У чым сутнасць пастановы № 24 «Аб прававым выхаванні і асвеце грамадзян у 2024—2029 гадах»

- 12:05Новости, Школа управления

Саветам Міністраў прынята пастанова № 24 “Аб прававым выхаванні і асвеце грамадзян у 2024—2029 гадах”. 

Фота Алега Ігнатовіча выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Дакументам устаноўлены план мерапрыемстваў на названы перыяд, які ўключае:

  • прымяненне сучасных інструментаў кансультавання грамадзян па розных прававых пытаннях у мэтах забеспячэння іх прававой падтрымкай пры ўзнікненні розных жыццёвых сітуацый, у тым ліку з размяшчэннем тлумачэнняў прававога рэгулявання найбольш актуальных пытанняў жыцця­дзейнасці насельніцтва на дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсах, у спецыяльных рубрыках на афіцыйных сайтах дзяржаўных органаў, арганізацый і на іх старонках у сацыяльных сетках;
  • правядзенне штогадовага апытання грамадскай думкі па пытаннях прававой асветы;
  • рэалізацыю ў адукацыйным працэсе агульнаадукацыйных устаноў адукацыі вучэбных праграм факультатыўных заняткаў прававой накіраванасці:

           — “Правілы ў маім жыцці” для 2—4 класаў;

          — “Вучымся жыць у міры і згодзе” для 5—8 класаў;

          — “Будучыня пачынаецца сёння” для 3 (4), 6 (6), 7 (8) класаў;

          — “Асновы права” для 9—11 класаў;

          — “Даследуючы гуманітарнае права” для 8 (9, 10, 11) класа;

  • павышэнне ўзроўню правасвядомасці бацькоў у пытаннях забеспячэння абароны правоў дзіцяці і яго бяспекі шляхам рэалізацыі рэспубліканскага праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”;
  • распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйны працэс устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, устаноў агульнай сярэдняй адукацыі праграм аб’яднанняў па інтарэсах прававой накіраванасці;
  • размяшчэнне і абнаўленне на інфармацыйных стэндах (у кутках прававых ведаў), афіцыйных сайтах устаноў адукацыі памятак для навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў на тэму “Камп’ютарная бяспека”;
  • падрыхтоўку і накіраванне прэс-рэлізаў для размяшчэння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ў СМІ для своечасовага інфармавання грамадзян аб прынятых (выдадзеных) нарматыўных прававых актах, якія закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асоб і ўстанаўліваюць новыя або прынцыпова мяняюць існуючыя падыходы да прававога рэгулявання пэўнай сферы грамадскіх адносін;
  • стварэнне адаптаваных матэрыялаў прававой тэматыкі для непаўналетніх (відэаролікаў, інфаграфікі, алгарытмаў і інш.) і іх размяшчэнне на дзіцячым прававым сайце і ў яго сацыяльных сетках;
  • размяшчэнне інфармацыі аб папярэджванні правапарушэнняў, захаванні заканадаўства, папулярызацыі прававой культуры і законапаслухмянага ладу жыцця на рэкламных шчытах, білбордах, святлодыёдных відэаэкранах, у салонах грамадскага транспарту, а таксама на дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсах;
  • забеспячэнне функцыянавання і развіцця агульнадаступнага банка даных судовых рашэнняў і доступу да яго на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Усяго ў плане больш за 50 найменняў мерапрыемстваў, вызначаны таксама тэрміны іх выканання і выканаўцы.

Каардынаваць работу па выкананні плана даручана Міністэрству юстыцыі. Таксама на ведамства ўскладзены паўнамоц­твы па рэгулярным вывучэнні вопыту прававой работы з насельніцтвам, ацэнцы яе якасці і выніковасці, своечасовым прыняцці мер па яе ўдасканаленні.

Пастанова Савета Міністраў ад 24 лютага 2021 года № 107 “Аб прававой асвеце грамадзян у 2021—2025 гадах” прызнаецца страціўшай сілу.

Прававы акт накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых арганізацый па павышэнні ўзроўню правасвядомасці і прававой культуры грамадзян, фарміраванні іх законапаслухмяных і правамерных паводзін.

Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Па матэрыялах pravo.by падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