У «Чароўнай краіне» створаны ўсе ўмовы для інтэлектуальнага развіцця маленькіх несвіжан

- 11:22Репортаж

У 2020 годзе ў Нясвіжы з’явілася “Чароўная краіна” — дзіцячы сад № 1. У ім 12 незвычайных “гарадоў”, у якія заходзіш і дзіву даешся: настолькі ўсё мегасучасна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Нашы групы — своеасаблівыя гарады: Сонечны, Чароўны, Ізумрудны, Марскі, Казачны, Разумны, Вясёлкавы, Зорны, Кветкавы, Дружны і інш. На вуліцы ценявыя навесы — гэта таксама чароўны свет музыкі, спорту, прыроды, бяспекі, казак, — расказала загадчыца дзіцячага сада На­дзея Броцкая. — У нас па дзве ясельныя і малодшыя групы, дзве сярэднія і адна старшая група, а таксама дзве санаторныя рознаўзроставыя і тры групы інтэграванага навучання і выхавання. Заняткі ў іх праводзяцца з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці. Нашы супрацоўнікі робяць усё для таго, каб выхаванцам было цікава і радасна, а баць­кі не хваляваліся за сваіх малышоў. Дарэчы, зараз у садзе 196 выхаванцаў, але разлічаны ён на 230 хлопчыкаў і дзяўчынак.

У трохпавярховым будынку дашкольнай установы ёсць усё неабходнае для паўнавартаснага развіцця дзіцяці. Групавыя памяшканні абсталяваны якаснай мэб­ляй, мяккiм iнвентаром, развіццёвымі гульнямі і цацкамі, інтэрактыўнымі дошкамі. Ёсць свoй басейн, музычная, фізкультурная і трэнажорная залы, сенсорны і этнаграфічны пакоі, абсталяваны цэнтр бяспекі і іншыя гульнявыя зоны. Але пра ўсё па парадку.

У садзе створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага і гарманічнага развіцця 230 хлопчыкаў і дзяўчынак.

У нашай установе, адзінай у Нясвіжскім раёне, ёсць басейн. Ён трохузроўневы па глыбіні. Тэмпература вады — +30 градусаў. Нашы выхаванцы з трох гадоў вучацца плаваць, а заадно загартоў­ваюцца і ўмацоўваюць дзіцячы арганізм. Адначасова плаваннем займаецца максімум 10 дзетак, — адзначыла Надзея Іванаўна.

Пасля заняткаў у басейне частка дзяцей займаецца ў экалагічным холе, а частка бавіць час ля чатырохметровай інтэр­актыўнай сцяны “Кідалкі-навучалкі”. Яна мае 31 праграму. Усе яны накіраваны на развіццё лоўкасці, трапнасці, хуткасці, вынослівасці, спрытнасці, уважлі­васці, мэтанакіраванасці і нават таварыс­касці.

Захапляльнае праграмаванне

Інтэлектуальнаму развіццю маленькіх даследчыкаў Нясвіжа спрыяе створаны ва ўстанове STEM-цэнтр з 3D-мадэляваннем, праграмаваннем, LEGO-канструя­ваннем і робататэхнікай.

Пакуль у нас тры падгрупы, у кожнай займаецца па 6 дзетак. Пачынаецца навучанне 4-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак з асваення базавага ўзроўню — “Робамышкі”. Малышы вучацца праграмаваць мышку з дапамогай спецыяльных картак, каб яна пасля самастойна змагла прайсці зададзены маршрут па палатне. На другой ступені STEM-адукацыі дзеткі 5 гадоў знаёмяцца з адукацыйным робатам KUBO Coding на аснове галаваломак. Прычым ім не абавязкова ўмець чытаць, бо яны выкарыстоўваюць пры стварэнні праграмы спецыяльныя пазлы з напрамкам руху. Пасля запраграмаваны робат перамяшчаецца на двух колах па зададзеных алгарытмах на гульнявым полі. Прыемны дызайн і адсутнасць вострых вуглоў робяць пра­цэс гульні камфортным і бяспечным, — патлумачыла загадчыца сада.

Па яе словах, на трэцяй ступені навучання ў STEM-цэнтры дзеці працуюць з робатам botley, які знаёміць іх з асновамі пакрокавага праграмавання і логікі. Вotley не мае дысплэя і не патрабуе камп’ютара ці тэлефона для яго актывацыі. У камплекце ёсць просты і зразумелы пульт, які перадае каманды робату, а той дакладна іх выконвае. З дапамогай botley дзеці вучацца складаць алгарытмы, планаваць этапы і час сваёй дзейнасці, аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю і выбіраць аптымальны варыянт для рашэння задачы.

Дзіцячы сад № 1 Нясвіжа — беларускі праект з безбар’ерным асяроддзем. Айчынныя будаўнікі з генпадраднай арганізацыі ТАА “Продом” узвялі яго ўсяго за 10 месяцаў.

Такія робатызаваныя цацкі робяць працэс праграмавання зразумелым нават для самых маленькіх і добра развіваюць памяць, мысленне, логіку, вучаць аналізаваць і прымаць рашэнні, камунікаваць і працаваць у каман­дзе. Да таго ж у нашым STEM-цэнтры праводзяцца заняткі па LEGO-канструяванні, на якіх дзеці займаюцца пазнавальна-даследчай і канструктарска-тэхнічнай дзейнасцю. Такім чынам мы развіваем у нашых выхаванцаў якасці, якія спатрэбяцца ім у далейшым жыцці — у школе і нават пры выбары прафесіі, — пераканана Надзея Броцкая.

Асновы бяспекі і здароўя

У дзіцячым садзе № 1 Нясвіжа ў мінулым годзе сумесна з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях быў створаны рэсурсны цэнтр “Бяспека жыцця­дзейнасці выхаванцаў”.

У ім малышы атрымліваюць навыкі бяспечнага абыходжання з бытавымі прыборамі, электрычнасцю і лекамі, а таксама правільных паводзін на вадзе і дарозе. Мы павінны з самага ранняга ўзросту прывучаць дзяцей да тых магчымых праблемных сітуацый, якія могуць узнікаць у жыцці, — сказала загадчыца ўстановы.

У садзе, акрамя авалодвання правіламі бяспекі, дзеці мо­гуць пачаць вывучаць англійскую мову, вучыцца маляванню, гульні ў шахматы і шашкі, дэкаратыўна-прык­ладному мастацтву і ручному ткацтву на прыкладзе тэхналогіі габеленапляцення.

Па сучасных тэхналогіях абсталяваны і медыцынскі блок, бо тут функцыянуюць дзве санаторныя групы. У блоку ёсць ізалятары, кабінет фізіятэрапіі, масажны і працэдурны, кабінет урача. Тут дзеці праходзяць лячэнне на ранняй стадыі захворвання, не звяртаю­чыся ў паліклініку.

На дваровай тэрыторыі ўстановы размясціліся гульнявыя і фізкультурная пляцоўкі, дарожка для язды на веласіпедах і самакатах, пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху, абсталяваны тэматычныя гульнявыя пляцоўкі, дызайн якіх распрацавалі навучэнцы Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа.

Дарэчы, навучэнцы кале­джа па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” штогод прыхо­дзяць да нас на практыку на 2 і 3 курсе. А пару дзён назад пасля паспяховага праходжання пераддыпломнай практыкі адна з дзяўчат, маючы свабодны дыплом, папрасілася да нас на работу. І хутчэй за ўсё мы яе возьмем, — паведаміла Надзея Іванаўна.

Малышам пра экалогію

Ва ўстанове паспяхова рэалізуюцца педагагічныя праекты. Адзін з іх — праект “Фарміраванне экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту ў пра­цэсе арганізацыі праектнай дзейнасці”.

Па словах распрацоўшчыцы праекта Надзеі Броцкай, наведванне дашкольных устаноў, назіранні за работай педагогаў, гутаркі з дзецьмі паказалі, што да­школьнікі праяўляюць вялікую цікавасць да прыроды, але веды, якія яны атрымліваюць, часам урыўкавыя і бессістэмныя. Неразуменне ўзаемасувязей паміж жывым і нежывым у прыродзе, няўменне растлумачыць свае назіранні, зрабіць правільныя высновы вядуць да парушэнняў экалагічных норм і законаў. Часам узнікае адчуванне, што дзеці ставяцца да жывых аб’ектаў прыроды як да неадушаўлёных прадметаў.

Сёння ў дашкольнай педагогіцы вялікая ўвага ўдзяляецца экалагічнаму выхаванню. Каб у дзяцей сфарміраваліся экалагічныя ўяўленні, ім неабходна назі­раць за аб’ектамі і з’явамі прыроды. Назіранне за дзейнасцю дарослых па доглядзе насаджэнняў, пасільная дапамога ім садзейнічаюць вывучэнню раслін і выхоўваюць у хлопчыкаў і дзяўчынак любоў да працы, — расказала загадчыца сада.

Менавіта з гэтай мэтай на тэрыторыі ўстановы створана экалагічная сцежка з 17 станцыямі.

Адна з іх — міні-агарод, на якім кожная група мае сваю ячэйку, дзе дзеткі разам з выхавальнікамі вырошчваюць агародніну. Расліны, якія растуць на гэтых участках, даюць малышам найбагацейшы пазнавальны матэрыял, а педагогу — магчымасці для рэалізацыі паўнацэннага экалагічнага выхавання. Яшчэ ў нас ёсць станцыі: фруктовы сад з яблынямі і грушамі, сялянскі двор, сажалка, лес, метэастанцыя, кветкавая паляна, луг і інш. Разнастайнасць форм, яркая гама кветак, кустоў, дрэў выклікаюць шматлікія ўражанні ў дзяцей і фарміруюць у іх творчы настрой, — лічыць Надзея Іванаўна.

Такім чынам, уся адукацыйная прастора ўстановы робіць пра­цэс навучання цікавым, разнастайным, эфектыўным і развіццёвым.

Зладжанасць і эфектыўнасць

Калектыў дзіцячага сада № 1 Нясвіжа працуе зладжана і эфектыўна. Гэта і нядзіўна, бо тут не толькі выдатная матэрыяльная база, але і цудоўны псіхалагічны мікраклімат, падтрымліваць які загадчыцы сада дапамагаюць прафесійная кемлівасць, веданне асноў псіхалогіі, тактоўнасць і ра­зумная патрабавальнасць.

Наш калектыў — гэта творчы саюз аднадумцаў, намаганні якога накіраваны на тое, каб наша “Чароўная краіна” была сапраўдным цэнтрам развіцця і творчасці маленькіх несвіжан. У нас працу­юць 19 вопытных педагогаў са шматгадовым стажам і 5 маладых спецыялістаў. Усе яны адданыя прафесіі, любяць сваіх выхаванцаў, стараюцца зацікавіць і развіць кожнага, — рэзюмавала На­дзея Броцкая.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА