У гімназіі № 1 Ваўкавыска вялікую ролю адводзяць музейнай педагогіцы. Сёння ў музеі баявой славы, які быў створаны больш чым 35 гадоў назад, праводзяцца ўрокі гісторыі, арганізоўваюцца экскурсіі для навучэнцаў іншых школ горада і раёна. Дакрануцца да гісторыі дапамагаюць 342 экспанаты, 216 з якіх — з асноўнага фонду. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Каб больш яскрава перадаць падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Ваўкавыскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, навучэнцы пад кіраўніцтвам педагогаў Паўла Эльяшэвіча і Ірыны Бушык робяць тэматычныя пастаноўкі. Музейная зала, дзе адбываецца асноўнае дзейства, абсталявана сістэмай стэрэагукавога суправаджэння і падсветкай. Надаць атмасфернасці дапамагаюць мантаж і гукавое суправаджэнне, але галоўная роля тут належыць менавіта вучням.
Падчас пастаноўкі навучэнцы пераўвасабляюцца ў простых людзей гадоў вайны, жыхароў Ваўкавыска, якія сталі ахвярамі вайны, прымяраюць на сябе вобразы партызан, падпольшчыкаў. Кожны з іх расказвае пра акупацыю, падпольны і партызанскі рух, суправаджае свой аповед музыкай ваенных гадоў.
“Усё гэта ўзмацняе вастрыню ўспрымання, — каменціруе дырэктар гімназіі № 1 Ваўкавыска Алена Рыбак. — Дзякуючы захопленасці педагогаў, экскурсія ператвараецца ў жывы ўрок, а тыя, хто наведвае музей, нібы становяцца сведкамі ваенных падзей”.
— Музей неаднаразова станавіўся пераможцам у абласным і заключным этапах Рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы, — акцэнтуе П.Эльяшэвіч.
Сёння музей падзелены на некалькі экспазіцый, кожная з якіх поўна і дасканала раскрывае тэму, якой прысвечана. Уся інфармацыя падаецца ў храналагічным парадку.
“З упэўненасцю магу сказаць, што нам удалося стварыць цікавую музейную прастору, якая раскрывае важную для кожнага патрыёта тэму — любові да свайго краю”, — падкрэсліла А.Рыбак.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА