больш чым 20 прафесіямі. Самымі папулярнымі з іх па-ранейшаму застаюцца тынкоўшчык, маляр, плітачнік, электрагазазваршчык, конкурс па якіх праводзіцца на аснове сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.

— Даволі часта на гэтыя прафесіі паступаюць абітурыенты з высокім сярэднім балам пасведчання аб базавай адукацыі — 8,1—8,8. Калі пытаюся ў іх, чаму яны прыйшлі да нас атрымлі­ваць рабочыя спецыяльнасці, то ў адказ чую, што яны спадзяюцца атрымаць дыплом з адзнакай і потым паступіць ва ўніверсітэт па будаўнічым профілі на скарочанае навучанне, — паведаміў дырэктар каледжа Віктар Капчэўскі.

Бітва за рабочыя кадры

Арганізацыя набору абітурыентаў залежыць ад патрэб заказчыкаў кадраў. Каб адкрыць вучэбную групу па любой прафесіі, патрэбны заяўкі арганізацый, якія потым возьмуць на работу іх выпускнікоў. Пад кожную спецыяльнасць і кваліфікацыю заключаюцца адпаведныя дагаворы. З улікам гэтага ў 2023 годзе каледж ажыццяўляе набор навучэнцаў пасля 9 класа на 3 гады навучання па кваліфікацыях: “муляр”, “абліцоўшчык-плітачнік, тынкоўшчык, маляр, ізаліроўшчык на тэрмаізаляцыі”, “мантажнік санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання”, “мастаўшчык”, “сталяр”, “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў” і “электрагазазваршчык”. А пасля 11 класа — на 1 год па кваліфікацыі “тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік”.

— Сёлета мы павялічылі набор на адну вучэбную групу — на 28 навучэнцаў, і кантрольныя лічбы прыёму па мэтавай падрыхтоўцы таксама ўзраслі. Звязана гэта з павелічэннем колькасці заявак ад заказчыкаў кадраў на будаўнікоў. Дарэчы, для параўнання: у 2013 го­дзе заказчыкаў кадраў у нас было толькі тры, а цяпер ужо сямнаццаць. Мы вырашылі на­браць больш навучэнцаў яшчэ і таму, што летась не ўсе жадаючыя змаглі паступіць да нас. Да таго ж калі ў канцы красавіка мы размяркоўвалі нашых 117 навучэнцаў, то за іх разгарнулася сапраўдная бітва паміж заказчыкамі кадраў. І калі б нашых выпускнікоў было ў два разы больш, то і іх не хапіла б, каб задаволіць усе патрэбы арганізацый, — дадаў Віктар Анатольевіч.

Ізаліроўшчык — запатрабаваная прафесія, на якую пастаянна расце попыт дзякуючы з’яўленню новых аб’ектаў. Асноўная дзейнасць такога спецыяліста накіравана на ізаляцыю розных трубаправодаў, тэхналагічнага абсталявання і іншых канструкцый, якія патрабуюць абароны ад шкоднага ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Такая дзейнасць дапамагае скараціць выдаткі энергіі на ацяпленне будынка. Акрамя таго, такія спецыялісты ізалююць розныя трубы ў падвалах, на паддашках і падземных камунікацыях.

Навучэнцы каледжа атрымліваюць адразу некалькі інтэграваных кваліфікацый. Такое пашырэнне ведаў і ўменняў дазваляе выпускнікам быць больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы.

— Мы аднавілі набор на прафесію ізаліроўшчыка на тэрма­ізаляцыі, якая ідзе ў інтэграцыі з тынкоўшчыкам і плітачнікам. Наш будаўнічы трэст № 25 даў вялікую заяўку на падрыхтоўку такіх спецыялістаў, — патлумачыў дырэктар установы.

Выбар прафесіі

Гэта вельмі важнае і адказнае пытанне, якое паўстае перад кожным школьнікам. Каб дапамагчы вучням зрабіць правільны прафесійны выбар, а таксама адшукаць матываваных і зацікаўленых абітурыентаў, каледж право­дзіць маштабную прафарыентацыйную работу. Сярод яе асноўных задач — пашырыць уяўленні навучэнцаў пра свет прафесій і паглыбіць іх веды пра будаўнічыя спецыяльнасці. Акрамя традыцыйных дзён адкрытых дзвярэй, у каледжы праводзяць майстар-класы па прафесіях і прафесійныя пробы, розныя прома-акцыі і флэш-мобы.

— Школьнікам пастаянна прапаноўваем паўдзельнічаць у кірмашах мэтавай падрыхтоўкі. У гэтым годзе мы былі прадстаўлены на 6 такіх кірмашах. Адзін з іх нават самі арганізавалі сумесна з будаўнічым трэстам № 25. Правялі майстар-класы, паказалі будаўнічы аб’ект, а яшчэ на ім выступілі агітбрыгады. Мерапрыемства наведалі каля 400 хлопчыкаў і дзяўчынак. І гэта толькі адзін з прыкладаў нашых шматлікіх прафарыентацыйных мерапрыемстваў, — адзначыў Віктар Капчэўскі. — Сёння наша асноўная задача — падрыхта­ваць канкурэнтаздольнага, запатрабаванага на рынку працы спецыя­ліста, прычым такога, які будзе валодаць некалькімі прафесіямі. А таму нашы навучэнцы маюць магчымасць паралельна атрымліваць дадатковыя кваліфікацыі. Напрыклад, муляры авалодва­юць прафесіяй абліцоўшчыка альбо зваршчыка. Гэта дадатковая гарантыя таго, што яны заўсёды будуць з працай.

А яшчэ на сустрэчах з патэнцыяльнымі абітурыентамі Віктар Анатольевіч часта гаворыць, што іх выпускнікі, працуючы ў статусе маладых спецыялістаў, маюць больш прэферэнцый, чым звычайныя рабочыя:

— На ўсіх сустрэчах са школьнікамі я тлумачу, чаму два гады адпрацоўкі даюць куды больш пераваг, чым недахопаў. А яшчэ ўсіх іншагародніх мы забяспечваем інтэрнатам, разлічаным на 125 чалавек. У ім больш за ўсё прадстаўнікоў Баранавіцкага раёна, што і зразумела, але ёсць і з Нясвіжскага раёна, Гродзенскай вобласці. Дарэчы, у інтэрнаце абавязкова ноччу дзяжурыць наш майстар, з 22 гадзін да 7 раніцы. Усё ж такі нашы навучэнцы яшчэ дзеці, якім патрэбны догляд.

Перспектыўны крок

Выпускнікі каледжа могуць працягнуць навучанне як у сярэдніх спецыяльных установах адукацыі, так і ў вышэйшых.

— Калі нашы выпускнікі атрымліваюць дыплом з адзнакай, то могуць паступіць у Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П.Шамякіна альбо ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт на будаўнічыя спецыяльнасці па асобнай траекторыі. З яе асаблівасцямі можна азнаё­міцца на сайтах універсітэтаў, — сказаў В.А.Капчэўскі.

Мацвей Бельмач: “Я займаюся ў спартыўнай секцыі па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, нават заняў вясной 2-е месца на спаборніцтвах паміж баранавіцкімі каледжамі. У нас ёсць свой цір. Спортам ахоплены ўсе навучэнцы. Увогуле, у нашым каледжы створаны ўсе ўмовы для праяўлення сябе. Што тычыцца прафесіі, то я — будучы тынкоўшчык-маляр і абліцоўшчык-плітачнік. Гэтыя прафесіі заўсёды запатрабаваны на рынку працы. Да таго ж калі дома неабходна будзе зрабіць рамонт, то спраўлюся сам”.

На выдатна каледж заканчвае звычайна не шмат навучэнцаў. Як правіла, гэта тыя, хто нацэлены працаваць майстрам вытворчага навучання ў каледжы. Напрыклад, першакурсніцы Ангеліна Райко і Вольга Крупнік вельмі стараюцца скончыць каледж з высокімі баламі.

— Мне вельмі хочацца ­стаць майстрам і пасля навучаць іншых нашым прафесіям. Зараз мы вучымся на тынкоўшчыкаў-маляроў і абліцоўшчыкаў-плітачнікаў. Гэта дастаткова цікавыя спецыяльнасці, асабліва падыходзяць тым, хто любіць маляваць, — сказала Ангеліна. А Вольга дадала, што ў каледжы не толькі цікава вучыцца, але і можна раскрыць свае творчыя здольнасці:

— Тут шмат не толькі розных прафесій, але і спартыўных секцый, творчых аб’яднанняў па інтарэсах. Няма ніводнага навучэнца, які б дзе-небудзь не займаўся, прычым усе нашы актыўнасці бясплатныя.

Дарэчы, вытворчае навучанне юных будаўнікоў пачынаецца з 1 курса ў 12 вучэбных майстэрнях. На 2 і 3 курсах практыку яны ўжо праходзяць на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна, якія часта становяцца іх першымі рабочымі месцамі. Прычым за практыку маладыя людзі часам атрымліваюць грашовае ўзнагароджанне, якое стымулюе іх да далейшай дзейнасці. Увогуле, многія работадаўцы адзначаюць, што Баранавіцкі каледж будаўнікоў выпускае сапраўдных прафесіяналаў, таму пасля праходжання практыкі многія выкладчыкі дасылаюць удзяч­ныя лісты за падрыхтоўку маладых кадраў.

Можна назваць шмат паказчыкаў эфектыўнасці работы ўстановы, аднак, безумоўна, самы галоўны — гэта тое, што кожны год з каледжа на будаўніцтва прыхо­дзяць добра падрыхтаваныя кадры, якімі задаволены работадаўцы.

— Калектыў каледжа заўсёды працуе на вынік. Ад кожнага работніка — ад майстра да адміністрацыі — залежыць, які выпускнік, чалавек прыйдзе ў будаўніцтва, таму кожны працуе з максімальнай аддачай, — падкрэсліў дырэктар. — Я люблю сваю прафесію і свой калектыў, ён зла­джаны і згуртаваны, што таксама дарагога варта.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара