КАВАЛЕВІЧ Канстанцін Уладзіміравіч,
настаўнік фізікі сярэдняй школы № 3 Бярозы.
К.У.Кавалевіч — выпускнік фізічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна (2010) па спецыяльнасці “Фізіка (навукова-педагагічная дзейнасць)”. Педагагічны стаж — 7 гадоў. Пераможца абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны”. Захапляецца турызмам.
Намінацыя “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”
Вучыць дзейнасці — значыць рабіць навучанне матываваным, вучыць падапечных самастойна ставіць перад сабой мэту і знаходзіць шляхі і сродкі яе дасягнення, фарміраваць уменні кантролю і самакантролю, ацэнкі і самаацэнкі. У адпаведнасці з такім падыходам настаўнік павінен не толькі натрэніраваць дзіця ў выкананні якіх-небудзь аперацый, практычных дзеянняў, прыёмаў, яны абавязкова павінны быць асэнсаваны і прыняты навучэнцамі, каб у далейшым можна было іх прымяніць у новых сітуацыях. Толькі пры такой умове асоба, якая сталее, можа адаптавана ўпісацца ў сучасным тэхналагізаваным свеце.
Фізіка, якую выкладае і любіць Канстанцін Уладзіміравіч, — вучэбная дысцыпліна, асабліва адкрытая для дзейнаснага падыходу. На яго погляд, перш за ўсё ў фізіцы, у кожным яе праграмным раздзеле, настаўнік здольны залажыць ясныя супастаўныя параметры апісання (дэскрыптары) таго, што навучэнцы будуць ведаць і ўмець на выхадзе са змястоўнай сістэмы і ацэньваць як неабходнае не толькі ў далёкай жыццёвай перспектыве, але і сёння, і амаль што ні крок.
Мэта педагагічнай работы настаўніка, якую ён пачаў 3 гады назад, — фарміраванне на ўроках фізікі кампетэнтнай асобы, здольнай не толькі арыентавацца ў сучасным хутка пераменлівым, тэхналагічна насычаным свеце, але і актыўна пераўтвараць рэчаіснасць, паляпшаючы якасць жыцця. Педагог разумее, што дасягнуць гэтага немагчыма толькі пры дапамозе ўрокаў фізікі, што мноства іншых высакародных прыўнясенняў у кожнага з вучняў з’явіцца на шляху да сталасці, да любімай справы, сваёй сям’і і дому. Тым не менш К.У.Кавалевіч лічыць аптымальнымі задачы, якія паступова паддаюцца рашэнню: спачатку самому як настаўніку пераадолець вузкае разуменне паводзін фізічных аб’ектаў (калясак, якія рухаюцца, шарыкаў, якія падаюць, цел, якія награваюцца, і інш.), паколькі нават пры неабходнасці гэтых ведаў ужо недастаткова ў сучасным жыцці; удасканальваць спосабы падачы навучэнцам фізічных ведаў на карысць найбольш сучасных, а таксама спрыяць з’яўленню у навучэнцаў і грунтоўнаму замацаванню не толькі фізічных ведаў, але і развіццю інтэлектуальных аперацый і кагнітыўных схем, дастатковых для разумення прыроды і сябе ў прыродзе — зараджэнню і развіццю так званага фізічнага стылю мыслення; паслядоўна акцэнтаваць увагу ў фізічнай адукацыі на дзеянні як вядучым элеменце навучання, якое рэалізоўваецца ў эксперыментальных заданнях, задачах, лабараторных работах; максімальна ўцягнуць у навучанне фізіцы ІКТ і інш.
Канстанцін Уладзіміравіч лічыць неабходным у самым пачатку кожнага ўрока выклікаць у навучэнцаў цікаўнасць, якая, як правіла, перарастае ў дапытлівасць, а за ёй надыходзіць асэнсаваная дзейнасць. Сёння ён ужо не ўяўляе сваіх заняткаў па фізіцы без якой-небудзь іскрынкі (праява законаў і з’яў фізікі ў жыцці), якая робіць тэму па-свойму займальнай і запамінальнай. Пры актуалізацыі ведаў, акрамя слоўных і графічных апісанняў, выкарыстоўвае распрацаваны асабіста шэраг відэасюжэтаў і відэазадач па прымяненні фізікі ў побыце. Матэрыял школьнага падручніка ў кожным класе абавязкова дапаўняе візуальным і аўдыяматэрыялам практыка-арыентаванага характару. Прадукцыйна настаўнік прымяняе кейс-метад — навучанне на аснове рэальных сітуацый. Педагог заўважае, што сярод многіх форм работы навучэнцам асабліва падабаецца групавая. Для яе рэалізацыі ён распрацоўвае эксперыментальныя і даследчыя заданні і падбірае сканструяванае або дапрацаванае ім абсталяванне. Галоўным з’яўляецца праектны метад, які прадугледжвае самастойную творчую работу навучэнцаў па вырашэнні пэўнай праблемы, набліжанай да жыццёвай практыкі. Праект — асаблівая дзейнасць, накіраваная менавіта на вынік, арганізаваная ў лабараторных умовах. Падчас выканання кожнага праекта ў школьнікаў фарміруюцца наступныя кампетэнцыі: камунікатыўная (кожны вучань імкнецца быць зразумелым), сацыяльная (навучэнцам падабаецца працаваць у групе і займаць у ёй пэўнае становішча), прадметная (хочацца дэманстраваць свае здольнасці па фізіцы). Такі ж эфектыўны і метад даследавання: ён палягчае ўспрыманне вучэбнага матэрыялу навучэнцамі з рознымі тыпамі мыслення, памяншае аб’ём матэрыялу для запамінання за кошт лагічных вывадаў і выкарыстання матэматычнага апарату.
Некаторыя моманты прымянення на ўроках К.У.Кавалевіча дзейнаснага падыходу ў навучанні фізіцы адлюстроўвае табліца.
Праграмная тэма, клас | Дзеянне, якое выконваюць навучэнцы, што арыентуе іх на неабходнасць узнаўлення ў сучасным жыцці, у побыце, для пераўтварэння рэчаіснасці (у кантэксце дзейнаснага падыходу) |
Трэнне ў прыродзе і тэхніцы (7 клас) | Разбор падшыпніка, вызначэнне асноўных складовых частак (напрыклад, для магчымага самастойнага правільнага рамонту веласіпеда) |
Работа сілы. Магутнасць (7 клас) | Разгляд будовы дамкрата з мэтай самастойнага выкарыстання простых механізмаў у рабоце з найменшай затратай фізічнай сілы |
Разлік колькасці цеплаты пры награванні і ахаладжэнні. Эканомія цеплавой энергіі ў побыце (8 клас) | Змяшчэнне нагрэтага прадмета (вадкасці) у ёмістасць з цеплаізалюючага матэрыялу (пенапласту, мінеральнай ваты, полістыролу), вызначэнне часу захавання цеплаты кожным з іх, выбар аднаго з іх для аптымальнай цеплавой ізаляцыі памяшкання |
Канстанцін Уладзіміравіч не чакае імгненных вынікаў, але ўжо адчувае плён сваёй работы “на смак”: фіксуе шматлікія прыклады вучэбных дасягненняў па фізіцы ў тых класах, дзе выкладае. Недарэмныя яго чаканні, звязаныя з выбарам фізікі для профільнага навучання. Менавіта гэты прадмет выбралі навучэнцы 9 класа для прафілізацыі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Акрамя таго, праведзенае вясной 2017 года анкетаванне школьнікаў паказала павышэнне цікавасці да фізікі як вучэбнай дысцыпліны. Усё гэта азначае: апраўдаюцца і спадзяванні педагога, што для працягу навучання многія выпускнікі выберуць прафесійны шлях, нацэлены на фізіку, тэхніку, тэхналогіі, і рана ці позна яны будуць успрымацца грамадствам як людзі, падрыхтаваныя да ўніверсальнай дзейнасці і любых выклікаў часу.