Школа, вучні, выкладанне. Для Таццяны Чубуковай з Горак усё гэта — прыярытэт. Але самае значнае месца ў жыцці настаўніцы займае мацярынства. Таццяна Міхайлаўна — тройчы мама. Разам з мужам гадуе двух сыноў і дачушку. Дзяцей у педагагічнай сям’і выхоўваюць з клопатам, цеплынёй і любоўю. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У сям’і Чубуковых агульныя не толькі захапленні, мары і імкненні. Прафесія ва Уладзіміра Сяргеевіча і Таццяны Міхайлаўны таксама адна на дваіх. Яны — настаўнікі сярэдняй школы № 2 горада Горкі.
— Кажуць, што ўсе выпадковасці не выпадковыя. У праўдзівасці гэтага сцвярджэння пераканаўся асабіста. Атрымаўшы пасведчанне аб базавай адукацыі, паступіў у вучылішча, вырашыў паспрабаваць сябе ў выкладчыцкай справе. Неўзабаве захапіўся і зразумеў, што знайшоў сваё прызванне. Ужо свядома прыступіў да работы і завочна працягнуў вучобу ў МДУ імя А.А.Куляшова. Менавіта ўніверсітэт і паспрыяў знаёмству з будучай жонкай, — падзяліўся Уладзімір Чубукоў.
— Нашу першую сустрэчу з цеплынёй успамінаю і цяпер. Мы абое родам з Горацкага раёна і даволі часта ездзілі ва ўніверсітэт на міжгароднім аўтобусе. Аднойчы селі на суседнія сядзенні. Размова завязалася неяк сама сабой, у нас было шмат тэм для абмеркавання. Узаемная сімпатыя ўзнікла адразу. Паступова яна перарасла ў каханне, — дадала Таццяна Чубукова.
З пары студэнцтва свае светлыя пачуцці Уладзімір Сяргеевіч і Таццяна Міхайлаўна нясуць праз усё жыццё. Сёлета іх сям’і споўнілася ўжо 22 гады. Заўсёды разам вырашаюць бытавыя праблемы і прафесійныя задачы.
— Прытрымліваемся аднолькавых прынцыпаў у выкладанні. Перакананы, што настаўнік павінен не толькі даваць веды, але і фарміраваць дзіцячую асобу. Імкнёмся будаваць урокі так, каб іх змест пакідаў след у памяці навучэнцаў, — заўважыў Уладзімір Чубукоў.
Дарэчы, Уладзімір Сяргеевіч выкладае гісторыю, Таццяна Міхайлаўна раскрывае вучням таямніцы матэматыкі. Прадметы не з лёгкіх, але педагогі Чубуковы ведаюць, як прывіць дзецям цікавасць да іх вывучэння.
— Каб матэматыка была зразумелай, лекцый з падручніка недастаткова. Раблю ўпор на практыкаарыентаванасць, звязваю задачы са штодзённасцю. Разнастаіць заняткі дапамагаюць таксама візуалізацыя, нестандартныя заданні. Шырока выкарыстоўваю тэхналогіі па развіцці крэатыўнага мыслення, — расказала Таццяна Чубукова.
Погляды Таццяны Міхайлаўны поўнасцю падзяляе і Уладзімір Сяргеевіч. Яго ўрокі заўсёды праходзяць у атмасферы супрацоўніцтва з вучнямі.
— Стараюся пачуць, зразумець, накіраваць, заахвоціць, стварыць сітуацыю поспеху для кожнага вучня. Усебакова выкарыстоўваю на занятках тэхналогіі праблемнага навучання і фарміравання функцыянальнай адукаванасці, — паведаміў Уладзімір Чубукоў.
У класах, дзе працуюць педагогі, даволі высокі ўзровень вучэбнай паспяховасці, навучэнцы вынікова ўдзельнічаюць у алімпіядах, інтэлектуальных і даследчых конкурсах. Вялікую ўвагу Уладзімір Сяргеевіч і Таццяна Міхайлаўна ўдзяляюць выхаванню. Асабістым прыкладам яны вучаць сваіх вучняў працавітасці, адказнасці, патрыятызму.
— Дапамагаем навучэнцам знайсці сваё месца ў грамадстве. Прыемна, што многія выпускнікі выбралі матэматыку ці гісторыю за аснову прафесіі, а некаторыя і наогул сталі настаўнікамі, — адзначылі суразмоўнікі.
У сям’і падрастаюць двое сыноў — Аляксандр і Аляксей, а таксама дачушка Ліза.
— Дзеці — наша гордасць. Яны вельмі дружныя паміж сабой. Старэйшыя хлопчыкі — школьнікі, радуюць поспехамі ў вучобе, творчасці, спорце. Дачка яшчэ наведвае дзіцячы сад, — расказала Таццяна Міхайлаўна.
У сям’і Чубуковых шмат традыцый і захапленняў. Разам з дзецьмі бацькі адпраўляюцца ў рэгулярныя падарожжы па рэгіёне і краіне, займаюцца рыбалкай, вырошчваюць агародніну.
— Любую вольную хвіліну праводзім разам. Бо сям’я — галоўная наша каштоўнасць, — падкрэслілі педагогі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара