З першымі вясновымі промнямі ў Круцілавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна па суботах стала больш людна. У вучнёўскай бізнес-кампаніі Flower пачынаецца гарачы сезон. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Усю зіму юныя дызайнеры рыхтавалі свае ландшафтныя праекты, абмяркоўвалі, дзе іменна на школьным двары яны найлепш упішуцца. Цяпер жа — час рэалізоўваць задуманае.
Наталля Іванаўна Верамейка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, адзначае:
— Ужо некалькі гадоў дзейнічае наша бізнес-кампанія Flower. Калі мы пачыналі, то ў нас было толькі 5 відаў кветак, а цяпер — больш за 15, прычым кожнага з відаў — сотні кветак. Іх вырошчваннем са студзеня займаюцца нашы навучэнцы 10 і 11 класаў па суботах. Гэта не толькі разнастайвае наш шосты дзень, але і ўпрыгожвае школу, якая ўвесь сезон патанае ў кветках і зеляніне.
На падаконніках падрастае расада кветак. Тут не толькі традыцыйныя аксаміткі, петуніі, сальвіі, але і ампельныя сурфініі, калібрахоа, бакопа, клубневыя бягоніі і інш. Праводзячы сярод іх экскурсію, дырэктар школы Сяргей Аркадзьевіч Гузоўскі падкрэслівае:
— Гэтыя кветкі на рынку дарагія, бо вырасціць іх няпроста. Мы таксама паспрабавалі іх вырошчваць з насення, але потым знайшлі для сябе лепшы спосаб. Напрыканцы сезона пакідаем дарослыя расліны, захоўваем іх усю зіму, а вясной чаранкуем і ўкараняем. Так атрымліваецца крапчэйшая расада, таварны выгляд яна набывае значна раней, адпаведна, мы маем большы попыт на такую прадукцыю. Нашу расаду набываюць і іншыя школы, арганізацыі раёна. Таму не толькі школьныя падаконнікі заняты расадай — не пустуюць і нашы цяпліцы.
Сярод самых актыўных кветкаводаў — 11-класніцы Ксенія Піваварчык і Ксенія Аўсянік. Яны правялі для нас майстар-клас па чаранкаванні і падзяліліся сваім лайфхакам па стварэнні бясплатных шкляначак-трансформераў для расады са старой парніковай плёнкі, якія, дзякуючы сваёй канструкцыі, дазваляюць не парушаць карані кветак пры перасадцы.
— З аднаго куста мы атрымліваем каля 300 чаранкоў і амаль 100 працэнтаў з іх прыжываюцца. Мне прыемна, што сваімі рукамі можна вырасціць столькі прыгажосці, перасадзіць кветкі вакол школы і кожны дзень да маразоў імі любавацца. Высаджваю самыя прыгожыя гатункі і ў сябе дома. Мы жывём у прыватным доме, у мяне ёсць свае клумбы і агарод. Таму як іх аформіць, чым засеяць — вырашаю толькі я, — дзеліцца Ксенія Піваварчык.
Бізнес-кампанія дапамагае не толькі зарабіць сродкі на яе развіццё, але і набыць неабходныя для дзяцей рэчы. Напрыклад, нядаўна за іх у пакой дзіцячых ініцыятыў было набыта камп’ютарнае абсталяванне.
Для многіх дзяцей кветкавае захапленне пазней перарастае ў прафесійнае. У старшай школе яны маюць магчымасць займацца ў агракласе, а пасля выпуску — працягнуць навучанне ў тым ліку і ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. З гэтай установай у школы наладжана цеснае супрацоўніцтва.
— У 2020 годзе ў нас быў першы выпуск агракласа. Больш за 20 нашых выпускнікоў ужо вярнуліся пасля навучання ў БДАТУ і цяпер працуюць у ААТ “Граніт-агра”, яшчэ чацвёра нашых дзяцей там вучацца. Так праект нашай бізнес-кампаніі, які мы пачыналі як магчымасць разнастаіць шосты дзень, у выніку стаў прафесійнымі пробамі, — падсумоўвае Наталля Верамейка.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара