Івацэвіцкая зямля славіцца маляўнічымі краявідамі, цікавым мінулым, знакамітымі ўраджэнцамі, народнымі звычаямі… З гэтага пераліку можна вылучыць дзве галоўныя візітоўкі краю: велічны палац Пуслоўскіх і сядзібу Касцюшкаў, дзе ў лютым 1746 года нарадзіўся нацыянальны герой Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Якую ролю ў аднаўленні і захаванні гэтай спадчыны выконваюць мясцовыя настаўнікі і вучні? Якім чынам педагогі Косаўскай сярэдняй школы выкарыстоўваюць адметнасці роднай зямлі ў правядзенні выхаваўчай работы?
Краіна замкаў і палацаў?
Беларусь усё яшчэ называюць краінай замкаў і палацаў. Хаця, калі падчас камандзіровак наведваеш закінутыя, амаль разбураныя палацы, дзе калісьці гучалі мазуркі і паланэзы, а цяпер валяецца папера, пластыкавыя бутэлькі, бітае шкло, міжволі пачынаеш сумнявацца ў справядлівасці такога выказвання. Безумоўна, добра, што дзяржава выдзяляе сродкі на аднаўленне помнікаў архітэктуры, аднак не менш важна фарміраваць у людзей і ў першую чаргу ў моладзі павагу і любоў да той спадчыны, што пакінулі нам мінулыя пакаленні, у тым ліку прадстаўнікі знакамітых шляхецкіх і магнацкіх родаў. А тое, што з пачуццём павагі да мінулага ў нашым грамадстве ёсць праблемы, пацвярджаюць дзясяткі зарослых кустоўем і пустазеллем палацаў, што самотна стаяць на Палессі і Прыдзвінні, на Падняпроўі і Панямонні. Гэтая сумная рэальнасць прымушае задумацца: што паказваць гасцям нашай краіны, акрамя адноўленых замкаў у Міры і Нясвіжы? А як жа развіццё рэгіянальнага турызму? Патрэбна разнастайнасць, новыя брэнды. Хаця ўсё новае — гэта добра забытае старое. Калі ласка, амаль у кожным раёне захаваліся будынкі былых панскіх сядзіб, якія можна адрадзіць і разрэкламаваць праз інтэрнэт з нацыянальным каларытам.
Вучнёўскія мары
Падобныя прапановы выказала падчас нашай гутаркі настаўніца гісторыі Косаўскай сярэдняй школы Наталля Яўгенаўна Бялевіч. Дакладней, гэта не яе асабістыя думкі, а развагі і мары вучняў, удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу “Нам засталася спадчына”, што праводзіўся ў 2002 годзе ў рамках святкавання Дня Зямлі. За конкурсны праект “Марачоўшчына: учора, сёння, заўтра. Думкі пра мінулае, слова пра цяперашняе, мары пра будучыню” косаўскія вучні атрымалі дыплом І ступені. У грунтоўнай і цікавай рабоце вучні не толькі расказалі пра мінулае ўрочышча Марачоўшчына, але і выказалі думкі адносна рэканструкцыі палаца і адраджэння дома Касцюшкі.
“У гарадка Косава багатае мінулае і, спадзяёмся, цікавая будучыня. І гэтую будучыню мы звязваем з былым фальваркам Марачоўшчына. Цяпер Марачоўшчына мае адначасова жаласны і велічны выгляд: дома Касцюшкі ўжо даўно няма, а на гэтым месцы толькі камень, які нагадвае пра тое, што тут нарадзіўся герой. Ад прыгожага палаца Пуслоўскіх, пабудаванага ў першай палове ХІХ стагоддзя, засталіся толькі сцены, ды і тыя з кожным годам усё больш і больш разбураюцца. Мы разумеем і ведаем, што неабходна ратаваць Марачоўшчыну. Менавіта з гэтым ратаваннем мы звязваем росквіт Косава, таму вырашылі спраектаваць будучыню Марачоўшчыны”, — пісалі вучні ў 2002 годзе.
Усе работы па аднаўленні Марачоўшчыны аўтары праекта падзялілі на тры этапы: падрыхтоўчы, рэстаўрацыйныя работы па аднаўленні сядзібы Касцюшкаў, рэстаўрацыя палаца Пуслоўскіх. Забягаючы крыху наперад, адзначу, што ў 2004 годзе быў адбудаваны дом Касцюшкі, а цяпер вядзецца рэканструкцыя палаца.
Але, хто ведае, ці пачалася б гэтая рэканструкцыя, калі б не імпэт, зацікаўленасць і неабыякавая грамадзянская пазіцыя настаўнікаў і вучняў, у прыватнасці Наталлі Яўгенаўны Бялевіч, якая разам са сваімі выхаванцамі і былым старшынёй Косаўскага гарадскога савета дэпутатаў Тамарай Пятроўнай Хінко “ўзбройваліся” пасля заняткаў рыдлёўкамі, сякерамі, граблямі, венікамі, насілкамі і накіроўваліся да знакамітага палаца-замка. На той час мала што нагадвала пра яго былую веліч: паркавыя алеі, па якіх любілі прагульвацца колішнія ўладары гэтых мясцін, зараслі падлескам, травой, а кустоўе нават дабралася да палацавых сцен і пачало заглядваць у вокны, што знаходзяцца ад зямлі на вышыні ў некалькі метраў. Гэта яшчэ не ўсё. Што рабілася ў сярэдзіне, можна толькі ўявіць. Смецце, смецце, смецце… Акрамя таго, непрыстойныя надпісы ў некалі шыкоўных пакоях, акурат на тым самым месцы, дзе віселі работы знакамітых мастакоў мінулых стагоддзяў. Аднак некалькі дзён напружанай працы — і палац набыў больш радасны выгляд.
Каб аднавіўся дом Касцюшкі, а да помнікаў архітэктуры былі пракладзены асфальтаваныя дарогі, з’явілася паркоўка для аўтатранспарту; каб быў закладзены прыгожы парк або батанічны сад, на базе якога школьнікі маглі б займацца навукова-даследчай біялагічнай і экалагічнай работай; каб на адной з палацавых веж была створана назіральная пляцоўка, адкуль турысты маглі б любавацца косаўскімі краявідамі; каб у палацавых пакоях з’явіліся музей панскага жыцця, бібліятэка, кавярня, рэстаран беларускай нацыянальнай кухні, інтэрнэт-клуб, спецыяльная зала для правядзення выстаў і конкурсаў маладых музыкантаў, спевакоў; каб у Косаве былі адкрыты некалькі крам, дзе турыстам прапаноўваліся б сувеніры, створаныя народнымі ўмельцамі; каб была адноўлена прыгожая ўязная брама…
Што ж, пажаданні, як бачна, цікавыя, практычныя, накіраваныя на развіццё турысцкай інфраструктуры роднай зямлі. Некалькі мар ужо спраўдзілася: адноўлены дом Касцюшкі, каля яго створана паркоўка для аўтатранспарту. Прычым непасрэдна косаўскія настаўнікі і вучні рэалізоўваюць свае мары. Акрамя таго, што навялі чысціню на тэрыторыі палаца і, па сутнасці, падрыхтавалі будынак да рэканструкцыі, яны ўдзельнічалі ў раскопках падмурка дома Касцюшкі, а потым, разам з будаўнікамі і супрацоўнікамі Міністэрства культуры, аднаўлялі драўляную сядзібу, крылі чаротам дах.
Пра крыштальную залу
Акрамя маральнага задавальнення і слоў падзякі, праведзеная работа прынесла і практычныя вынікі: у палацавых пакоях і на месцы падмурку Касцюшкавай сядзібы вучні знайшлі некалькі цікавых прадметаў даўніны, якія сталі экспанатамі школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Цяпер музейныя экскурсіі сталі больш цікавыя. Аповед пра жыццё Пуслоўскіх, акрамя старых чорна-белых фотаздымкаў, на якіх палац адлюстраваны ва ўсёй велічы і прыгажосці, дапаўняецца і шыкоўнай дзвярной ручкай, падобнай на чарніліцу, пісарскімі прыладамі, гузікамі, арыгінальным пенснэ.
Многія фотаздымкі-экспанаты зроблены ў пачатку ХХ стагоддзя фоталетапісцам косаўскай зямлі Юзафам Шыманчыкам. Ён, напэўна, выдатна разумеў, што з наступленнем навукова-тэхнічнага прагрэсу, у выніку магчымых войнаў, родны край зменіцца да непазнавальнасці і праз некалькі дзесяцігоддзяў фотаздымкі набудуць асаблівую каштоўнасць, таму фатаграфаваў і побытавае жыццё палешукоў, і панскія палацы, і мясцовыя краявіды. У многім, дзякуючы работам Юзафа Шыманчыка, быў адноўлены дом Касцюшкі, распрацаваны праект рэканструкцыі палаца Пуслоўскіх. Падчас экскурсіі наведвальнікаў школьнага музея асабліва цікавіць фотаздымак, дзе на фоне палацавых веж адлюстраваны вуллі. Як адзначыла Наталля Яўгенаўна, нічога дзіўнага ў гэтым няма. Справа ў тым, што ў 1920-я гады ў палацавых пакоях размяшчалася школа агароднікаў і садаводаў. А вось крыху пазней, у гады Вялікай Айчыннай вайны, палац быў спалены.
Лёс, канечне, незайздросны, аднак яго раздзялілі многія сядзібы, што засталіся нам у спадчыну ад колішніх уладароў беларускіх зямель. З-за таго, што звестак пра ўнутранае ўбранства палаца Пуслоўскіх захавалася няшмат, яго рэканструкцыя ўскладняецца. Аднак нават тая невялікая інфармацыя, што вядома гісторыкам і краязнаўцам, сведчыць пра былую шыкоўнасць пакояў.
— Калісьці мая бабуля расказвала, што кожны з пакояў быў адметны, не падобны да іншых. Асабліва ўражвала гасцей парадная зала са шкляной падлогай, пад якой знаходзіўся акварыум з экзатычнымі рыбкамі. Гэтую залу называлі крыштальнай. Старажылы гавораць, што для аховы палаца Пуслоўскія трымалі ў бясконцых лабірынтах падвала льва, які блукаў уначы па калідорах палаца. А яшчэ вядома легенда, што паміж косаўскім і ружанскім палацамі існуе падземны ход, — сказала Наталля Яўгенаўна.
Праўда тое, ці не, невядома, аднак, калі Пуслоўскія пабудавалі палац такой незвычайнай архітэктуры, то чаму б ім не стварыць крыштальную залу, выкапаць падземны ход і трымаць льва? Можа, гэта і легенды, аднак яны, безумоўна, маюць права на існаванне і могуць служыць заманлівай прапановай для турыстаў. Уявіце назвы экскурсій: “У пошуках падземнага хода”, “Цуды крыштальнай залы”.
Краязнаўцам у дапамогу
Усе дзівосы і адметнасці роднай зямлі косаўскія вучні даследуюць на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, яшчэ з таго часу, калі школа размяшчалася ў старым будынку. Гэтай справай займаліся многія настаўнікі, напрыклад, Галіна Міхайлаўна Альховік, Міхаіл Уладзіміравіч Дылько, Таццяна Фёдараўна Валюк. Як адзначыла намеснік дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Святлана Алегаўна Гарайнава, цяпер даследчая работа вядзецца пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Наталлі Яўгенаўны Бялевіч. Менавіта па яе ініцыятыве косаўскія вучні аднымі з першых у краіне распрацавалі вышэйзгаданы праект аднаўлення палаца і адраджэння Касцюшкавай сядзібы.
Ганарацца настаўнікі і вучэбным дапаможнікам “Край мой родны — Косаўшчына”, матэрыялы якога выкарыстоўваюцца на занятках па гісторыі, геаграфіі, біялогіі, літаратуры, мове, на факультатывах. У раздзелах дапаможніка родная зямля паўстае ва ўсёй прыгажосці і разнастайнасці. Змест пабудаваны такім чынам, каб заняткі па радзімазнаўстве былі для вучняў не марнаваннем часу, а захапляльнай і цікавай справай. Пасля кожнага раздзела даюцца даведкі. Так, у тэме “Населеныя пункты і помнікі раёна” тлумачыцца значэнне такіх паняццяў, як засценак, мястэчка, слабада, фальварак, хутар. Пасля даведкі прапаноўваюцца творчыя заданні і парады. Для таго, каб вучні сапраўды палюбілі дапаможнік, калектыў аўтараў размясціў у ім і раздзел “Цікава”. Мне даводзілася знаёміцца са зместам розных дапаможнікаў і брашур на тэму радзімазнаўства, аднак работа косаўскіх настаўнікаў, бясспрэчна, з’яўляецца адной з лепшых у краіне.
— Наша зямля славіцца не толькі палацам і сядзібай Касцюшкаў. Напрыклад, на старых каталіцкіх могілках знаходзіцца магіла ўдзельнікаў паўстання 1863 года. Непадалёк ад палаца — месца расстрэлу косаўскіх яўрэяў. Два гады назад ў школе пачаў дзейнічаць клуб “Светач”, удзельнікі якога пад кіраўніцтвам Наталлі Уладзіміраўны Сушко распрацавалі праект “Ніхто не забыты”, прысвечаны захаванню памяці пра расстраляных людзей. У рамках рэалізацыі праекта вучні ачысцілі месца, што называецца яўрэйскай гарой, ад кустоўя і смецця, цяпер мы плануем устанавіць там помнік, — расказала Святлана Алегаўна.
