У Верхнядзвінскай гімназіі імя І.А. Макеенкі ў 2024 г. быў адкрыты раённы ваенна-марскі музей. Экскурсію для карэспандэнта «Настаўніцкай газеты» ў гэтым унікальным месцы правёў настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Яўген Агей.

— Музей створаны па ініцыятыве раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ваенных маракоў» пры падтрымцы кіраўніцтва раёна і гімназіі, — паведамляе Яўген Віктаравіч. — У мінулым годзе наша ўстанова адукацыі адзначала дзве значныя даты, звязаныя з імем Івана Андрэевіча Макеенкі: 110 гадоў з дня нараджэння земляка і 80-годдзе подзвігу легендарнага дэсанта Альшанскага, удзельнікам якога ён быў. У ходзе ўрачыстасці быў адкрыты ваенна-марскі музей, дзе размясцілася экспазіцыя «Ім ганарыцца Верхнядзвінская зямля», прысвечаная Герою Савецкага Саюза.
Імя Івана Андрэевіча Макеенкі — ураджэнца вёскі Гарадзілавічы Верхнядзвінскага раёна — гімназія носіць з 2023 г. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён служыў у марской пяхоце Чарнаморскага флоту, удзельнічаў у абароне Адэсы і Севастопаля, вызваленні Наварасійска і Бярдзянска, баях на Малой зямлі. Пры вызваленні Нікалаева ён уваходзіў у склад легендарнага дэсанта Канстанціна Фёдаравіча Альшанскага і паў смерцю храбрых у баі 27 сакавіка 1944 г. Праз год, 20 красавіка 1945 года, яго подзвіг быў адзначаны высокім званнем Героя Савецкага Саюза.
…К.Ф. Альшанскаму ў 1944 г. з дэсантнай камандай было загадана падысці да горада Нікалаеў, да порта па рацэ, для таго каб адцягнуць сілы немцаў на сябе і даць рэгулярным вайсковым часцям ажыццявіць удар. На працягу двух дзён дэсант Альшанскага стрымліваў перавышаючыя сілы немцаў. Усяго было знішчана больш за 700 фашыстаў, 2 танкі, 4 гарматы, на жаль, у гэтай дэсантнай аперацыі загінуў Іван Андрэевіч Макеенка. Усе 67 дэсантнікаў, многія з якіх выжылі, былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Музей размешчаны ў асобным памяшканні плошчай каля 35 кв. м. Яго экспазіцыя цікавыя і змястоўныя: гісторыя флоту ад часоў Пятра I да эпохі атамных ракетаносцаў, унікальныя ваенна-марскія артэфакты, экспанаты побыту і абмундзіравання, касцюмы падводнікаў, фатаграфіі, мадэлі старадаўніх караблёў, марскія сцягі і звонкая, начышчаная да бляску, рында (карабельны звон), рундук (скрыня для захоўвання рэчаў), розныя віды марскіх вузлоў. Цікавасць для наведвальнікаў уяўляюць дакументы, узнагародныя значкі, экспанаты з асабістых калекцый.
Тут прадстаўлены раздзелы «З гісторыі рускага флоту», «Тры подзвігі, якія праславілі рускі ваенна-марскі флот», «Мікалай II — стваральнік падводнага флоту Расіі». Напрыклад, адзін з подзвігаў звязаны з імем Аляксандра Іванавіча Казарскага, ураджэнца Дуброўна Віцебскай вобласці. Брыг «Меркурый», якім ён камандаваў, дагналі два турэцкія караблі, кожны з якіх меў дзесяціразовую перавагу па колькасці гармат. Брыг тым не менш на працягу 10 гадзін вёў няроўны бой і атрымаў поўную перамогу над турэцкімі караблямі.
— Вялікая ўвага ў музеі ўдзелена падзеям, якія адбываліся ў Верхнядзвінскім раёне, а таксама яго слаўным ураджэнцам, — гаворыць Я. Агей. — Так, асобная экспазіцыя прысвечана Мікалаю Іванавічу Хандогіну — савецкаму ваеннаму фотакарэспандэнту, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны працаваў на Ленінградскім і 2-м Прыбалтыйскім франтах. Ён найбольш вядомы па фотахроніцы блакаднага Ленінграда. Нарадзіўся ў 1909 г. у Верхнядзвінскім раёне, у вёсцы Валынцы.
Назва стэнда «Заходнедзвінская ваенная флатылія — першае ваенна-марское падраздзяленне Беларусі» гаворыць сама за сябе. Яна была створана 26 лістапада 1919 г. і прымала ўдзел у савецка-польскай вайне 1919—1920 гг., у тым ліку каля Дрысы (Верхнядзвінска), дзе высадзіўся дэсант. У канцы 1920 г. флатылія была расфарміравана.
Цікава разглядаць савецкія плакаты, прысвечаныя ваенна-марскому флоту. Чырванафлотцы, адлюстраваныя на іх, — носьбіты лепшых чалавечых якасцей: сілы, мужнасці, стойкасці.
Асобны стэнд распавядае пра Беларускі саюз ваенных маракоў. Тут прадстаўлены сімволіка і тэкст гімна грамадскага аб’яднання, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі, узнагародны ліст «У славу флоту расійскага» І ступені, дзе адзначаецца актыўная работа ваенных маракоў Саюзнай дзяржавы па захаванні традыцый, святынь і гісторыі ваенна-марскога флоту, па патрыятычным і духоўным выхаванні, аказанні дапамогі ветэранам флоту і сем’ям загінуўшых маракоў.
У экспазіцыі «Мы служылі на флоце» прадстаўлена інфармацыя пра клуб юных маракоў «Гардэмарын», які дзейнічаў у Асвеі Верхнядзвінскага раёна, яго стваральніка і кіраўніка, ураджэнца Асвеі — капітана 1-га рангу Васіля Іосіфавіча Рудога, які больш за 28 гадоў служыў на флоце і камандаваў падводнай лодкай, быў пісьменнікам.
Стэнд «Бесcмяротны экіпаж» прысвечаны маракам, якіх ужо няма ў жывых. У верхняй яго частцы гаворыцца пра ўраджэнцаў раёна або тых, хто быў звязаны з Верхнядзвіншчынай і ваяваў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх — Антон Вікенцьевіч Дубро, які нарадзіўся ў Асвеі. Ён даслужыўся да звання генерал-маёра. У гады вайны адказваў за тылавое забеспячэнне Балтыйскага ваенна-марскога флоту.
Побач размешчаны якар — свайго роду сімвал бесcмяротнага экіпажа. Па марской легендзе, маракі не паміраюць, яны становяцца на вечны якар або сыходзяць у далёкае аўтаномнае плаванне, а іх душы ператвараюцца ў чаек.
Расказваецца і аб дзейнасці Верхнядзвінскага аддзялення Саюза ваенных маракоў, аб ураджэнцах раёна, якія служылі пасля вайны ў ваенна-марскім флоце і ўнеслі важны ўклад у развіццё роднай зямлі.
— У музеі вядзецца пошукава-даследчая работа, навукова-метадычная апрацоўка сабранага матэрыялу, — заўважае педагог. — Ва ўзаемадзеянні з раённай арганізацыяй «Беларускі саюз ваенных маракоў» падрыхтаваны экскурсаводы з ліку вучняў 8—10-х класаў, якія прымаюць удзел у даследчых і творчых конкурсах. Для нашых актывістаў з ліку навучэнцаў па ініцыятыве і пры падтрымцы кіраўніцтва раёна летам 2024 г. адбылася экскурсія ў Санкт-Пецярбург і Кранштат з наведваннем знакавых аб’ектаў, звязаных з гісторыяй ваенна-марскога флоту.
Вучаніца 10-га класа ваенна-патрыятычнай накіраванасці Юлія Голубева, экскурсавод музея, падрыхтавала даследчую работу аб жыцці і подзвігу І.А. Макеенкі, з якой заняла 1-е месца ў раённай НПК. Сёлета дзяўчына заваявала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве і апынулася сярод пераможцаў фіналу рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» ў рамках культурна-адукацыйнай патрыятычнай акцыі «Цягнік Памяці».
На базе музея праводзяцца класныя і інфармацыйныя гадзіны, урокі мужнасці. Праходзяць сустрэчы вучняў з ветэранамі марскога флоту, знакамітымі землякамі, грамадскімі дзеячамі. На прыкладах подзвігаў ваенных маракоў педагогі выхоўваюць у дзецях патрыятызм, сяброўства, узаемадапамогу. Вучаць трымаць раўненне на старэйшых, на тых, чый вопыт заслугоўвае таго, каб пра яго памяталі.
З 2023 г. у гімназіі зарадзілася новая традыцыя — праводзіць у маі фестываль памяці Героя Савецкага Саюза І.А. Макеенкі, падчас якога арганізоўваюцца выставы творчых і даследчых работ, праектаў па грамадзянска-патрыятычнай тэматыцы, сустрэчы з ветэранамі ваенна-марскога флоту, канцэртныя праграмы. Тады ж ва ўрачыстай атмасферы вучні 4-х класаў уступаюць у рады піянерскай арганізацыі. Гальштукі ім павязваюць ветэраны ваенна-марскога флоту.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара





