У лістападаўскім дадатку «Псіхолаг у школе» — пра талерантнасць да людзей з асаблівасцямі ў развіцці

- 17:14Новости

Штомесячны дадатак да «Настаўніцкай газеты» выйдзе ў свет 18 лістапада.

Аўтарскі праект педагога-псіхолага сярэдняй школы № 12 Слуцка Святланы Самусевіч пра неабходнасць псіхалагічнай асветы бацькоў на трэнінгавых занятках «Мастацтва стварэння гармоніі ў сям’і» накіраваны на тое, каб дапамагчы дарослым разумець сваіх дзяцей. Спецыяліст упэўнена, што работа з бацькамі з’яўляецца ключавым элементам у падтрымцы псіхаэмацыянальнага дабрабыту дзяцей і іх паспяховай сацыялізацыі. Вопыт правядзення курса «Мастацтва стварэння гармоніі ў сям’і» можа быць паспяхова выкарыстаны іншымі педагогамі і спецыялістамі ў галіне адукацыі і выхавання. Святлана Самусевіч плануе выдаць аўтарскі дапаможнік-трэнажор, які будзе карысны многім. Чакаем!

Гэтымі днямі ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень талерантнасці. Ці лёгка жывецца ў нашым грамадстве людзям з абмежаванымі магчымасцямі? Як згуртаваць клас, у якім вучыцца асаблівае дзіця? Як дапамагчы яго бацькам і настаўнікам? На гэтыя і многія іншыя пытанні ведае адказ педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 1 Паставаў Ала Дзямчук.

Наш пастаянны аўтар педагог-псіхолаг дзіцячага сада № 161 Мінска, кіраўнік МА педагогаў-псіхолагаў устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна сталіцы Наталля Стэльмах дзеліцца парадамі, як дапамагчы дзіцяці перажыць траўму. А педагог-псіхолаг Рэчыцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ігар Маліноўскі прадстаўляе да ўвагі калег уласную распрацоўку — анкету «Твая асабістая прастора і бяспека». Пытанні анкеты тычацца рызыкі парушэння асабістых меж і сексуалізаванага насілля ў адносінах да дзіцяці. На старонках лістападаўскага дадатку — сама анкета і інтэрпрэтацыя вынікаў.

Прыемнага і карыснага чытання, шаноўныя калегі!

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА