У лідскім садзіку № 40 дзеці асвойваюць шашкі і шахматы з верным памочнікам Дракошам

- 16:26Образование

У дзіцячым садзе № 40 Ліды рэалізаваны эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі па апрабацыі дыдактычных матэрыялаў, накіраваных на логіка-матэматычнае развіццё малышоў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

І сёння ва ўстанове працягваюць выкарыстоўваць напрацаваныя за два гады матэрыялы. Да праекта першапачаткова далучыліся 22 выхаванцы старшай групы і выхавальнікі Вольга Вельб і Таццяна Грынюк.

Мы апрабавалі настольныя лагічныя гульні, практыкаванні і адукацыйныя сітуацыі, распрацаваныя з улікам асаблівасцей лагічнага мыслення дзяцей ва ўзросце ад 5 да 7 гадоў, — дзеліцца загадчыца Вера Стэфановіч. — З дапамогай гэтых дыдактычных матэрыялаў выхаванцы атрымліваюць элементарныя матэматычныя ўяўленні і асвойваюць звязаныя з імі лагічныя аперацыі. Асноўная мэта нашай работы — падрыхтаваць дзяцей да паспяховага навучання ў школе. Праект завяршыўся, аднак мы працягваем выкарыстоўваць дыдактычныя матэрыялы і гульнявыя практыкаванні, прапанаваныя кіраўніком эксперыментальнага праекта, загадчыцай кафедры методык дашкольнай адукацыі БДПУ, кандыдатам педагагічных навук Марынай Мельнікавай.

У групе было створана неабходнае прадметна-развіццёвае асяроддзе. Асабліва малышоў прываблівае шахматнае палатно на падлозе і казачны персанаж Дракоша — цацка, якая ажывае ў руках педагогаў падчас заняткаў. Спачатку на падлозе разыгрываюцца адукацыйныя сітуацыі і выконваюцца практыкаванні па шахматах і шашках, а затым дзеці пераходзяць да настольна-лагічных гульняў. Заняткі праходзяць чатыры разы на тыдзень у другой палове дня. Педагогі прымяняюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, гульнявыя метады, тэхналогію эмацыянальнага паглыблення ў тэму, асобасна-арыентаваны падыход. Замацаванне атрыманых ведаў адбываецца з дапамогай спецыяльных заданняў на індывідуальных картках.

— Дзеці атрымліваюць першыя ўяўленні аб гульні ў шашкі і шахматы, даведваюцца гісторыю іх узнікнення, правілы, вучацца ўпэўнена арыентавацца на полі, асвойваюць камбінацыі ў партыях. Мы знаёмім выхаванцаў з дзеяннямі фігур, — адзначае Вольга Вельб. — У настольнай лагічнай гульні «Чым падобныя і непадобныя прадметы» ставіцца мэта фарміравання навыкаў выканання правіл гульні і развіцця аналітычнага мыслення: вылучэнне частак прадмета і яго прымет (колер, памер, форма, матэрыял, колькасць). Адукацыйная сітуацыя «Шахматы. Шахматная дошка» знаёміць з белымі і чорнымі палямі, вуглавымі, крайнімі і цэнтральнымі палямі, а таксама з паняццямі «гарызанталь», «вертыкаль» і «дыяганаль», вучыць правільнаму размяшчэнню шахматнай дошкі. А адукацыйная сітуацыя «Шахматная натацыя» — з назвамі фігур і ўмоўнымі знакамі дошкі.

— Нашы выхаванцы з нецярпеннем чакаюць кожнай новай адукацыйнай сітуацыі, просяць бацькоў пагуляць з імі ў шашкі і шахматы дома, — гаворыць Таццяна Грынюк. — Мы падтрымліваем гэтую ініцыятыву, адпраўляем бацькам фотасправаздачы па гульнях, кансультуем іх і дзелімся папкамі-перасоўкамі на тэмы «Шахматы ў дашкольным узросце», «Маленькія шахматысты», «Правілы паводзін падчас гульні і асноўныя паняцці і тэрміны».

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва ўстановы