У чым сакрэт сямейнага выхавання педагогаў Дзмітрыя і Вольгі Луцык з Маларытчыны?

- 9:00Главная, Новости

У чым сакрэт сямейнага выхавання педагогаў Дзмітрыя і Вольгі Луцык з Маларытчыны?

— Тата, ці хутка завершым? — часта пытаўся Данііл у таты Дзмітрыя Вітальевіча, якому на працягу тыдня дапамагаў “размалёўваць” адну са сцен фасада дзіцячага сада № 4 Маларыты. — Прыгожым будзе ў нас дзіцячы сад!

— Хутка-хутка! — падба­дзёрваў тата няўседлівага сына і жартам дадаваў: — Многае ад цябе залежыць! Больш пафарбуеш сёння — хутчэй разам намалюем задуманае.

— Трэба спяшацца, каб дзеці з маёй групы ўбачылі нашу работу, калі прыйдуць у сад пасля рамонту, — сур’ёзна гаварыў Данііл, абмакваючы пэндзаль у светла-­блакітную фарбу і старанна фарбуючы сцяну.

Дапамагала завяршыць работу і мама Вольга Ула­дзіміраўна, якая штодзень прыходзіла ва ўстанову з пяцімесячным сынам. Пакуль ён спаў, жанчына таксама брала ў рукі пэндзаль і па накідах штосьці вымалёўвала.

Праз тыдзень на сцяне памерам прыкладна 3 на 7 метраў з’явіўся арыгінальны мурал з мясцовым краявідам: сярод дрэў на коміне дома ў гняз­дзе — бусліха з двума буслянятамі, да якой, расправіўшы крылы, падлятае тата-бусел. Многія дзеці, прыйшоўшы ва ўстанову пасля рамонту, прасілі мам і татаў сфатаграфавацца на фоне гэтай карціны. У выніку мурал стаў фотазонай, якая надала ўстанове непаўторны выгляд. А бацькі і дзеці выказвалі шчырую падзяку мастакам за такую прыгажосць.

Між іншым гэта не першая сумесная справа Вольгі і Дзмітрыя Луцык. Па ініцыятыве Дзмітрыя Вітальевіча сям’я не раз удзельнічала ў раённых і абласных этапах конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”.

Па словах загадчыцы дзіцячага сада Надзеі Пстыга, Дзмітрый Луцык — чалавек лёгкі на пад’ём. Разам з сынам Даніілам актыўна далучаецца да шматлікіх мерапрыемстваў, якія ладзяцца ва ўстанове з бацькамі і дзецьмі. Данііл вельмі любіць дапама­гаць тату. Так, дзякуючы іх намаганням, у дзіцячым садзе да 9 Мая з’явіліся “Вокны Перамогі”, а да Новага года былі старанна размаляваны дзівоснымі зімовымі ўзорамі вокны ўстановы. Зрэшты, да дзяржаўных свят у ёй абавязкова рыхтуецца тэматычная пляцоўка, у афармленні якой заўсёды ўдзельнічае Дзмітрый Луцык і яго надзейны памочнік Данііл. Прыгожа аформленыя гульнявыя пляцоўкі таксама справа іх рук.

Каб лепш зразумець душу беларусаў, лічаць бацькі, трэба далучаць дзяцей да агульначалавечых каштоўнасцей і свайго мінулага. Зварот да спадчыны выхоўвае павагу і гордасць за родную зямлю.

Дзмітрый Вітальевіч з маленства прывучае старэйшага сына не толькі да сумеснай працы, але і да беражлівасці. Дзіцячы сад з’яўляецца пунктам збору акцыі “Новае жыццё ў абмен на накрыўкі”. Некалькі разоў на месяц, як дома назбіраецца пэўная колькасць такіх накрывак, Данііл сам вечарам складае іх у пакет, каб ранкам прынесці сюды. Хлопчык прапануе далучыцца да важнай справы і іншым дзецям.

У Вольгі і Дзмітрыя Луцык шмат агульных інтарэсаў. Яны працуюць у Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школе мастацтваў. Вольга Уладзіміраўна да дэкрэтнага водпуску шчыравала настаўніцай эстраднага вакальнага аддзялення, а Дзмітрый Вітальевіч працуе педагогам аддзялення выяўленчага мастацтва. У тагачасным Кобрынскім дзяржаўным мастацкім ПТК ён набыў спецыяльнасць мастака-афарміцеля, дызайнера і настаўніка выяўленчага мастацтва і чарчэння.

Мастацкай дзейнасцю ў Маларыце Дзмітрый Луцык займаўся два гады ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка: на заказ пісаў модульныя карціны і партрэты, распісваў сцены, ляпіў рэльефы і барэльефы… Але ў душы ён заставаўся настаўнікам. У выніку цяга да педагогікі аказалася мацнейшай, тым больш пасля вучобы на факультэце мастацтваў ГрДУ імя Янкі Купалы, дзе ён набыў спецыяльнасць педагога-мастака.

Дзмітрый Вітальевіч захапіўся лічбавым жывапісам. Да гэтага ён пісаў алеем, ствараючы рэалістычныя карціны. А рэалізм — кісларод для лічбавага жывапісу. Карціны, якія ад пачатку да іх поўнага завяршэння створаны ў графічным рэдактары з дапамогай пяра, — новы кірунак у выяўленчым мастацтве. Камп’ютар у лічбавым жывапісе — такі ж інструмент, як пэндзаль і мальберт. Камп’ютарны мастак, безумоўна, павінен ведаць найперш асновы акадэмічнага малюнка і жывапісу. А каб работы радавалі вока, неабходна ведаць і ўмець прымяняць законы перспектывы, тэорыю колеру, блікі, рэфлексы, мець развітое пачуццё кампазіцыі і вакамер. Работа пачынаецца з эскіза, а пасля прапрацоўваюцца ўсе дэталі. Ёсць у Дзмітрыя Луцыка і модульныя карціны — звычайныя карціны, раздзеленыя на модулі (часткі, сегменты) і звязаныя паміж сабой агульнай тэмай ці ідэяй.

Да творчасці Дзмітрый Віталье­віч паступова далучае і сына Данііла, з якім найчасцей малюе карціны роднай прыроды. А яна на Маларытчыне надзвычай маляўнічая. Данііл стварае свае “шэдэўры” не толькі алоўкамі і фламастарамі, але і акварэльнымі фарбамі. Дарэчы, малюнак для мурала на фасадзе дашкольнай установы падказаў Данііл, які вельмі любіць буслоў. Хлопчык марыць пра ўласную персанальную выставу, напрыклад, у раённай бібліятэцы, дзе працуе яго бабуля. Засталося толькі намаляваць пэўную колькасць карцін. Данііл вырашыў, што адлюструе на іх прыгажосць малой радзімы: жывёл, расліны, кветкі… А яшчэ восень, якая яму вельмі падабаецца.

Разам з татам ён удзельнічае ў пленэрах, якія ладзіць Маларыцкая дзіцячая школа мастацтваў у гарадскім парку. У гэтым годзе яны сталі ўдзельнікамі ўрачыстага адкрыцця летняй аздараўленчай кампаніі “Няхай лета звонкае смяецца!” і гарадскога свята “Дзяцінства — цудоўная пара!”. З задавальненнем Данііл маляваў і падчас пленэру юных мастакоў “Маленькая карціна пра вялікі подзвіг”, прымеркаванага да чарговай гадавіны Вялікай Перамогі. На сваім малюнку хлопчык адлюстраваў зялёны луг, па якім бя­жыць дзяўчынка з кветкамі ў руках насустрач салдату.

Сям’я Луцык шануе народныя традыцыі і творчасць і актыўна ўдзельнічае ў тэматычных мерапрыемствах. Дзмітрый Вітальевіч гаворыць, што разам з жонкай імкнецца выхоўваць Данііла праз павагу да ўсяго роднага.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара
па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара