У госці да лясных волатаў адправімся разам з настаўнікамі Карэліцкага раёна

- 17:22Новости

Мясцовыя лясы шчодрыя як на грыбы, ягады, так і на помнікі прыроды. У першую чаргу на валуны — Вялікі камень чыжыноўскі і Чортаў камень асташынскі. А непадалёк вёскі Забалацце знаходзіцца сапраўдны цуд — геалагічныя кангламераты Смольчыцкія. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Гэтыя аб’екты даследуе настаўніца пачатковых класаў Турэцкай сярэдняй школы Алена Аляксандраўна Гунько. Сёлета юнай памочніцай педагога стала Вераніка Забаўская. Ра­зам з дзяўчынкай яны не толькі даведаліся, якія помнікі прыроды ёсць на тэрыторыі Карэліцкага раёна, але і наведалі іх, запісалі легенды і паданні, звязаныя з ляснымі волатамі, зрабілі іх пад­рабязнае апісанне.

А.А.Гунько і Вераніка Забаўская каля велічнага кангламерата

— Некаторым валунам людзі прыпісваюць цудадзейныя ўласцівасці — выконваць жаданні і нават лячыць. Той жа Вялікі камень чыжыноўскі, па словах старажылаў, надае сіл, дапамагае пазбавіцца хвароб. У ранейшыя часы, калі людзі працавалі на полі непадалёк, то абедаць абавязкова ішлі да гэтага каменя. Чамусьці ежа ў вузельчыку, калі яе раскласці на валун, здавалася асабліва смачнай.

Са старажытных часоў людзі з пашанай ставіліся да каменнага волата. Нават падчас Вялікай Айчыннай вайны яго не пашкодзіў ні адзін снарад. Выпадковасць? Лічу, што не.

Але пасля вайны знайшоўся чалавек (пра гэта расказваў мне бацька), які вырашыў валун выкарыстаць для будаўніцтва фундамента. Паклаў зарад, той ірвануў — і камень раскалоўся на тры часткі. У тую ж хвіліну чалавек аслеп. Так і не змог убачыць гэты свет да самай смерці. Валун і цяпер ляжыць, расколаты на тры часткі. У даўжыню ён больш за 3 м, а ў вышыню мае 1,32 м, — паведаміла настаўніца.

Каля вёскі Асташын таксама ёсць камень, але ў адрозненне ад чыжыноўскага ён пляскаты, ды і назва не такая мілагучная — Чортаў. Па легендзе, калісьці яго нёс на сваім мезенцы чорт, каб разбурыць касцёл, але раптоўна заспяваў певень, валун упаў, так і застаўся там ля­жаць. Да Чортавага каменя ў даўнія часы лю­дзі стараліся не падыходзіць, бо лічылі, што па начах на ім танцавалі злыдні. Цяпер жа да каменя едуць, каб палюбавацца як помнікам прыроды, сфатаграфаваць.

Самыя яркія, самыя “інстаграмныя” здымкі атрымліваюцца каля іншай прыроднай славутасці Карэліччыны — Смольчыцкіх кангламератаў.

Паглядзіце на фота! Кожны, хто змяшчае свой здымак на фоне гэтага ляснога волата, збірае вялікую калекцыю “лайкаў”. Алена Аляксандраўна ўжо правярала, пацвярджае.

— Помнік прыроды сапраўды ўражвае. Ідзеш па лесе, навокал звычайныя сосны — і тут такое! Вышыня самага масіўнага кангламерату 11 метраў і 80 сантыметраў, а вага — больш за 800 тон. Побач — меншыя, але і яны ўражваюць, — адзначыла настаўніца.

Алену Аляксандраўну і яе памочніцу Вераніку чакаюць новыя даследаванні — загадкавыя каменныя крыжы каля Свята-Пак­роўскай царквы аграгарадка Турэц. Адкуль яны з’явіліся, хто пад імі пахаваны, чаму рас­туць з-пад зямлі? Адказы на гэтыя пытанні будуць хутка знойдзены.

 Ігар ГРЭЧКА
Фота з архіва Алены Гунько