Шляхецкая атмасфера
Сустрэча з помнікам архітэктуры нечым нагадвае першае спатканне з чалавекам, якога ты ведаў толькі па здымках. Здаецца, ужо дасканала вывучыў яго знешні выгляд, кожную рысу твару, можаш нават меркаваць пра характар. Аднак завочнае знаёмства ёсць завочнае. На фотаздымку ты не адчуеш своеасаблівую энергетыку сцен, якія памятаюць былых уладароў, іх мову, паводзіны, звычкі. Таму пасля знаёмства з адметнасцямі івацэвіцкай зямлі, якое прайшло ў музейнай зале, дырэктар Косаўскай сярэдняй школы Алег Васільевіч Раўчэня прапанаваў наведацца ў Марачоўшчыну і завітаць у адбудаваны дом Касцюшкі, паблукаць па пакоях палаца Пуслоўскіх.
Шчыра кажучы, я спачатку засумняваўся ў тым, што падчас экскурсіі ў доме Касцюшкі можна здзейсніць падарожжа ў часе. Усё ж такі гэта навабуд, бярвенне, мэбля, падлога не памятаюць нашага знакамітага земляка, які пражыў у Марачоўшчыне да 9-гадовага ўзросту. Аднак я памыліўся. Супрацоўнікі дома-музея зрабілі сапраўдны цуд. Музейшчыкі змаглі стварыць атмасферу мінулага. Не ведаю, можа, дзякуючы таму, што музей стаіць на тым самым падмурку, дзе некалі знаходзіўся сапраўдны дом Касцюшкі, ці таму, што ў афармленні пакояў выкарыстана аўтэнтычная мэбля мінулых стагоддзяў, змешчаны партрэты прадстаўнікоў роду Касцюшкаў, карціна-радавод, але шляхецкая атмасфера тут адчуваецца дакладна.
— Урачыстае адкрыццё дома Касцюшкі адбылося 23 верасня 2004 года. У будаўніцтве ўдзельнічалі і мясцовыя настаўнікі, і вучні. Дом-музей складаецца з пяці пакояў мемарыяльнай часткі, аднаго пакоя гістарычнай часткі і двух службовых пакояў. У афармленні экспазіцыі мемарыяльнай часткі, якая створана ў шляхецкім стылі, выкарыстана мэбля і посуд XVIII — пачатку ХІХ стагоддзяў. А ў адноўленым дзіцячым пакоі Тадэвуша Касцюшкі на сцяне вісяць партрэты яго дзядулі, бабулі і маці Тэклі Ратомскай. На жаль, выяву бацькі мы не змаглі знайсці нават у архівах Польшчы, — сказала дырэктар музея Ірына Станіславаўна Анціпенка.
Усіх таямніц дома Касцюшкі раскрываць не буду. Калі вы, паважаныя чытачы, хочаце пра іх даведацца, то лепш самі прыязджайце на Косаўшчыну! Скажу толькі адно. Калі глядзіш на музейныя фотаздымкі, дзе паказана, як мясцовыя настаўнікі і вучні рэалізоўваюць свае мары і дапамагаюць аднаўляць дом Касцюшкі, разумееш, што добрыя сяброўскія адносіны, наладжаныя паміж Косаўскай сярэдняй школай і домам-музеем Тадэвуша Касцюшкі, з’яўляюцца выдатным прыкладам плённага супрацоўніцтва паміж установай адукацыі і музеем сістэмы культуры, таго супрацоўніцтва, пра якое так часта гаворыцца на розных семінарах і нарадах. Так што педагогам і музейшчыкам краіны ёсць чаму павучыцца ў косаўскіх калег.
Нерытарычныя пытанні
А закончылася вандроўка па ваколіцах Косава з наведвання палаца Пуслоўскіх. Калі мы ўглядаліся ў стромкія неагатычныя вежы, Алег Васільевіч расказаў, што некалі ў кожным палацавым пакоі віселі шыкоўныя габелены і дываны, знаходзіліся каміны, упрыгожаныя скульптурамі, мармурам і аздобленыя зялёнай і карычневай кафляй. Адной з адметнасцей палаца была ўнікальная вентыляцыя, якая служыла для праветрывання і абагрэву пакояў. А вось выдатная акустыка адчуваецца і цяпер. Падчас блукання па напаўразбураных пакоях я спытаў у дырэктара школы: “Дык ці спраўдзяцца мары вашых вучняў? Ці набудзе палац такі ж самы выгляд, як на старадаўніх карцінах і фотаздымках Юзафа Шыманчыка? Ці будуць турысты пасля завяршэння рэканструкцыі адчуваць атмасферу рамантычнага, так непадобнага да сучаснага мітуслівага жыцця, ХІХ стагоддзя?” Алег Васільевіч загадкава ўсміхнуўся. Ці мае пытанні былі рытарычнымі, ці ўсё ж такі вучнёўскія мары спраўдзяцца? Пакажа час…
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.