У Барысаўскім раёне працягвае функцыянаваць школа маладога спецыяліста “Прафстарт” для педагогаў дашкольнай адукацыі.
Чарговыя заняткі па тэме “Выхаваўчая работа ва ўстанове дашкольнай адукацыі: змест, формы работы, планаванне” ў форме коўчынг-сесіі былі праведзены ў дзіцячым садзе № 18 Барысава.
У пачатку мерапрыемства кіраўнік школы маладога спецыяліста Вераніка Няўзорава правяла бліцапытанне “Выхаванне — гэта…”, падчас якога быў зроблены акцэнт на самавыхаванні і развіцці прафесійных і асобасных якасцей педагога.
Змест выхаваўчай работы ў дзіцячым садзе актуалізавала і сістэматызавала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дзіцячага сада № 18 Барысава Святлана Курцэвіч. Акрамя гэтага, спецыяліст раскрыла паняцце праектнай дзейнасці, падзялілася меркаваннем па яе арганізацыі і педагагічнай значнасці. Затым намеснік загадчыка прэзентавала вопыт педагагічнага праекта сваёй установы па тэме “Развіццё творчых здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця праз павышэнне псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў”, наглядна матывуючы маладых спецыялістаў на прымяненне праектнай дзейнасці для рэалізацыі выхаваўчых задач.
Пазнавальным для спецыялістаў быў удзел у дыскусійным клубе. У ім педагогі вызначылі формы і метады выхаваўчай работы, патрэніраваліся ў іх планаванні. Падчас мерапрыемства была рэалізавана яго галоўная мэта — удасканаленне прафесійных кампетэнцый маладых педагогаў па пытаннях арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстанове дашкольнай адукацыі.
На занятках школы маладога спецыяліста выкарыстоўваліся актыўныя формы, якія дапамаглі забяспечыць зваротную сувязь і дазволілі праявіць ініцыятыву ўсім маладым педагогам. Несумненна, заняткі ўнеслі ўклад у прафесійнае развіццё маладых спецыялістаў дашкольнай адукацыі Барысаўскага раёна, бо былі насычанымі, змястоўнымі і актуальнымі.
Вераніка НЯЎЗОРАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
дзіцячага сада № 44 Барысава,
кіраўнік школы маладога спецыяліста “Прафстарт”
Фота аўтара