У кожнай мінскай школе будзе створаны ваенна-патрыятычны клуб або клас

- 10:45Новости

Асноўныя аспекты арганізацыі канструктыўнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і ДТСААФ у ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў Мінска абмеркавалі ўдзельнікі міжведамаснага семінара. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На базе сярэдняй школы № 204 у час работы выставы і пленарнага пасяджэння быў прадстаўлены багаты вопыт узаемадзеяння ўстаноў адукацыі Мінска і ДТСААФ па грамадзянска-патрыятычным, ваенна-патрыятычным выхаванні, развіцці тэхнічных і ваенна-прыкладных відаў спорту.

— Той патэнцыял, якім валодае ДТСААФ, — перш за ўсё кадры, людзі, якія маюць багаты жыццёвы вопыт, вопыт ваеннай службы, тыя рэсурсы, якія ёсць у арганізацыйных структур ­ДТСААФ, — павінен у большай меры выкарыстоўвацца ў выхаваўчай рабоце і патрыятычным руху ва ўстановах адукацыі. Важна не проста абмеркаваць вопыт узаемадзеяння. Самае галоўнае — выпрацаваць падыходы, якія дазволяць нам удасканаліць гэтую работу. Галоўная мэта адна — уцягнуць у патрыятычны рух найбольшую колькасць моладзі, — адзначыў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Андрэй Стрыгельскі.

Сталіца паспяхова спраўляецца з гэтай задачай. У 62 установах адукацыі функцыянуюць 80 ваенна-патрыятычных класаў, у якіх вучацца 1370 чалавек. Па гэтых пазіцыях Мінск з’яўляецца лідарам у краіне, і іншым рэгіёнам ёсць на што раўняцца.

— Ва ўстановах адукацыі краіны ўжо склалася сістэма работы па ваенна-патрыятычным выхаванні навучэнцаў, у якой асаблівая роля адведзена кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні. Сёння мы маем пэўныя вынікі ў гэтым напрамку, сярэдні паказчык забяспечанасці кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні ў Мінску склаў 94,3%. Адзначаецца пра­грэс у параўнанні з мінулым годам, але працаваць ёсць над чым, бо кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні павінны задаваць тон супрацоўніцтву з ДТСААФ, — паведаміла намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая.

Напярэдадні летняй аздараўленчай кампаніі актуальнай для ўсёй краіны з’яўляецца задача пашырэння сеткі ваенна-патрыятычных лагераў. У летні перыяд 2023 года ў Мінску была арганізавана работа 89 ваенна-патрыятычных лагераў з дзённым, кругласутачным знаходжаннем, у якіх пабывала больш за 2160 падлеткаў.

— Іх работа паказала сваю эфектыўнасць. Аднак вынік не толькі трэба замацаваць, але і павысіць паказчыкі ў гэтым напрамку, — звярнула ўвагу Кацярына Аляксандраўна і дадала: — Плённая работа па патрыятычным выхаванні моладзі магчыма пры ўмове цеснага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з усімі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. Толькі працуючы разам і ўзгоднена, мы зможам выхаваць сапраўдных патрыётаў сваёй Айчыны.

Асаблівую маштабнасць і значнасць набываюць мерапрыемствы, прысвечаныя 80-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У сталіцы ўжо рэалізуюцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтых знамянальных дат. Больш за 30 праектаў распрацавана камітэтам па адукацыі, якія ахопліваюць усе ўзроўні адукацыі, а вынікам удзелу ў акцыях навучэнцаў і педагогаў стануць створаныя творчыя і тэматычныя прадукты, якія ў далейшым будуць даступныя жыхарам сталіцы і яе гасцям.

— У 2024 годзе нам трэба вырашыць задачу стварэння ў кожнай школе ваенна-патрыятычнага клуба або класа, бо наша галоўная мэта — ахапіць патрыятычным рухам як мага большую колькасць моладзі. Для гэтага такая форма работы, як ваенна-патрыятычны клуб ці клас, вельмі добра падыходзіць. Сведчаннем з’яўляюцца больш за 30 клубаў, якія дзейнічаюць у Мінску. Дзеці з задавальненнем іх наведваюць, носяць форму, выконваюць Дзяржаўны гімн, удзельнічаюць у ваенна-патрыятычных гульнях, конкурсах, мерапрыемствах, спасцігаюць асновы ваеннай справы. Гэта ўсё тое, да чаго трэба далучаць сучасную мо­ладзь, адрываючы яе ад гаджэтаў, канапы, бязмэтнага баўлення часу, — падзяліўся Андрэй Валер’евіч.

Па словах старшыні камітэта па адукацыі, ёсць рух да стварэння ў як мага большай колькасці школ сталіцы пярвічных арганізацый ДТСААФ. Добрым прыкладам тут з’яўляецца Маскоўскі раён.

У кожнай школе Маскоўскага раёна сталіцы створана пярвічная арганізацыя ДТСААФ.

Падчас семінара абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння з арганізацыйнымі структурамі ДТСААФ, дзейнасць цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, работа кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, бо, як справядліва было адзначана, толькі разам мы зможам выхаваць сапраўдных патрыётаў.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара