У чэмпіянаце прафесійнага майстэрства «Прафесіяналы» беларускія ўдзельнікі заваявалі 13 узнагарод

- 12:14Новости

У Санкт-Пецярбургу падведзены вынікі чэмпіянату прафесійнага майстэрства «Прафесіяналы», у якім прынялі ўдзел больш за 700 чалавек, у тым ліку з Беларусі. Як праходзіў турнір, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела арганізацыйна-метадычнага забеспячэння міжнародных праектаў і конкурсаў прафесійнага майстэрства РІПА Зоя Александровіч.

Для канкурсантаў і экспертаў былі адведзены тры спаборніцкія дні. Беларускія ўдзельнікі адразу ўзялі выдатны старт і трымалі першыя пазіцыі да заканчэння спаборніцтва. У выніку ў кожнай з 13 кампетэнцый, дзе яны выступалі, заваявалі прызавыя месцы.

Так, сярэбраныя медалі ў наступных кампетэнцыях выйгралі:

– «Інжынерны дызайн САПР» — навучэнец філіяла БНТУ «Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж» Станіслаў Задворнаў,

– «Кузаўны рамонт» — ваеннаслужачы Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь Павел Валчэцкі,

– «Лабараторны хімічны аналіз» — навучэнка філіяла РІПА «Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж» Паліна Калбаснік,

– «Мехатроніка» (камандная кампетэнцыя) — студэнты Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Уладзімір Поклад і Максім Тарапко,

– «Праграмныя рашэнні для бізнесу» — навучэнец Мінскага дзяржаўнага каледжа лічбавых тэхналогій Юрый Раткевіч,

– «Рамонт і абслугоўванне легкавых аўтамабіляў» — навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага Марцін Булаўскі,

– «Зварачныя тэхналогіі» — майстар вытворчага навучання філіяла РІПА «Індустрыяльна-педагагічны каледж» Пётр Татусь,

– «Сеткавае і сістэмнае адміністраванне» — навучэнец Віцебскага дзяржаўнага каледжа электратэхнікі Міраслаў Арэшчанка,

– «Такарныя работы на станках з ЛПК» — навучэнец філіяла РІПА «Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе» Мацвей Курносаў,

– «Фрэзерныя работы на станках з ЛПК» — майстар вытворчага навучання філіяла РІПА «Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе» Андрэй Афанасьеў,

– «Электрамантаж» — навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа Антон Бяганскі,

– «Электроніка» — навучэнец Гомельскага дзяржаўнага каледжа электронікі і інфармацыйных тэхналогій Алег Зайцаў.

У кампетэнцыі «Мабільная робататэхніка» (каманднай) студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Уладзімір Малый і Іван Весялуха заваявалі бронзавыя медалі.

Як расказала З. Александровіч, паралельна са спаборніцтвамі праходзіла цікавая разнапланавая дзелавая праграма, у якой у тым ліку прынялі ўдзел прадстаўнікі навучальных устаноў прафесійнай адукацыі, майстры і выкладчыкі каледжаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. У яе рамках адбылося пленарнае пасяджэнне па тэме прафесійнай падрыхтоўкі і прафарыентацыі моладзі, уплыву такіх конкурсаў на сферу прафесійнай адукацыі. Таксама беларуская дэлегацыя наведала каледжы Санкт-Пецярбурга, дзе акрамя азнаямлення з сучаснай вучэбна-вытворчай базай падзялілася сваім прафесійным вопытам і дасягненнямі з расійскімі калегамі. Былі заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве.

Ала КЛЮЙКО
Фота з сайта РІПА