У клубе «Крыштальны журавель» пастаянна працуюць над павышэннем прэстыжу настаўніцкай прафесіі

- 11:05Актуально, Новости

Аналіз метадычнай дзейнасці клуба “Крыштальны журавель” у міжконкурсны перыяд быў у цэнтры ўвагі на рэспубліканскім семінары, які прайшоў на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Як адзначыла першы прарэктар АПА кандыдат педагагічных навук Святлана Уклейка, 2023 год для сістэмы адукацыі краіны стаў вельмі гучным — прайшоў конкурс прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года”, які вызначыў імя лепшага настаўніка Беларусі. І ў падрыхтоўцы канкурсантаў традыцыйна актыўна ўдзельнічаюць члены клуба “Крыштальны журавель”.

Нездарма на семінар былі запрошаны ўсе 56 фіналістаў конкурсу. Яны патэнцыяльныя ўдзельнікі клуба (а некаторыя ўжо папоўнілі яго рады). Цяпер стаіць задача аб’яднаць іх прафесійныя здольнасці і метадычныя знаходкі на ка­рысць сістэмы адукацыі краіны. Больш за тое, міністрам адукацыі падпісаны адпаведны дакумент, у якім прапісана такая дзейнасць. У прыватнасці, гаворка ідзе пра далучэнне канкурсантаў, членаў клуба “Крыштальны журавель” да напісання і рэцэнзавання школьных падручнікаў, распрацоўкі вучэбных і факультатыўных праграм, стварэння вучэбных модуляў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу і інш.

А калі педагогі супрацоўнічаюць у адзінай прафесійнай супольнасці, то іх дзейнасць становіцца максімальна карыснай, што не раз падкрэсліваў старшыня “Крыштальнага жураўля” — настаўнік-метадыст, настаўнік матэматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, суперфіналіст конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2011” Іван Якіменка.

У клубе пастаянна працуюць над удасканаленнем умоў для развіцця іні­цыятывы творча працуючых педагогаў, павышэннем прэстыжу настаўніцкай прафесіі. Клапоцяцца пра распаўсюджванне педагагічнага вопыту, бо сістэме адукацыі заўсёды патрэбны перадавыя педагагічныя практыкі. А члены клуба ўвесь час на перадавой, пра што сведчыць іх актыўная асветніцкая і метадычная дзейнасць.

Вельмі папулярным з’яўляецца штогадовы рэспубліканскі семінар-практыкум “жураўлёў”, які праходзіць у Азёрах. Запатрабаваным стала навучанне ў праб­лемных лабараторыях, на практыкумах, майстар-класах, у квестах, гульнях. Акрамя таго, плённымі з’яўляюцца метадычныя выезды членаў клуба ў раёны і школы краіны, падчас якіх адбываецца абмен актуальнымі педагагічнымі ведамі. На сённяшні дзень адбылося ўжо больш за 70 такіх выездаў, праведзена больш за 800 адкрытых урокаў і майстар-класаў, у якіх паўдзельнічала каля 10 000 настаўнікаў краіны.

Яшчэ адным немалаважным аспектам дзейнасці клуба з’яўляецца папулярызацыя беларускіх педагагічных напрацовак на міжнародных педагагічных форумах і конкурсах. Прынамсі, “жураўлі” — пастаянныя ўдзельнікі з’ездаў настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, міжнародных адукацыйных форумаў Расіі, Кыргызстана, Арменіі, Казахстана, супрацоўнічаюць з клубам настаўнікаў года Расійскай Федэрацыі. Неаднаразова падкрэслівалася, што беларускія педагогі маюць выдатную метадычную падрыхтоўку, умеюць працаваць з надпрадметнымі кампетэнцыямі, таму іх урокі, майстар-класы заўсёды запатрабаваны сярод замежных калег.

Каб прэстыж беларускай адукацыі не зніжаўся, патрэбна кансалідацыя намаганняў творчых, ініцыятыўных, энергічных і мэтанакіраваных педагогаў, якімі якраз і з’яўляюцца фіналісты конкурсу “Настаўнік года — 2023”. Падчас планавання дзейнасці клуба “Крыштальны журавель” на 2024 год была агучана скразная тэма “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўніка па пытаннях развіцця і выхавання асобы навучэнца”, у межах якой настаўнікі будуць праца­ваць над вырашэннем праблемных педагагічных сітуацый. Як на конкурсе, толькі на карысць усёй краіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара