У гомельскім каледжы ў 2023 г. пачнецца падрыхтоўка наладчыкаў станкоў і маніпулятараў з ЛПК

- 10:40Абитуриент, Образование, Приложение

У паспяховым авалоданні прафесіяй не апошнюю ролю адыгрываюць тэхнічныя сродкі. Гамяльчанам у гэтым плане пашанцавала: у іх функцыянуе цэнтр сучасных кампетэнцый у сферы машынабудавання.
У ім будучыя спецыялісты вучацца працаваць на найноўшым абсталяванні. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

У нашай краіне ў сувязі з мадэрніза­цыяй прадпрыемстваў і павелічэннем аб’ёмаў вытворчасці актуальнай праблемай стала падрыхтоўка канкурэнтаздольных кадраў, гатовых да праектавання, прафесійна-асобаснага станаўлення і здольных да інавацыйнай дзейнасці ва ўмовах высокатэхналагічнай вытворчасці. Усё гэта абумоўлівае пастаянна ўзрастаючыя патрабаванні работадаўцаў да ўзроўню выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі. Каб задаволіць іх, у краіне ствараюцца цэнтры кампетэнцый. Так, па машынабудаўнічым профілі функцыянуюць тры такія цэнтры: у Мінску, Оршы і Гомелі.

“Аднак трэба разумець: такія цэнтры кампетэнцый ствараюцца не проста так, дзе захочацца. Спачатку вывучаецца эканоміка рэгіёна і вызначаецца, што там будзе больш развівацца ў найбліжэйшы час. Гомель — сур’ёзны прамысловы цэнтр, тут сканцэнтраваны цэлы комплекс галіновых прадпрыемстваў: “Гомсельмаш”, “СтанкаГомель”, Гомельскі завод станкоў і вузлоў і інш. Адпаведна ў нас будзе і далей развівацца машынабудаванне. Для пашырэння навыкаў і ўменняў навучэнцаў каледжаў у рамках дзяржпраграмы “Адукацыя і мала­дзёжная палітыка” было вырашана стварыць на базе нашага каледжа профільны цэнтр сучасных кампетэнцый”, — расказаў дырэктар Гомельскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа Генадзь Казлоў.

Каб быць на крок наперадзе ў падрыхтоўцы спецыялістаў, каледж пастаянна разві­ваецца, удасканальваюцца вучэбныя праграмы і набываецца неабходнае абсталяванне.

“Не так даўно нашай установе вы­дзелілі больш за 3 млн рублёў з рэспубліканскага бюджэту, якія былі патрачаны ў асноўным на сучасныя станкі. Мы стварылі вучэбныя класы для навучання праграмаванню і наладцы станкоў з ЛПК. У нашым цэнтры створаны ўсе ўмовы для авалодання складанымі спецыяльнасцямі, так неабходнымі сучаснасці. Нашы выпускнікі вельмі запатрабаваны на айчынных прадпрыемствах, бо, прыходзячы на іх маладымі спецыялістамі, яны ўжо гатовы да работы на вытворчасці”, — падкрэсліў Генадзь Ва­сільевіч.

Сённяшні майстар вытворчага навучання на ўчастку станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем Арцём Стэльмашонак — выпускнік каледжа, знаёмячы з цэнтрам, расказаў: “У кабінеце праграмавання навучэнцы асвойваюць праграмнае забеспячэнне Mastercam, вучацца складаць кіруючыя праграмы пры дапамозе стварэння 3D-мадэлі. А яшчэ яны вучацца праца­ваць на сімулятарах станкоў з ЛПК, малагабарытных станках і буйнагабарытных станках з ЛПК Siemens Sinumerik 840D і 842D фрэзернай і такарнай групы”.

Акрамя гэтага, у цэнтры ёсць і калабаратыўны робат для адпрацоўкі механізацыі і аўтаматызацыі працэсаў. Ён можа расстаўляць фігуры па памерах альбо колеры.

“На любым прадпрыемстве ёсць свае тэхналагічныя працэсы, якія не перасякаюцца. Навучэнцы павінны ведаць і ўмець запраг­рамаваць іх на самыя простыя дзеянні, у гэтым і дапамагае наш робат, ён яшчэ можа счытваць штрых-коды з дэталей, — патлумачыў Г.В.Казлоў. — Ёсць у нас і лабараторыя тэхнічных вымярэнняў, і лабараторыя электронікі і мехатронікі, і кабінет гідраўлікі і пнеўматыкі. Хоць перавага аддаецца машынабудаўнічаму профілю, але ў працэсе навучання нашы юнакі і дзяўчаты праходзяць самыя розныя дысцыпліны, напрыклад, электратэхніку, падключэнне рухавіка. Праводзіцца шмат практычных і лабараторных заняткаў”.

Нядзіўна, што да профільнага цэнтра кампетэнцый аўтамеханічнага кале­джа цікавасць праяўляюць і навучэнцы іншых устаноў. Так, заключаны дагаворы аб сеткавым узаемадзеянні па машынабудаўнічым профілі з Гомельскім дзяржаўным каледжам сувязі, хіміка-тэхналагічным і машынабудаўнічым каледжамі, Мазырскім дзяржаўным політэхнічным каледжам, а таксама з Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В.Су­хога.

У Гомельскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы падрыхтавалі не адно пакаленне высокакваліфікаваных станочнікаў, электрыкаў, слесараў па рамонце аўтамабіляў, электраманцёраў, зваршчыкаў, фрэзероўшчыкаў, аператараў станкоў, тэхнікаў-тэхнолагаў.

Гомельскі аўтамеханічны каледж займае ў краіне лідзіруючыя пазіцыі па падрыхтоўцы спецыялістаў машынабудаўнічага профілю.

Хоць афіцыйна каледжу ўсяго толькі 5 гадоў, на самай справе ён мае шматгадовую гісторыю, бо быў утвораны шляхам рэарганізацыі дзвюх найстарэйшых гомельскіх устаноў: прафесійна-тэхнічнага каледжа машынабудавання і прафесійнага політэхнічнага ліцэя, якія пераважна рыхтавалі кадры для “Гомсельмаша”.

“Сёння ў нас вучыцца 855 юнакоў і дзяўчат. Штогод мы выпускаем каля трохсот спецыялістаў і столькі ж набіраем першакурснікаў. Усе яны вучацца па 11 спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай адукацыі і 5 спе­цыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Авалодаць будучай прафесіяй нашым юнакам і дзяўчатам дапамагаюць больш за сто кваліфікаваных выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання”, — праінфармаваў Генадзь Казлоў.

Летась у аўтамеханічным каледжы на аснове 9 класаў адкрылася спецыяль­насць “Тэхналагічная падрыхтоўка і наладка станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-­электронік”. Сёлета пачнецца падрыхтоўка па  спецыяльнасці “Эксплуатацыя і наладка аўтаматызаванага абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці” з прысваеннем кваліфікацыі “наладчык станкоў і маніпулятараў з праграмным кіраваннем”. Набор будзе ажыццяўляцца пасля 9 класаў па конкурсе дакументаў аб адукацыі.

“Каб на станку мог працаваць аператар, неабходна, каб станок нехта настроіў. Як правіла, на заводзе аператар абслугоўвае 1—3 станкі, а наладчык, у сваю чаргу, абслугоўвае некалькі аператараў, наладжваючы станкі на неабходныя віды прадукцыі”, — дадаў Генадзь Васільевіч.

Ён адзначыў, што ў каледжы актыўна вядзецца мэтавая падрыхтоўка. “У гэтым плане мы актыўна супрацоўнічаем з “Гомсельмашам”. Увогуле, на размеркаванні нашых выпускнікоў заказчыкі кадраў спрачаюцца за іх. Усе яны добра ведаюць: вучобу нашы навучэнцы пачынаюць з практыкі на прадпрыемстве, а гэта вельмі важна, бо не ўсе разумеюць, якой прафесіі прыйшлі вучыцца, а мы даём магчымасць паглыбіцца ў яе. І ўвесь наш 1 курс прахо­дзіць праз завод “Гомсельмаш”, наведвае яго музей, выставачныя пляцоўкі, цэхі, назірае за зборкай камбайнаў. Тады яны пранікаюцца прафесіяй і бачаць маштабы сваіх будучых магчымых абавязкаў. Увогуле, практычна кожны пяты работнік “Гомсельмаша” — выпускнік нашага каледжа. Многія сталі высокакваліфікаванымі спецыялістамі, кіраўнікамі вытворчасці, вядуць інжынерную работу, дапамагаюць аб’яднанню ісці ў нагу з часам”, — не без гордасці паведаміў дырэктар каледжа, які і сам скончыў яго ў 1997 годзе.

Сённяшнія навучэнцы сапраўды з задавальненнем вучацца ў каледжы. Так, Аляксей Шыбянок, будучы тэхнік-тэхнолаг, з самага дзяцінства цікавіўся тэхнікай, нешта разбіраў і спрабаваў зразумець, што і як рухаецца. Марыў стварыць што-небудзь сваімі рукамі. Паступіўшы ў аўтамеханічны каледж, стаў на крок бліжэй да мары. “Зрабіў ужо навясны экскаватар, заднюю навес­ку на трактар, летам збіраюся закончыць квадрацыкл. Зараз ён на стадыі пад­рыхтоўкі, вясной звару раму і буду навеш­ваць на яе астатнія элементы. Рухавік ад ВАЗ-1111 ужо сам адрамантаваў. Гэты каледж мне вельмі падабаецца, бо ў ім выдатныя выкладчыкі, якія заўсёды прыхо­дзяць на дапамогу. Выклікае захапленне матэрыяльная база каледжа, бо далёка не кожная ўстанова можа пахваліцца такімі тэхналогіямі”, — расказаў юнак.

Хоць каледж і аўтамеханічны і зразумела, што тут у асноўным вучацца хлопцы, але ёсць каля 10 працэнтаў дзяўчат.

“Мяне зацікавіла прафесія тэхніка-тэхнолага, і я вырашыла паступіць сюды. Канечне, мне як дзяўчыне часам бывае складана, але затое вельмі цікава разабрацца ва ўсіх станках. Мне падабаецца не толькі вучэбны парацэс, а і кантакт з равеснікамі і педагогамі, якія ставяцца да нас як да дарослых, — акцэнтавала ўвагу другакурсніца Вікторыя Шкарупацкая. — Я мару прайс­ці адпрацоўку і вярнуцца сюды ўжо майстрам, каб рыхтаваць наступныя пакаленні машынабудаўнікоў”.

Генадзь Казлоў: Мне вельмі хочацца, каб наш каледж заставаўся прывабным для навучэнцаў, каб яны прыходзілі сюды і імкнуліся тут вучыцца.

Паступленню такіх юнакоў і дзяўчат спрыяе і добрая прафарыентацыйная работа, якая рэгулярна праводзіцца са школьнікамі.

“Мы ладзім прафарыентацыйныя суботы, дні адкрытых дзвярэй, раённы кірмаш прафесій”, — падкрэсліў дырэктар кале­джа.

Гомельскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж — адна з лепшых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў краіне. Так, па выніках 2020 года калектыў каледжа перамог у намінацыі “За лепшую работу па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй у адпаведнасці з патрэбамі арганізацый”. Да таго ж каледж — пераможца абласнога конкурсу на лепшую арганізацыю работы па забеспячэнні якасці адукацыі навучэнцаў у 2019/2020 навучальным годзе і быў занесены на гарадскую Дошку гонару.

Выкарыстанне найноўшага абсталявання дазваляе навучэнцам на дастойным узроўні ўдзельнічаць у конкурсах прафесійнага майстэрства па кампетэнцыях “Такарныя работы на станках з праграмным кіраваннем”, “Фрэзерныя работы на станках з праграмным кіраваннем”. Між тым у маі па гэтых кампетэнцыях на базе каледжа пройдзе рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства.

Каледж — пастаянны ўдзельнік агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў. Дзякуючы дзейнасці клуба “Памяць”, створаны музей воінскай доблесці і славы. Вялікая ўвага ўдзяляецца заняткам спортам, а таксама развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў, што пацвярджаецца прызавымі месцамі ў спаборніцтвах і конкурсах.

Сёння, захоўваючы свае найлепшыя традыцыі, каледж працягвае дынамічна развівацца. Ён мае ўсё неабходнае сучаснае абсталяванне, а яго цэнтр кампетэнцый — унікальная база для правядзення практычных заняткаў і вытворчай практыкі. Каледж як інавацыйная пляцоўка актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва і вучэбна-даследчую дзей­насць. 

“Мне вельмі хочацца, каб наш каледж заставаўся прывабным для навучэнцаў, каб яны прыходзілі сюды і імкнуліся тут вучыцца. Хочацца, каб мы і далей раслі прафесійна і адкрывалі новыя напрамкі, спе­цыяльнасці і віды дзейнасці”, — рэзюмаваў Генадзь Казлоў.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара