Кожны год у апошнія дні красавіка, калі на яблынях паўночнай Віцебшчыны (самага чыстага ад радыяцыі рэгіёна Беларусі) толькі-толькі з’яўляюцца пупышкі, на поўдні краіны, у Гомельскай вобласці (найбольш пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС), ужо квітнеюць сады. Мільёны бялюткіх кветачак сведчаць пра тое, што чорны колер, у які пафарбаваў гэтую зямлю (у тым ліку Нараўлянскі раён) Чарнобыль, не з’яўляецца дамінуючым. Тут гаспадарыць белы колер — колер спадзяванняў, колер веры людзей у шчаслівую будучыню роднай зямлі.
Свае сілы
У тым, што гэтыя спадзяванні спраўджваюцца, мы з калегамі пераканаліся падчас сустрэч з нараўлянскімі педагогамі ў рамках “чарнобыльскага” прэс-туру. Нават трох гадзін насычанай гутаркі хапіла для таго, каб зразумець важную рэч: мясцовыя жыхары ўпэўнены, што ствараць будучыню роднай зямлі і сваіх дзяцей трэба ў першую чаргу ўласнымі сіламі. Палешукі — яны такія: ва ўсе часы спадзяваліся на сябе, ніколі не скардзіліся на жыццё, а ціха-мірна працавалі, стваралі Палессе, якім яго ведаюць ва ўсім свеце, — адметным, непаўторным, гасцінным краем. Нават Чарнобыль не парушыў спрадвечны лад жыцця нараўлянцаў, ён толькі ўнёс пэўныя карэктывы.
Бяспечныя экспанаты
Гэтыя карэктывы былі ўнесены і ў выхаваўчую работу ўстаноў адукацыі. Узяць, напрыклад, працу па стварэнні музеяў. Калі педагогу-музейшчыку Віцебшчыны можна прыносіць у школьны музей усе не забароненыя заканадаўствам прадметы даўніны, то, напрыклад, стваральніку чатырох школьных музеяў педагогу дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 2 Нароўлі Васілю Васільевічу Чайцы многія экспанаты (асабліва тыя, што былі знойдзены падчас экспедыцый у выселеныя вёскі), трэба папярэдне адпраўляць на радыяцыйны кантроль. Так сталася, напрыклад, з унікальным самаробным такарным станком, знойдзеным у вёсцы Белая Сарока. З фотаздымкамі былога дачарнобыльскага жыцця, якія Васіль Васільевіч знаходзіць амаль у кожнай закінутай хаце цэлымі альбомамі, сітуацыя такая ж. Можна, канечне, фотаздымкі адлічбаваць і змясціць у музеі іх копіі. Аднак у педагога іншыя прынцыпы работы.
У ніводным з музеяў, створаным Васілём Васільевічам, не знойдзеш муляжа: усе экспанаты арыгінальныя. Кіраўнік не толькі выбірае для асноўнага фонду найбольш унікальныя прадметы, сочыць за іх захаваннем, але і рэгулярна праводзіць радыяцыйны кантроль. Наступны прынцып музейнай работы такі: “Музей — гэта ў першую чаргу экспанаты”. Нават падчас нядаўняга капітальнага рамонту 2-й нараўлянскай школы, калі былі грашовыя сродкі для больш яркага афармлення экспазіцыі, Васіль Васільевіч адмовіўся ад такой спакусы. Ён лічыць, што ўвагу наведвальнікаў павінны прыцягваць не стракатыя стэнды, а экспанаты.
Імправізацыя, артыстызм
Вось такія асноўныя сакрэты папулярнасці школьных музеяў, створаных нараўлянскім краязнаўцам сумесна з вучнямі і калегамі. Здаецца, Нароўля — аддалены куточак Палесся, аднак колькасці экскурсій, якія праводзяцца ў сярэдніх школах № 2 і № 3, па-добраму пазайздросцяць многія дзяржаўныя музеі сістэмы культуры. І, канечне, такая папулярнасць была б немагчымая без артыстызму экскурсаводаў, і ў першую чаргу самога кіраўніка музеяў. Падчас знаёмства супрацоўнікаў “Настаўніцкай газеты” з прадметамі нараўлянскай даўніны Васіль Васільевіч і прытанцоўваў, і прысядаў, і падскокваў, і ўсміхаўся, і задуменна расказваў пра колішняе жыццё. Энергетыка апавядальніка, як і энергетыка экспанатаў унікальнага музея дзяцінства, перадаецца наведвальнікам. Кожнаму з нас хацелася паспрабаваць сябе ў ролі экскурсавода. Першым не ўтрымаўся галоўны рэдактар Вадзім Аляксандравіч Кнышаў. Ён, не спяшаючыся, падышоў да раздзела, прысвечанага дзяцінству “двоечнікаў”, і, нібыта экскурсавод-прафесіянал, размерана, акцэнтуючы ўвагу на асобных словах, пачаў зачытваць вытрымкі з пажаўцелага ўжо ад часу пісьма нараўлянскай настаўніцы да бацькоў непаслухмянага вучня: “Прашу вас не забываць пра тое, што вы несяце адказнасць за стан падрыхтоўкі сына да ўрокаў. Калі ён не вывучыць урокі, вам неабходна будзе па нашым выкліку з’явіцца ў школу для сур’ёзнай размовы па пытаннях вашых халатных адносін да выхавання сына”.
Згадаць дзяцінства
На жаль, сёння важнасць гэтых слоў часта забываецца бацькамі, як і забываюцца некаторыя аспекты колішняга дзяцінства. Дык што ж было ў тым дзяцінстве, дзяцінстве без камп’ютарных гульняў і электронных гаджэтаў? Вы забыліся? Тады экспазіцыя музея дзяцінства, размешчанага ў сярэдняй школе № 2 Нароўлі, нагадае вам пра гэта. Ды не проста нагадае, а дазволіць здзейсніць своеасаблівае падарожжа ў часе. Вы захочаце, як некалі, завязаць піянерскі гальштук — калі ласка. Захочаце патрымаць у руках сапраўдную рагатку і драўляны самаробны аўтамат, згадаць гульні “ў вайнушку” — таксама калі ласка. А можа, вы пажадаеце пагуляць з цацачным самазвалам (тым самым, савецкім, металічным, масіўным) — і гэта дазваляецца. Ніякіх вітрын, мінімум стэндаў і максімум кантакту наведвальнікаў з экспанатамі.
— Канечне, здараецца, крадуць, — нібыта чытае пытанне ў нашых вачах Васіль Васільевіч Чайка. — Спецыяльна для такога кантынгенту наведвальнікаў у музеі гісторыі Нараўлянскага раёна ў мяне заўсёды ляжыць некалькі старых манет. Няхай лепш возьмуць гэтыя, чым іншыя, больш каштоўныя экспанаты.
Такіх каштоўных экспанатаў, якія рэдка сустрэнеш у іншых музеях краіны, даволі багата. Напрыклад, у музеі дзяцінства — гэта вазок, у якім мясцовыя памешчыкі Горваты больш за стагоддзе назад каталі сваіх дзяцей. У музеі гісторыі Нараўлянскага раёна — арыгінальны процівагаз, створаны адной вясковай бабуляй для абароны ад “рацыі” (так вымаўлялі мясцовыя жыхары незнаёмае слова “радыяцыя”). А вось якой была пральная машына ў эпоху, калі не было электрычнасці, і колькі караблёў было пабудавана на нараўлянскай суднаверфі, можна даведацца падчас наведвання музеяў промыслаў і рамёстваў, гісторыі Нараўлянскага раёна.
— Калі пачынаю нешта рабіць, то намагаюся рабіць гэта так, каб не паўтарацца з калегамі. Так быў створаны музей дзяцінства, экспанаты якога расказваюць пра даўнейшае жыццё чалавека ад маленства да студэнцтва. Экспанаты збіраюцца кожны дзень. Калі вялікую іх колькасць можна аб’яднаць па пэўнай тэматыцы, то яны становяцца часткай новага музея, — дзеліцца Васіль Васільевіч.
Памятаеце?
Па такім прынцыпе быў створаны яшчэ адзін унікальны школьны музей спажывецкай кааперацыі “Сельмаг”. Яго экспазіцыя — гэта куточак сапраўднага сельскага магазіна дачарнобыльскага перыяду. Адзінае адрозненне ад тыповага сельмага савецкага часу: тут не адчуваецца дыфіцыт тавараў. Цукеркі, крупы, макароны, абутак, адзенне… Такая колькасць тавараў раней адначасова змяшчалася, напэўна, толькі ў мінскім ГУМе або ЦУМе.
— Харчовы аддзел пачынаецца з цукерак. Самыя смачныя былі “кароўка”, ірыска, мармелад, зефір. Самым распаўсюджаным чаем быў грузінскі № 36, а самы смачны індыйскі “са слонікам”. А на каву быў дыфіцыт. Самай папулярнай стравай на Новы год быў салат “аліўе”, таму людзі загадзя набывалі гарошак і захоўвалі яго доўгі час. Макароны з’явіліся ў нашым краі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Калі нехта гатаваў макароны і прыходзілі госці, то яны гаварылі: “Ты ясі макароны, як сам таварыш Сталін!” Па ўпакоўцы можна было даведацца, якога гатунку макароны. Калі была чырвоная лінія, то значыць макароны вышэйшага гатунку, а сіняя — першага. Малако прадавалі ў спецыяльных бутэльках, а самае смачнае было ў трохвугольных пакеціках. Смятана прадавалася ў бідонах і налівалася спецыяльным кубачкам. Чацвер у СССР быў рыбным днём, у нас таксама захоўваюцца бляшанкі з-пад кількі, скумбрыі, — паведаміла экскурсавод, вучаніца 11 класа, якая выконвае ролю прадаўца харчовых тавараў музея “Сельмаг”, Вікторыя Арцюшэнка.
У наступным раздзеле захоўваюцца прамысловыя тавары. Тут можна прымераць кеды, а таксама “румынкі”, пра якія калісьці марыла кожная модніца. Сярод мужчын былі папулярнымі трайны адэкалон і адэкалоны “Чырвоная Масква”, “Шыпр”. У кожнага паважаючага сябе маладога чалавека быў радыёпрыёмнік. Калі гэта быў “Акіян-209” або “Акіян- 214” і металічны ліхтарык, то ён мог правесці дзяўчыну да дому і спадзявацца на пацалунак. Вы пра гэта не забыліся? Памятаеце?
Залатое кола
Для аператыўнага журналісцкага знаёмства з адметнасцямі таго ці іншага краю існуюць два надзейныя спосабы: наведацца ў школьны музей або адправіцца з педагогам-краязнаўцам у аўтамабільную або веласіпедную вандроўку. У Нараўлянскім раёне вам прапануюць і першы, і другі варыянт. На жаль, праграма прэс-туру была надзвычай насычанай, таму часу хапіла толькі на музейнае падарожжа. Аднак пры наяўнасці больш вольнага часу варта абавязкова адправіцца па маршруце Залатога кола Нараўляншчыны, распрацаваным Васілём Васільевічам Чайкай.
Пра любое ўрочышча, якое сустрэнецца на вашым шляху, можна даведацца цікавую гісторыю. Першым такім урочышчам стане Валова гара, дзе ў другой палове XVIII стагоддзя збіраліся разбітыя рэгулярнымі войскамі атрады Гайдамакаў, а падчас Вялікай Айчыннай вайны хаваліся ад карнікаў мясцовыя жыхары. Наступная адмет-насць — насып былой чыгункі Нароўля — Ельск. А вось першы населены пункт Залатога кола — вёска Калінічы, якая да 1965 года называлася Кныроўка. Цікавую інфармацыю можна даведацца і пра вёскі Завойць (дзе калісьці выраблялі паташ для вытворчасці шкла і мыла), Галоўчыцкая Буда (у яе ваколіцах адбыўся бой паміж партызанамі і карнікамі), Галоўчыцы (былы цэнтр маёнтка Горватаў), Дзямідаў (у ваколіцах вёскі ёсць Бабачая гара, на якой, напэўна, у старажытныя часы знаходзілася паганскае капішча і каля якога быццам бы праплывала княгіня Вольга падчас знакамітага паходу на драўлян).
