У Ленінскім раёне Мінска напісалі інклюзіўную дыктоўку

- 13:00Новости

Дыктоўка «Інклюзія — гэта ўклад кожнага» прайшла на базе раённага ЦКРНіР і сярэдняй школы № 15 і была прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Сярод удзельнікаў былі супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна сталіцы на чале з Наталляй Кучынскай, кіраўнікі школ, гімназій і ўстаноў дадатковай адукацыі — усяго 35 чалавек, а таксама 50 педагогаў-прадметнікаў.

— Міжнародны дзень інвалідаў — гэта дзень, напоўнены любоўю, увагай і дабрынёй, — адзначае Наталля Генадзьеўна. — Калі я як начальнік упраўлення па адукацыі ініцыіравала напісанне інклюзіўнай дыктоўкі дырэктарамі школ і ўстаноў дадатковай адукацыі, то ставіла дзве мэты. Па-першае, гэта сур’ёзная рэфлексія, якая дае кожнаму кіраўніку магчымасць ацаніць дастатковасць прынятых ім мер па стварэнні адаптыўнага асяроддзя і фарміраванні інклюзіўнай культуры ва ўстанове. Па-другое, мы хацелі яшчэ раз убачыць таленты дзяцей, якія маюць парушэнні здароўя, і адпаведна абазначыць перспектыву развіцця нашых школьнікаў у розных напрамках.

Інклюзіўная дыктоўка прайшла другі раз для педагогаў і ўпершыню для кіраўнікоў. Яна ўключала 4 блокі пытанняў: асновы інклюзіўнай адукацыі, перавагі інклюзіўнай адукацыі, дыскрымінацыя ў сферы адукацыі, асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу. Пытанні складалі кіраўнікі ЦКРНіР Ленінскага раёна, зыходзячы з нарматыўна-прававога забеспячэння сістэмы спецыяльнай адукацыі. Што такое інклюзіўная культура? Якая галоўная задача педагога ў інклюзіўнай адукацыі? Што з’яўляецца праявай дыскрымінацыі ў адносінах да дзяцей з АПФР у сферы адукацыі? Кожнае пытанне прадугледжвала выбар варыянтаў адказаў.

Тэкст дыктоўкі кіраўнікам прычытала тэлевядучая Кацярына Цішкевіч. Удзельнікі правяралі работы адно аднаго, звяралі іх з правільнымі адказамі, якія з’яўляліся на мультыбордзе, слухалі каментарыі спецыялістаў раённага ЦКРНіР. Усе атрымалі адпаведныя сертыфікаты аб праходжанні інклюзіўнай дыктоўкі.

— Інклюзіўная адукацыя ў нашай краіне прадугледжвае ўключэнне ўсіх дзяцей, незалежна ад адрозненняў, што існуюць паміж імі, у агульнае і адзінае адукацыйнае асяроддзе, — адзначае дырэктар ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска Наталля Сакратарова. — Найважнейшымі прынцыпамі інклюзіўнай адукацыі з’яўляюцца забеспячэнне роўнага доступу ўсіх дзяцей да якаснай адукацыі, прызнанне ўнікальнасці кожнага вучня, стварэнне ва ўстановах адукацыі спецыяльных умоў і спрыяльнага асяроддзя для іх самарэалізацыі. Інклюзія — гэта не імгненная з’ява, а важны і непазбежны этап у развіцці любога грамадства, якая цесна звязана з разуменнем важнасці якасці жыцця, чалавечых адносін і захавання правоў людзей.

Да Міжнароднага дня інвалідаў у Ленінскім раёне прайшоў шэраг іншых мерапрыемстваў. Адбыўся фестываль творчых праектаў «Паспяховы — Я!» з удзелам навучэнцаў класаў інтэграванага навучання і выхавання з 19 школ раёна. Загадчыкі дзіцячых садоў былі заняты ў інтэрактыўнай праграме «Свет навобмацак», што дазволіла ім паспрабаваць зразумець адчуванні людзей, якія не бачаць. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі гэтымі днямі працягваецца раённы агляд-конкурс сенсорных пакояў.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота прадастаўлены ЦКРНіР Ленінскага раёна Мінска