У Мінску ўрачыста адкрылі пасля капрамонту гімназію № 146

- 11:08Новости

Сапраўдным падарункам у гэтыя навагоднія дні для юных жыхароў Маскоўскага раёна сталіцы і іх бацькоў стала адкрыццё абноўленай гімназіі № 146. Што тут змянілася пасля капрамонту з мадэрнізацыяй, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала дырэктар установы Святлана Бондарава.

Суразмоўніца не хавае сваёй радасці, што трэцюю чвэрць пачынаюць у родных сценах. У перыяд правядзення работ навучэнцы наведвалі заняткі ў суседніх установах адукацыі.

— Нашы дзеці ўбачылі сучасны будынак з новымі холамі, прыгожымі лесвіцамі, адрамантаванымі кабінетамі, — адзначыла С. Бондарава. — Падчас капрамонту ўцеплены і абноўлены фасады, дзякуючы чаму нават у моцныя маразы ў кабінетах цёпла і ўтульна. Адрамантаваны дах, інжынерныя сеткі і сістэмы, заменены вокны і дзверы, выкананы работы па ўзмацненні апорных канструкцый у падвале. Акрамя таго, прыведзена ў парадак прылеглая тэрыторыя, спартыўная і актавая залы, стадыён. Кабінеты фізікі, хіміі і біялогіі аснашчаны найноўшым абсталяваннем. З’явілася памяшканне для школьнага музея — яго адкрыюць сёлета. Экспанаты для экспазіцыі пад рабочай назвай «Героі Мінска» дзеці будуць збіраць разам з педагогамі.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, які прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ўстановы, назваў праведзеную мадэрнізацыю будынка прыкладам рацыянальнага выдаткоўвання бюджэтных сродкаў.

— Здараецца, дзеці ідуць вучыцца ў іншыя школы на некалькі гадоў. Тут такога не адбылося — справіліся за 9 месяцаў. Ставілі мэту правесці капітальны рамонт толькі па неабходных напрамках (інжынерныя камунікацыі, дах, уцяпленне). У астатнім будынак у глыбокай мадэрнізацыі не меў патрэбы. Педагагічны калектыў і будаўнікі дзейнічалі зладжана. У тым ліку ўкладваліся пазабюджэтныя сродкі, — расказаў А. Цуран.

Пасля капрамонту ва ўстанове з’явіцца шмат навінак. З трэцяй чвэрці пачынаюцца заняткі ў інжынерна-тэхнічным цэнтры з сучаснай робалабараторыяй. Дарэчы, майстар-клас настаўніцы інфарматыкі Наталлі Рыбачонак у гэтым цэнтры мелі магчымасць убачыць госці гімназіі.

У наступным навучальным годзе старшакласнікам прапануюць паступіць у профільныя інжынерныя класы. Іх стварэнне прадугледжвае развіццё тэхнічных навыкаў, прафарыентацыю і падрыхтоўку да будучай прафесіі (наведванне прамысловых прадпрыемстваў, супрацоўніцтва з БНТУ), стымуляванне цікавасці да навукі і тэхналогій.

Гімназія № 146 — адна з лепшых устаноў адукацыі Маскоўскага раёна. Тут вучыцца 900 чалавек. Гімназісты неаднаразова адзначаліся дыпломамі алімпіяд і конкурсаў, станавіліся лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікамі прэмій Мінгарвыканкама, прызёрамі розных спартыўных спаборніцтваў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота БелТА і з архіва гімназіі