У гімназіі Драгічына беражліва падыходзяць да захавання адукацыйнай спадчыны

- 10:02Новости

На Брэстчыне ўсяго некалькі музеяў гісторыі адукацыі. Адзін з іх — у гімназіі Драгічына. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ля вытокаў музея гісторыі народнай адукацыі Драгічыншчыны стаяла ветэран педагагічнай працы Валянціна Клімчук, якая ў 1990-я гады з’яўлялася намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, — гаво­рыць кіраўнік гімназіі Людміла Філанюк. — Менавіта намаганнямі гэтай актыўнай і нераўнадушнай жанчыны былі сабраны ўспаміны настаўнікаў пра першыя пасляваен­ныя школьныя гады, а таксама дакументы з асабістых архіваў. Акрамя іх, сёння ў музеі захоўваюцца шматлікія фотаздымкі, граматы і газетныя выразкі, якія красамоўна і змястоўна расказваюць пра педагагічную дзейнасць папярэднікаў, у тым ліку загадчыкаў і начальнікаў раённага аддзела адукацыі. Сярод іх — Вера Бялікіна, Васіль Крышко, Іван Навічонак, Мікалай Ляўчук, Мікалай Хадановіч, Ларыса Хадановіч, Таццяна Быб і інш. Разам з тым Валянціна Клімчук сабрала і сістэматызавала багаты матэрыял пра педагагічныя дынастыі рэгіёна (Саковіч, Румачык, Гарапучык), якія прадстаўлены ў адпаведным раздзеле.

Мінулае і сучаснасць

Музей урачыста адчыніў дзверы для наведвальнікаў у красавіку 2002 года. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі былыя загадчыкі раённага аддзела адукацыі Васіль Крышко, Ганна Багданава і Васіль Акаронка.

Праз 10 гадоў музей узначаліла настаўнік-метадыст Таццяна Салавейка, пад кіраўніцтвам якой гімназісты актыўна даследуюць гісторыю станаўлення народнай адукацыі на Драгічыншчыне. Вынікам гэтай мэтанакіраванай і карпатлівай работы сталі не толькі матэрыя­лы для новых тэматычных экспазіцый, але і шматлікія вучнёўскія дыпломы, атрыманыя па выніках абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і алімпіяд.

За час існавання музея ў ім адбыліся дзве рэканструкцыі. Апошняя і самая маштабная завяршылася напярэдадні мінулага навучальнага года. Дзякуючы ёй з’явіліся новыя экспазіцыі, мэбля і іншае абсталяванне. Дырэктар гімназіі Людміла Філанюк надзвычай беражліва падыходзіць да захавання адукацыйнай спадчыны і ўсяляк імкнецца развіваць музей, у тым ліку яго матэрыяльна-тэхнічную базу, паколькі без якаснай нагляднасці сёння цяжка праводзіць урокі для моладзі. На дапамогу ўстанове ў важнай справе прыйшлі раённы аддзел па адукацыі, раённыя арганізацыі Беларускага саюза жанчын, ГА “Белая Русь” і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

— Абноўленыя экспазіцыі расказваюць пра розныя этапы развіцця адукацыі, выдатных педагогаў-землякоў, настаўніцкія дынастыі і прадметы школьнага побыту, — расказвае Людміла Філанюк. — Старшакласнікі Максім Дышко, Лізавета Казак, Эвеліна Сакалоўская, Антон Антановіч і Ганна Міховіч право­дзяць аглядныя і тэматычныя экскурсіі не толькі ў музеі, але і па-за ім, рыхтуюць і прэзенту­юць тэматычныя праекты, з’яўляюцца прызёрамі конкурсаў музейнага кірунку.

 Дзякуючы лічбавым тэхналогіям, наведвальнікі могуць азнаёміцца з рознымі дакументамі, не прадстаўленымі ў экспазіцыях. Так, з дапамогай QR-кодаў ёсць магчымасць пагартаць асабістыя архівы загадчыкаў раённага аддзела адукацыі: дакументы, фотаздымкі і нават запісныя кніжкі. Акрамя таго, у музеі можна паглядзець дакументальныя фільмы.

Збор экспанатаў працягваецца, таму педагогаў і вучняў чакае яшчэ шмат цікавага і невядомага.

Першыя школы

— Лічыцца, што першая школа ў Драгічынскім раёне адкрылася пры Тараканскім базіліянскім манастыры ў канцы XVI стагоддзя, але гімназісты, вывучыўшы шэраг крыніц і дакументаў, прыйшлі да высновы: гэта адбылося, хутчэй за ўсё, дзесьці на 50 гадоў пазней, — пачынае захапляльную экскурсію Таццяна Салавейка. — У XVIII стагоддзі вёска Таракань з’яўлялася важным культурна-­асветніцкім цэнтрам не толькі Драгічыншчыны, але і Беларусі. У той час тут знаходзілася рэзідэнцыя генерала ордэна базіліянцаў. Пры манастыры, які актыўна развіваўся і дзе жыў знакаміты грэчаскі багаслоў Пётр Аркудзій, дзейнічала невялікая школа на 5—15 вучняў з бедных сем’яў і вялікая бібліятэка кніг на розных мовах.

У ХІХ стагоддзі на тэрыторыі раёна з’яўляюцца свецкія навучальныя ўстановы для дзяцей сялянскага і іншых саслоўяў. У 1833 годзе было адкрыта Драгічынскае сельскае аднакласнае прыходскае вучылішча, дзе на бясплатнай аснове ра­зам атрымлівалі веды і хлопчыкі, і дзяўчынкі. Вядома, колькі дрэў расло ў садзе пры ўстанове, хто працаваў там і які заробак атрымліваў.

Музей знаёміць наведвальнікаў з класным пакоем таго часу. Урок арыфметыкі вядзе пажылы настаўнік. Ён сядзіць каля дошкі, на якой крэйдай напісаны прыклад. Вакол педагога тоўпіцца вясковая дзятва ў простым адзенні і стаптаных лапцях. Вучні захоплена рашаюць прыклад: хтосьці задумліва збоку ад дошкі, а хтосьці прама перад ёй, не зводзячы вачэй з прыкладу. Адзін з хлопчыкаў шэптам дае адказ настаўніку.

— Трэба адзначыць, што да канца ХІХ стагоддзя на Драгічыншчыне ўжо дзейнічалі 10 народных і 23 пачатковыя вучылішчы, 12 царкоўнапрыходскіх школ, а таксама прыватная школа для 20 хлопчыкаў, заснаваная на ўласныя сродкі пісьменніцы Элізы Ажэшкі і яе мужа ў вёсцы Людвінава, — заўважае Таццяна Салавейка. — У той час шляхецкія маёнткі таксама з’яўляліся цэнтрамі мясцовага культурнага жыцця. Так, нацыянальны герой Балгарыі Тодар Мінкаў, пахаваны на могілках у Драгічыне, заснаваў у сваім маёнтку Равіны школу для юнакоў накшталт Паўднёваславянскага пансіёна. Важкі ўклад у асветніцкае развіццё краю ўнеслі і прадстаўнікі роду Віславухаў з ліку пісьменнікаў і выкладчыкаў.

У 1921 годзе Драгічынскі павет увайшоў у склад Польшчы, што прывяло да цяжкага сацыяль­нага, палітычнага і нацыянальнага становішча беларусаў. Колькасць мясцовых школ скарацілася ў два разы. Працавалі толькі польскамоўныя пачатковыя, адна- і двухкласныя школы, якія размяшчаліся ў сялянскіх хатах. Не хапала настаўнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Так, у 1936 годзе на аднаго педагога прыходзілася ажно 87 дзяцей. Усе прыватныя школы былі яўрэйскімі. Будынак адной з іх захаваўся ў Драгічыне.

У міжваенны перыяд у Таракані служыў вядомы ўніяцкі святар Данат Навіцкі, надзвычай адукаваны чалавек. Ён меў вялікую бібліятэку, якой маглі карыстацца ўсе вяскоўцы. Некалькі кніг з яе знаходзіцца ў музеі.

Граматыку — па газеце “Праўда”

— З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны многія мясцовыя настаўнікі адправіліся на фронт і ў партызанскія атрады, разам з вучнямі ўзводзілі абарончыя збудаванні, — Таццяна Салавейка пераходзіць да трагічных старонак гісторыі. — Тым не менш атрымліваць адукацыю патрабавалася і тады. Летам 1943 года пачалі стварацца лясныя школы, у якіх дзеці, размеркаваныя па 4 класах, вывучалі рускую і беларускую мову, арыфметыку, гісторыю і прыродазнаўства. Падручнікі і звычайная папера былі ў дэфіцыце. Найчасцей пісалі на бяросце. Для лічэння выкарыстоўвалі шышкі. Літары і лічбы выводзілі палачкамі на пяску. Граматыку вывучалі па газеце “Праўда”: чыталі ўголас артыкулы і разбіралі іх па сказах. На жаль, вучням даводзілася рашаць і такія арыфметычныя задачы: “1 верасня па тракце з Сяльца на Ружаны рухаўся фашысцкі карны атрад…”.

У партызанскіх атрадах было шмат настаўнікаў, якія ў ваенны час сталі байцамі, сувязнымі і перакладчыкамі. Многія з педагогаў-франтавікоў адзначаны ордэнамі і медалямі.

— Зімой 1944 года, калі ў лясах яшчэ гучалі выбухі і стрэ­лы, першы загадчык раённага аддзела народнай адукацыі Якаў Малочка, узброены аўтаматам, абышоў і аб’ехаў на кані ўсе вёскі, дзе адкрыў больш за 60 школ з настаўнікам і ваен­ным кіраўніком у кожнай з іх, — працягвае Таццяна Салавейка. — Сярод тых, хто ўзнімаў пасляваен­ную адукацыю, — ветэраны педагагічнай працы Лука Камісарчук, Марыя Гарапучык і Васіль Гарапучык. У асабістым архіве Марыі Гарапучык захавалася ­выпіска з загаду раённага аддзела народнай адукацыі аб назначэнні яе на работу ў Хомскую школу з 4 лютага 1945 года, якая знаходзілася тады ў прыстасаваных для вучобы ўмовах. Першая паўнацэнная школа пасля вайны адкрылася толькі ў 1948 годзе. А ў 1953-м іх ужо было восем. Педагогі раёна сталі дэлегатамі І з’езда настаўнікаў БССР у 1945 годзе.

У ліку першых пачала працаваць сярэдняя школа № 1 Драгічына, куды з усяго раёна з’яз­джаліся ўсе жадаючыя. ­Інтэрната не было, жылі на прыватных кватэрах. Заснавальніца музея Валянціна Клімчук успамінала: “У школе было заўсёды вельмі холадна, а пажылая настаўніца спеваў развучвала з намі папулярную ў тыя гады песню. Гулкае рэха разносілася па халоднай і вялікай актавай зале, а мы, маленькія і змёрзлыя, паўтаралі ўслед за клавішамі: “Падае, падае лісце”.

У 1945 годзе ў Драгічын накіравалі Веру Бялікіну, якая больш за 30 гадоў выкладала ў сярэдняй школе № 1 рускую мову і літаратуру. Яе ўспаміны пра вайну, граматы, дакументы і фота­здымкі сталі музейнымі экспанатамі.

— Першыя пасляваенныя педагогі часам не мелі адпаведнай адукацыі, — адзначае Таццяна Салавейка. — Яны вучылі дзяцей і разам з імі вучыліся самі. Але іх энтузіязму і працавітасці можно было па-добраму пазайздросціць. Многія затым атрымалі высокія ўзнагароды і ганаровыя званні за прафесійнае майстэрства.

Перад вачыма наведвальнікаў музея — карціна з класным пакоем савецкай школы канца ­1940-х — пачатку ­1950-х гадоў, калі навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак яшчэ было раз­дзельным. На карціне — настаўнік, пінжак якога ўпрыгожвае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэтую высокую ўзнагароду ён атрымаў зусім нядаўна за сваю работу і хоча падзяліцца радасцю з вучаніцамі. Сярод іх — ніводнага раўнадушнага твару, усе шчыра рады за любімага педагога.

У гімназіі вельмі ганарацца, што адным з яе гасцей быў першы беларускі касманаўт двойчы Герой Савецкага Саюза Пётр Клімук, які нарадзіўся ў вёсцы Камароўка Брэсцкага раёна. Пабываўшы ў музеі, ён напісаў у кнізе водгукаў: “Ганаруся тым, што з’яўляюся беларусам і што вучыўся ў сельскай школе”.

— Ведаць гісторыю адукацыі важна не толькі педагогам, але і дзецям, бо ў ёй праз лёсы канкрэтных людзей і падзеі адлюстраваны дух часу. Знаёмячыся з мінулым, вучні лепш разуме­юць сучаснасць і ролю землякоў у развіцці малой радзімы, якое немагчыма ўявіць без асветніцкай дзейнасці педагогаў, — падагульняе Таццяна Салавейка.

 Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва гімназіі