— Праз некаторы час ад вёскі Дзямідаў мы пад’едзем да вёскі Лубень. Улетку 1943 года фашысты акружылі яе. Сагналі жыхароў на сярэдзіну вёскі, дзе ста яў крыж, пад дулам кулямётаў паставілі іх на калені і прымусілі маліцца Богу. Потым частку людзей загналі ў калгаснае гумно, а другую — у жылы дом. Тых, хто апынуўся ў гумне, падпалілі і адкрылі кулямётны агонь, а па вокнах жылога дома сталі страляць з вінтовак. Звар’яцелыя ад жаху людзі сталі выскокваць з вокнаў дома і разбягацца пад кулямі. Больш за 120 мірных жыхароў загінула ад рук карнікаў. Пасля наведвання помніка загінуўшым вяскоўцам мы накіроўваемся да месца, дзе знаходзіўся штаб 27-й партызанскай брыгады імя С.М.Кірава, — паведаміў аўтар маршруту.
На гэтым месцы юныя краязнаўцы заўсёды спыняюцца на абед. Пасля партызанскага лагера маршрут пралягае да рэчкі Хані, на месца былога хутара Саі. Яшчэ адна адметнасць раёна — Дрэва кахання: дуб і сасна, якія перапляліся стваламі. Амаль як у класіка: і дуб у пары з сасною… Побач з гэтым цудам прыроды ляжыць валун з выбітай выявай стралы. Гэты камень, на думку Васіля Васільевіча, з’яўляецца найстаражытнейшым паказальнікам напрамку руху на тэрыторыі Беларусi. Адметным пунктам падарожжа стане магіла Аўдоцці Кандыбайла — пажылой жыхаркі вёскі Хільчыха, якая дапамагала партызанам і якую карнікі па дарозе ў партызанскі атрад падчас засады злавілі, катавалі, а потым разарвалі цела на часткі.
Вёска Белы Бераг згадваецца ў летапісах яшчэ з 1545 года, але аварыя на Чарнобыльскай АЭС паставіла крыж на яе лёсе, вёска выселена. Белы Бераг з’яўляецца радзімай Героя Сацыялістычнай Працы Аляксандра Рыгоравіча Рабешкі. Адразу за вёскай знаходзіцца Дзедава гара, на якой, як расказваюць старажылы, жыў дзед-вядзьмак. Апошні пункт Залатога кола Нараўляншчыны — вёска Вербавічы, самы старадаўні населены пункт раёна, вядомы ў гістарычных дакументах яшчэ з сярэдзіны XIV стагоддзя. Адметная вёска і помнікам архітэктуры сярэдзіны ХІХ стагоддзя мураванай царквой Параскевы Пятніцы. З гэтай вёскай звязана таксама драматычная падзея: у яе ваколіцах у 1982 годзе пацярпеў катастрофу пасажырскі самалёт ЯК- 42, які ляцеў па маршруце Ленінград — Кіеў. Усе 124 чалавекі, якія знаходзіліся на борце самалёта, загінулі. Пра гэтую трагедыю, дарэчы, можна даведацца і ў школьным музеі гісторыі Нараўлянскага раёна.
Куча сала
Васіль Васільевіч склаў некалькі падобных гісторыка-экалагічных маршрутаў. Адзін з іх распрацаваны нядаўна з нагоды 30-годдзя аварыі на ЧАЭС па ініцыятыве аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі і аддзела адукацыі, спорту і турызму Нараўлянскага райвыканкама. Яго працягласць сімвалічная — 30 км. Маршрут прадугледжвае наведванне месцаў выселеных вёсак, брацкіх магіл і абеліскаў, знаёмства з флорай і фаўнай раёна. У ходзе маршруту наведвальнікі даведаюцца шмат цікавых фактаў з далёкага мінулага Нараўлянскага краю.
Адметным з’яўляецца і веласіпедны маршрут працягласцю 17 км, які пралягае па ўрочышчах з цікавымі назвамі (Сталінская дзялянка, Валы, Воўчае балота, Бабіцкі брод, Гарадзішча, Буслава магіла), праходзіць па Мазырскай градзе, беразе рэчкі Салакучы. Дарэчы, з гэтай рэчкай у нас, удзельнікаў прэс-туру, звязаны асаблівыя ўспаміны. Па дарозе з Нароўлі на Мазыр мы перасякалі яе тройчы і, канечне, не маглі не зацікавіцца паходжаннем незвычайнай назвы. Якія гіпотэзы мы толькі не выказвалі! Адным словам, дарога ад нараўлянскіх да мазырскіх педагогаў праляцела незаўважна. Дык якія падзеі сталі прычынай надання арыгінальнай назвы? Як паведамілі Васілю Васільевічу мясцовыя старажылы, аднойчы з Чарнобыля ў Мазыр купцы везлі абоз сала. Падчас пераправы праз рэчку на адным з вазоў зляцела кола. Усё сала з воза перакулілася ў ваду. Купцы яго вылавілі і паклалі на беразе сохнуць. У гэты час побач праходзілі мясцовыя людзі, ды так здзівіліся кучы сала, што і назвалі адпаведным чынам рэчку.
Шляхам адраджэння
Актыўная краязнаўчая работа ўдзельнікаў гуртка “Пошук”, што дзейнічае на базе сярэдняй школы № 2 Нароўлі, прыносіць плённыя вынікі. Выхаванцы Васіля Васільевіча Чайкі рэгулярна перамагаюць на раённых, абласных конкурсах, канферэнцыях, займаюць прызавыя месцы і на мерапрыемствах рэспубліканскага ўзроўню. Гэта што тычыцца краязнаўчага кірунку выхаваўчай работы навучэнцаў Нараўляншчыны. Мастацкі, тэхнічны, эколага-біялагічны — гэта парафія ўжо Нараўлянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Як адзначыла дырэктар установы Таццяна Дзмітрыеўна Карась, цэнтр творчасці — гэта месца, дзе навучэнцы могуць не толькі адпачыць пасля напружанага вучэбнага дня, павесяліцца, але і праявіць творчасць і фантазію, развіць разнастайныя здольнасці і задаткі, правесці вольны час з карысцю.
— Доўгі час мы туліліся ў старым будынку былога ваенкамата. 13 мая 2011 года пераехалі ў новы будынак і ўжо 30 верасня адсвяткавалі адкрыццё. Сёння наш цэнтр налічвае 31 аб’яднанне па інтарэсах, у якіх займаюцца 425 навучэнцаў школ горада і раёна па 5 напрамках: дэкаратыўна-прыкладным, выяўленчым, тэхнічным, фізкультурна-спартыўным і музычным. Высокія творчыя вынікі нашы навучэнцы паказваюць падчас удзелу ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах і конкурсах. У бягучым навучальным годзе мы атрымалі 2 рэспубліканскія дыпломы I ступені, 4 абласныя дыпломы розных ступеняў, 2 абласныя дыпломы ў намінацыях, шэраг дыпломаў раённых конкурсаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць да нас, каб выбраць сваю яркую дарогу і скласці разам з педагогамі сваю вясёлкавую гісторыю школьнага жыцця, — паведаміла Таццяна Дзмітрыеўна.
У цэнтры рэгулярна ладзяцца выставы з нагоды дзяржаўных свят, знамянальных дат і падзей. Кожны год праводзяцца і мерапрыемствы з нагоды чарнобыльскай трагедыі. У гэтым годзе асаблівая дата. Напярэдадні 26 красавіка Беларускае аддзяленне Расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС падарыла цэнтру інфармацыйны стэнд “Прайсці шляхам адраджэння 30 гадоў пасля”. Педагогі і выхаванцы цэнтра падрыхтавалі і аформілі выставу малюнкаў “Чарнобыль і Нараўляншчына: 30 гадоў пасля…”, удзельнічалі ў канцэрце “Чарнобыльскі шлях”, падрыхтавалі выставы “Беларусь вачамі дзяцей” і “Свет вакол нас”.
На шчасце
Кожны год у апошнія дні красавіка на пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС Нараўлянскай зямлі цвітуць яблыневыя сады. Мільёны бялюткіх кветачак сведчаць пра тое, што чорны колер, у які 30 гадоў назад пафарбаваў гэтую зямлю Чарнобыль, не з’яўляецца дамінуючым. Тут гаспадарыць белы колер — колер спадзяванняў, колер веры нараўлянцаў у шчаслівую будучыню роднай зямлі. Усё ж нездарма на гербе Нароўлі красуецца выява падковы. Сапраўды, на шчасце.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.