У Лоеўскай раённай гімназіі жыццё кіпіць і ўлетку: педагогі заняты рамонтам, дзеці — аздараўленнем і карыснымі справамі ў лагеры працы і адпачынку. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Да новага навучальнага года ва ўстанове запланаваны рамонт усіх кабінетаў, а таксама актавай залы, — адзначыла намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Лоеўскай раённай гімназіі Любоў Стасько. — На сёння сцены трох кабінетаў — беларускай мовы і літаратуры, хіміі і геаграфіі — пакрыты водаэмульсійнай фарбай, што значна змяніла іх знешні выгляд. У кабінеце працоўнага навучання праведзены капітальны рамонт з заменай дзевяці пластыкавых вокнаў. Цяпер хлопцы будуць займацца ў абноўленым памяшканні, абсталяваным усім неабходным для практычных заняткаў. Акрамя таго, завершаны маштабны рамонт бібліятэкі: поўнасцю абноўлены сцены: зняты старыя шпалеры, сцены атынкаваны і пашпакляваны, пасля чаго афарбаваны ў прыемны тон. Гэта стварыла камфортную атмасферу для чытання і вучобы. Таксама адрамантаваны ганак школы — зараз ён бяспечны і зручны для вучняў і педагогаў.
У планах — зрабіць рамонт санвузла, а таксама дадатковыя работы па афарбоўцы і навядзенні парадку на ўсёй тэрыторыі ўстановы. Пэўныя змяненні чакаюць і школьную сталовую: тут запланавана ўстаноўка новай лініі раздачы і пасудамыечнай машыны.
— Імкнёмся стварыць у гімназіі такія ўмовы, у якіх дзецям будзе прыемна вучыцца і развівацца. Вучні з задавальненнем прыйдуць у абноўленыя класы 1 верасня, — запэўніла Любоў Анатольеўна. — Клопат дарослых аб кожнай дэталі дапамагае стварыць станоўчы настрой і павысіць матывацыю дзяцей.
…У лагеры працы і адпачынку праводзяць вольны час 39 школьнікаў. Сярод тых, хто наведвае лагер, пераважна юнакі. У першай палове дня дзеці займаюцца карыснай справай, напрыклад, хлопчыкі ўстанаўліваюць новыя стальніцы, дзяўчаты займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі.

— Сіламі нашых навучэнцаў адрамантавалі 19 парт, усе работы дзеці выконвалі пад наглядам настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Краўчанкі, — акцэнтуе ўвагу Любоў Стасько.
Чатырнаццацігадовыя навучэнцы Іван і Мікалай з гордасцю пераносяць новенькія парты ў кабінеты і гавораць, што менавіта ў лагеры навучыліся рамантаваць мэблю. Школьнікі абяцаюць цяпер асабліва ўважліва сачыць за станам школьнай мэблі. На пытанне, на што хлопцы патрацяць заробленыя грошы, Іван Лысёнак адказаў, што будзе збіраць на камп’ютар.
Дзяўчынкі заняты добраўпарадкаваннем тэрыторыі, іх работу курыруе настаўніца гісторыі Юлія Мельнічэнка. Вынік іх працы добра бачны нават здалёк: вучаніцы на прышкольнай тэрыторыі прапалолі ўсе клумбы, пасадзілі кветкі, выдалілі пустазелле, а таксама памылі падлогі ў кабінетах. Як сапраўдныя гаспадыні яны ўсюды навялі чысціню і парадак.

— Многія дзеці, якія жывуць у кватэрах, упершыню паспрабавалі палоць градкі і даглядаць расліны, дзякуючы чаму набылі карысныя навыкі і каштоўны вопыт. Акрамя гэтага, такая дзейнасць стала для іх эмацыянальнай разгрузкай пасля заканчэння навучальнага года, — дадае Юлія Аляксандраўна. — Цяпер вучаніцы завяршаюць пасадку саджанцаў і праполку клумбы, выкананай у форме зоркі — сімвала 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, што надае іх рабоце асаблівую значнасць. Варта дадаць, што дзяўчаты падыходзяць да працы з вялікай адказнасцю, імкнуцца выканаць усе даручэнні на сто працэнтаў. Яны нават праявілі ініцыятыву і прапанавалі ўласныя ідэі па азеляненні тэрыторыі.
Самі гімназісткі адзначылі відавочную карысць ад актыўнага баўлення часу і падзяліліся, куды накіруюць сумленна заробленыя грошы. Дзяўчынкі не былі б дзяўчынкамі, калі б не размеркавалі будучы даход. Нехта вырашыў патраціцца на абноўкі, а Ганна Гаўрушава…
— Куплю бабулі насенне для агарода, — гаворыць Ганна. — Мне падабаецца працаваць на зямлі, гэта дапамагло адчуць і лепш зразумець чужыя старанні, цяжкую працу іншых людзей.
У другой палове дня для школьнікаў арганізаваны культурныя мерапрыемствы: квесты, віктарыны, а таксама сустрэчы з прадстаўнікамі розных службаў і ведамстваў.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара





