Сімвалічна, што, пачаўшы працоўны шлях настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, загадчыца дзіцячага сада № 5 Астраўца Настасся Кулеш трымаецца гэтага кірунку і зараз. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Маленькіх беларусаў ва ўстанове дашкольнай адукацыі пад яе кіраўніцтвам гадуюць у адпаведным каларыце.
Работа па тэматычным афармленні дашкольнай установы ў нацыянальнай тэматыцы пачалася з дня яе адкрыцця ў 2019 годзе. Рэалізацыя цікавай ідэі стартавала яшчэ з фасадаў — аформлены з элементамі вышываных народных узораў.
Тэрыторыя ўсяго дзіцячага сада працягвае зададзеную тэму. Гэта не толькі роспіс холаў у беларускім стылі. У межах адукацыйнага працэсу маленькія выхаванцы Васілінка і Васілёк праводзяць экскурсію па вуліцах роднага горада. У ролі палатна-карты — сцены дашкольнай установы, якія ўпрыгожваюць славутасці раёна ў малюнках. Суседнічаюць з імі гульні, якія дапамагаюць замацаваць атрыманыя веды.
Блок, прысвечаны вытворчасці Рэспублікі Беларусь, для прыкладу, — з элементамі інтэрактыву. Маленькія госці не проста даведаюцца, што на якім прадпрыемстве краіны вырабляецца, але і ў гульнявой форме размяркоўваюць таблічкі з гатовай прадукцыяй у патрэбных тэматычных блоках. У працяг тэмы з задавальненнем малыя складаюць з вялізных (у суадносінах да іх росту) кубікаў карцінку з выявай камбайна.
У адукацыйнай прасторы дашкольнай установы ўсё прадумана да дробязей, і нават гэты гульнявы момант праходзіць на фоне цікавага і разам з тым сімвалічнага афармлення: ва ўсю сцяну намалявана карта раёна, дзе кожны кавалак зямлі апрацоўваецца ўжо знаёмым дзецям “Беларусам”.
— Менавіта з гэтай карты і пачалося ўнутранае ператварэнне нашага сада. Яна стала для дзяцей своеасаблівым вучэбным дапаможнікам па вывучэнні роднага краю, — гаворыць Настасся Кулеш.
У пачатку лістапада Астравец наведваў Аляксандр Лукашэнка. Двое дашкольнікаў уручылі Прэзідэнту саламянага анёла. Сярод іх — выхаванец дзіцячага сада № 5 Канстанцін Арлоўскі.
Зразумела, музейны пакой дзіцячага сада № 5 аформлены ў выглядзе беларускай хаты. Тут праходзяць экскурсіі і заняткі для маленькіх беларусаў, а таксама майстар-класы па вырабе лялек-абярэгаў.
— Плануем ажыццявіць яшчэ шмат ідэй. Так, у будучыні на трэцім паверсе зойме сваё месца тэматычны блок “Па старонках Чырвонай кнігі” і “Хлеб усяму галава” з аповедам пра тое, якой працай духмяныя булачкі і хлеб трапляюць на стол кожнага жыхара Беларусі, — працягвае Настасся Іванаўна.
Беларускі каларыт у дашкольнай установе прысутнічае не толькі ў афарміцельскіх рашэннях. Тры групы выхаванцаў — з беларускамоўным навучаннем.
— Падказваюць ідэі з акцэнтам на беларускасці і дапамагаюць у іх увасабленні заўсёды нашы творчыя супрацоўнікі. Педагагічны калектыў установы — 62 чалавекі. Каля паловы з іх — маладыя спецыялісты. За кожным замацаваны вопытны настаўнік. Прычым не толькі непасрэдна з дзіцячага сада № 5, — акцэнтуючы ўвагу на сваёй камандзе аднадумцаў, дадала Настасся Кулеш.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара