У Гродне падвялі вынікі Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў

- 11:04Новости

У Гродне падвялі вынікі Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Цырымонія закрыцця спартакіяды прайшла напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Капітаны каманд усіх абласцей і Мінска разам з ганаровымі гасцямі ўсклалі кветкі да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан у парку імя Жылібера.

— Няхай усе вашы старты — спартыўныя і жыццёвыя — бу­дуць паспяховымі і абавязкова на карысць росквіту і развіцця нашай мірнай Беларусі, — звяртаючыся да ўдзельнікаў спартакіяды, адзначыў начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак.

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі даў высокую ацэнку арганізацыі спартакіяды на базе спартыўных пляцовак Гродна і Ліды. Ва ўрачыстым мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Лідарам у агульнакамандным заліку па выніках спаборніцтваў у летніх і зімовых відах спорту сёлета стала каманда Гродзенскай вобласці. На 2-м месцы — юныя спартсмены з Мінска, а замыкае тройку лідараў Магілёўская вобласць. Такім жа чынам размеркаваліся месцы па выніках спаборніцтваў у летніх відах спорту. Фіналісты ж у зімовых былі вядомы яшчэ вясной. З лютага па сакавік на спартыўных базах вобласці праходзілі спаборніцтвы па хакеі, біятлоне і лыжных гонках. Лідарамі апошніх двух відаў стала каманда юнакоў з Магілёва, а лепшымі ў хакеі — з Гродзенскага рэгіёна.

— Навучэнцы Гродзенскай вобласці штогод дасягаюць высокіх вынікаў на Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў. У 2021 годзе вобласць станавілася пераможцай спартакіяды, у 2022 і 2023 гадах заняла 2-е месца. Цяперашняя перамога сімвалічная і асабліва значная яшчэ і таму, што агульнымі намаганнямі ў 16 відах спорту нашы ўдзельнікі ўпэўнена рухаліся да яе на спартыўных пляцоўках Гродна і Ліды. Сёлета спартакіяда васямнаццаты раз аб’яднала юных спартсменаў з усёй краіны. Але Гродна самых спартыўных хлопчыкаў і дзяўчынак Беларусі апошні раз прымала восем гадоў назад, — адзначыў дырэктар Гродзенскага абласнога цэнт­ра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Сяргей Савіцкі.

Традыцыйна паспяхова выступае каманда Гродзеншчыны ў спаборніцтвах па гульнявых відах спорту, барацьбе, шашках, лёгкай і цяжкай атлетыцы, настольным тэнісе. У складзе дэлегацыі вобласці сёлета былі прадстаўнікі 49 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, 13 кандыдатаў у майстры спорту, 54 спартсмены 1-га разраду.

Па словах суразмоўніка, агульнакамандная перамога сёлета не была лёгкай. Найбольшую колькасць балаў камандзе вобласці прынеслі спаборніцтвы па баскетболе і валейболе сярод юнакоў, вольная барацьба сярод дзяўчат, лёгкая атлетыка, міні-футбол і хакей з шайбай.

Важным момантам цырымоніі закрыцця спартакіяды стала ўрачыстая перадача афіцыйнага сцяга аднаго з самых масавых спаборніцтваў сярод школьнікаў. У 2025 годзе спартакіяду прыме Магілёў.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара