У мінулае праз старадаўнія брамы. Краязнаўчае падарожжа па Бярозаўскім раёне

- 14:16Репортаж

Герб якога беларускага райцэнтра ўпрыгожвае брама? Здагадаліся? Калі не — падказка: адным з сімвалаў горада з’яўляецца беластволая прыгажуня… Гаворка, канечне, пра Бярозу! Дрэвамі мы абавязкова палюбуемся, але спачатку азнаёмімся са старадаўнімі брамамі — галоўнай архітэктурнай адметнасцю Бярозаўшчыны.

Не горш, чым у Нясвіжы

Бярозаўскі раён — адзін з нямногіх у Беларусі, дзе ў добрым стане захаваліся гэтыя ўнікальныя помнікі архітэктуры. Ды яшчэ якія! З велічнасцю і багатай гісторыяй брам у Бярозе і Песках можа параўнацца хіба толькі знакамітая Слуцкая брама. Але ёсць нюанс. Калі палюбавацца нясвіжскай жамчужынай кожны год прыязджаюць тысячы турыстаў, то брамы былога манастыра картузіянцаў і сядзібна-паркавага комплексу Пуслоўскіх бачыла куды меншая колькасць гасцей. Гэтую несправядлівасць спрабуюць выправіць настаўнікі. Разам з імі мы і прагуляемся па гістарычных мясцінах Бярозаўшчыны.

У аб’ектыве — родны край

За некалькі гадзін, праведзеных у кампаніі педагогаў сярэдняй школы № 2 Бярозы, Стрыгінскай, Пескаўскай сярэдніх школ і гімназіі Белаазёрска, я не толькі пачуў шмат цікавага пра архітэктурныя помнікі раёна, але і спазнаў усю прыгажосць багатай палітры школьнага краязнаўства. З вуснаў настаўнікаў гучалі вершы, загадкі, экскурсіі, яны праводзілі інтэрактыўныя гульні, паказвалі ўнікальныя экспанаты, арыгінальныя фотаздымкі, якія хоць зараз адпраўляй на рэспубліканскія або міжнародныя фотаконкурсы ў намінацыі “Архітэктурная спадчына”.

Менавіта з фотавыставы, прысвечанай былому манастыру картузіянцаў, і пачалося маё знаёмства з краязнаўчай дзейнасцю бярозаўскіх педагогаў. Па словах настаўніцы гісторыі сярэдняй школы № 2 райцэнтра Жанны Мікалаеўны Казловіч, фотаздымкі былі зроблены вучнямі ў рамках тыдня гісторыі. Лепшыя конкурсныя работы занялі ганаровае месца ў раздзеле “Мая Бярозаўшчына” школьнага музея “Памяці і падзякі”.

— Гэты раздзел створаны невыпадкова. У сваёй рабоце мы з калегамі ўдзяляем вялікую ўвагу краязнаўству. З 6 класа практычна па ўсіх тэмах праграмы па гісторыі Беларусі выкарыстоўваем мясцовы матэрыял. У рамках ўрокаў “Наш край” арганізоўваем для дзяцей вучэбныя экскурсіі з наведваннем гістарычных аб’ектаў. Такія экскурсіі ладзім не толькі для вучняў нашай школы. У музей на канікулах і ў шосты дзень прыязджаюць госці з іншых школ раёна. Праводзім для іх як аглядавыя, так і тэматычныя экскурсіі. Прычым не толькі на дзяржаўных мовах (беларускай і рускай), але і на англійскай, наладжваючы такім чынам метапрадметныя сувязі. Экскурсія на замежнай мове была распрацавана маёй калегай Ганнай Леанідаўнай Куст, — паведаміла Жанна Мікалаеўна.

Крэатыўная экскурсія

Тое, што краязнаўчая экскурсія можа быць не толькі інфарматыўнай, але і крэатыўнай, пераканала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Стрыгінскай сярэдняй школы Алена Юр’еўна Казловіч, паказаўшы фрагмент заняткаў з выкарыстаннем элементаў методыкі Мантэсоры, прыёмаў “Трыміно” і “Друдлы”.

— Урок разлічаны ў першую чаргу на дарослую аўдыторыю, хаця яго элементы я часта выкарыстоўваю падчас экскурсій з вучнямі. Асноўная адметнасць заняткаў — элементы методыкі Марыі Мантэсоры — шурпатыя літары. Такія літары могуць выкарыстоўвацца на розных этапах урока ў якасці візуалізацыі або нагляднасці. Даю заданні і з прыёмам “Трыміно” — своеасаблівага даміно, толькі з трохвугольнымі фігурамі, бакі якіх трэба дапасаваць паміж сабой адпаведным чынам, — патлумачыла настаўніца.

Дык што ж такое шурпатыя літары? Усё, аказваецца, проста. Настаўніца прапануе вучням знайсці ключавое слова, якое будзе ў цэнтры ўвагі на працягу заняткаў. Яго трэба сабраць па літарах. Вучні заплюшчваюць вочы і навобмацак выбіраюць картку з шурпатай літарай. Расплюшчыць вочы можна толькі пасля таго, як правільна назавеш літару. У выніку ўтвараецца слова “кляштар”.

Па словах Алены Юр’еўны, работа адбываецца не толькі з літарамі, але і з лічбамі падчас прыёму “Ведаю — не ведаю”. Настаўніца прапануе адказаць, што ў дачыненні да манастыра абазначаюць лічбы, пазначаныя на картках або мультыбордзе. Напрыклад, лічба 1648 сведчыць пра год, у якім пачалося будаўніцтва манастыра, а лічба 1689 — год яго завяршэння. Гэтую лічбу, дарэчы, можна ўбачыць на франтоне ўязной брамы.

07
018_на сайт
020_на сайт
017_на сайт
015_на сайт
07 018_на сайт 020_на сайт 017_на сайт 015_на сайт

— Гэта быў адзіны на землях тагачаснага ВКЛ манастыр картузіянцаў. Каб пабудаваць кляштар у папулярным тады стылі барока, у Бярозу запрасілі архітэктара з Італіі. На думку даследчыкаў, гэта быў Джавані Баціста Гіслені (яшчэ можна сустрэць версію Джыслені). А вось ініцыятарам і фундатарам будаўніцтва стаў Казімір, сын Льва Сапегі. Гэта быў шыкоўны комплекс будынкаў. Акрамя брамы, храма, келляў манахаў, узвялі палац Сапегі. З таго часу захавалася ўязная брама, рэшткі вежы-званіцы і кляштарных сцен, частка фундамента касцёла, пад якім калісьці знахо­дзілася крыпта, дзе хавалі прадстаўнікоў роду Сапегаў, — паведаміла Алена Юр’еўна.

Фрагмент інтэрактыўнай экскурсіі настаўніца паказала ў музеі 2-й бярозаўскай школы. Пасля аповеду пра гісторыю манастыра яна дастала карткі з лічбамі 5, 3, 3 і прапанавала калегам сумяс­ціць іх. Правільна — 335. Менавіта столькі гадоў прайшло з моманту завяршэння будаўніцтва манастыра. Летась, па словах Алены Юр’еўны, таксама быў юбілей. Мінула 375 гадоў з дня заснавання манастыра, калі заклалі яго вуглавы камень.

Самы цікавы і самы любімы ў вучняў этап экскурсіі напрыканцы. А як яшчэ! За правільныя адказы ім даюць падарункі. Але атры­маць іх могуць толькі тыя, хто ўважліва слухаў аповед экскурсавода і ў каго выдатная фантазія. Сутнасць наступная: настаўніца паказвае друдлы (створаныя ў спецыяльнай праграме малюнкі-галаваломкі) з выявай то чарапахі, то млына, то лесвіцы і прапануе адказаць, як намаляваныя аб’екты звязаны з гісторыяй манастыра. Напрыклад, чарапаха сведчыць пра тое, што манахі разводзілі гэтых рэптылій і ўжывалі ў ежу, як, дарэчы, і слімакоў. Картка з выявай ананаса таксама паказваецца невыпадкова. Дзякуючы памяшканню з трайным ашкленнем, манахі-картузіянцы вырошчвалі ў гэтым краі не толькі ананасы, але і фінікі, інжыр. З млыном усё проста: яны на землях манастыра былі ў вялікай колькасці. Лічба 39 гаворыць пра тое, што менавіта такую коль­касць кніг ад рукі перапісалі манахі, а 2314 — столькі кніг было надрукавана. Дарэчы, у XVIII стагоддзі пры манастыры была адна з самых вялікіх бібліятэк на беларускіх землях.

Літаратурная рэканструкцыя

Тое было ў часы мінулыя. Сёння пра былую славу Бярозаўскага манастыра нагадваюць толькі велічныя руіны і адзіны адноўлены аб’ект — уязная брама. Больш за тры стагоддзі яна з’яўляецца адным з сімвалаў горада, таму невыпадкова ўпрыгожвае герб Бярозы.

Дырэктар сярэдняй школы № 2 Бярозы Валерый Краўчонак

Убачыць браму можна і на паштоўках. Серыя такіх края­знаўчых паштовак выдадзена ў 2019 годзе намаганнямі Алены Юр’еўны па выніках праекта, які яна разам з вучнем Мікалаем Гудам рэалізавала, працуючы над тэмай вобраза Бярозаўскага манастыра картузіянцаў у літаратурных творах ХІХ, ХХ стагоддзяў.

Арыгінальныя выявы архітэктурнай жамчужыны Бярозы настаўніца прадставіла ў фотаэкспазіцыі “Кляштар літаратурны”.

— Наша школа ў маёй асобе займаецца літаратурнай рэканструкцыяй кляштара. Фізічную рэканструкцыю мы, на жаль, зрабіць не можам. А вось літаратурная нам пад сілу. Што ўяўляе сабой праект? Гэта фотаздымкі, якія зроблены часткова мной, часткова фотакарэспандэнтам раённай газеты “Маяк” Сяргеем Бабровым і ператвораныя ў паштоўкі выкладчыкам Бярозаўскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Ірынай Крывапуст.

На кожным фотаздымку змешчаны паэтычныя або празаічныя тэксты пра кляштар як мясцовых аўтараў, у тым ліку мае, так і сусветна вядомых пісьменнікаў, напрыклад, Юзафа Крашэўскага, які ў сваім творы “Пляменнікі” ўзгадвае Бярозаўскі кляштар. Літаратурная рэканструкцыя — гэта тое, што я люблю, чым займаюся і чым дзялюся з іншымі. А фізічная рэканструкцыя брамы, дарэчы, была праведзена дзякуючы малюнкам Напалеона Орды, — паведаміла Алена Юр’еўна Казловіч.

Архітэктурная жамчужына

У шчаслівую будучыню яшчэ адной архітэктурнай жамчужыны Бярозаўшчыны (паўночнай брамы былога сядзібна-паркавага комплексу Пуслоўскіх) вераць педагогі Пескаўскай сярэдняй школы. Але не ўсё так
проста.

Ірына Валасевіч разам з вучнямі 5 класа каля створанага ёй макета пескаўскай Свята-Троіцкай царквы

Па словах настаўніцы гісторыі Ірыны Аляксееўны Валасевіч, доўгі час мясцовыя жыхары самі даглядалі браму. Праз сельсавет выдзяляліся сродкі на яе афарбоўванне. Вакол брамы, а таксама ў парку праводзіліся суботнікі. Працоўныя акцыі з удзе­лам настаўнікаў, вучняў, прадстаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў ладзяцца і цяпер. А вось самастойна надаць браме больш прывабны выгляд мясцовыя жыхары сёння ўжо не маюць права. Пасля атрымання аб’ектам статусу помніка архітэктуры аднаўленчыя работы на ім могуць весціся толькі з дазволу спецыяльнай камісіі. Тут ужо аднаго жадання мясцовых жыхароў недастаткова.

— Калі прыйшла працаваць у Пескаўскую школу маладым спецыялістам, то была ўражана, што амаль усе настаўнікі займаюцца даследаваннем роду Пуслоўскіх і канкрэтна брамы. Асабліва актыўна шчыраваў свёкар нашай настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Таццяны Уладзіміраўны Новік Іван Данілавіч. Ён працаваў настаўнікам матэматыкі і адначасова вёў краязнаўчы гурток. Педагог не толькі падрабязна даследаваў радавод Пуслоўскіх, але і перапісваўся з прадстаўнікамі знакамітага роду. Актыўна гэтай тэмай разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ірынай Іванаўнай Бярынчык займалася і настаўніца геаграфіі Ірына Іванаўна Вашкевіч, якая цяпер на пенсіі. Дзякуючы ім, у школе захоўваюцца каштоўныя краязнаўчыя звесткі, якія мы з калегамі выкарыстоўваем у рабоце, — паведаміла Ірына Аляксееўна Валасевіч.

Незабыўныя эмоцыі

Дзякуючы журналісцкаму лёсу і рабоце ў “Настаўніцкай газеце”, мне пашчасціла сустрэцца, пагутарыць з сотнямі педагогаў-краязнаўцаў, палюбавацца разам з імі вялікай колькасцю помнікаў архітэктуры. Гэта і сусветна вядомыя аб’екты, і помнікі рэспубліканскага значэння, і нават вядомыя толькі ў вузкім коле краязнаўцаў аб’екты той ці іншай мясцовасці.

Намеснік дырэктара гімназіі Белаазёрска Тамара Кавалеўская каля былога сядзібнага дома з фотаздымкам Пуслоўскіх

Магу смела сказаць, што паўночная брама былога сядзібна-паркавага комплексу Пуслоўскіх у аграгарадку Пескі Бярозаўскага раёна з’яўляецца адным з самых унікальных помнікаў архітэктуры нашай краіны. Канечне, яна не такая старадаўняя, як, напрыклад, Слуцкая брама, бо пабудавана толькі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Яна і не такая вядомая, як Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці. І не такая турыстычна прывабная, як уязная брама ў Нясвіжскі палац. Але эмоцыі, якія выклікала пескаўская брама, калі ўпершыню падыходзіў да яе стромкіх белых вежаў, я не адчуваў яшчэ ні каля аднаго помніка архітэктуры.

Па-першае, разлічваў уба­чыць браму каля ўвахода ў стары парк. Аднак яна, аказваецца, стаіць акурат пасярод вясковай вуліцы. Па-другое, у адрозненне ад той жа Слуцкай брамы, яна па-ранейшаму выконвае сваё непасрэднае прызначэнне. Праз яе арку сёння праносяцца аўтамабілі, павольна праязджаюць на веласіпедах вяскоўцы. З цікавасцю назіраючы за гэтай звычайнай для мясцовых жыхароў карцінай, на імгненне ўявіў, як калісьці пад брамай праязджалі графскія карэты, запрэжаныя коньмі. “Брама ў мінулае”, — мільгнула думка.

Востраў адпачынку

Брама даўно стала неад’емнай часткай населенага пункта, параднілася з Пескамі. Нядзіўна, што мясцовых жыхароў хвалюе лёс гэтага велічнага помніка архітэктуры, а кожны настаўнік лічыць за гонар знайсці які-небудзь цікавы, малавядомы факт з гісторыі брамы, а таксама роду Пуслоўскіх.

— Калісьці ўезд у маёнтак быў аформлены дзвюма брамамі. Іх знешняму выгляду гаспадары ўдзялялі асаблівую ўвагу, паколькі брама — гэта першае, што бачылі госці, уязджаючы на тэрыторыю сядзібы. І гасцей трэба было здзіўляць. Паўночная брама ўтворана двума высокімі цыліндрычнымі вежамі з зубчастым завяршэннем, паміж якімі аформлены арачны праезд. Па гэтай дарозе прыязджалі ў маёнтак госці з Варшавы, Масквы, Санкт-Пецярбурга, бо яна вяла з боку чыгуначнай станцыі ў вёсцы Бронная Гара. У знак таго, што ў сядзібе знаходзіўся гаспадар, на браме вывешваўся штандар. Заходняя ўязная брама, на жаль, захавалася дрэнна. Да яе вяла дарога з боку Пінска, Хомска, Целяхан, — паведаміла былая настаўніца геаграфіі Ірына Іванаўна Вашкевіч, калі разам з ёй мы стаялі пад белымі вежамі брамы і любаваліся, як над імі па цёмна-­блакітным лістападаўскім небе праплываюць аблокі.

Праехаўшы праз браму, госці траплялі на тэрыторыю сядзібы. Дарэчы, з яе макетам (дыпломнай работай студэнтаў) можна азнаёміцца ў музеі этнаграфіі і побыту ў вёсцы Вайцяшын. Акрамя ся­дзібнага дома (пасля пажару пад яго была пераабсталявана стайня), побач з палацам размяшчаўся павільён руж, недалёка была аранжарэя, нават міні-заапарк, некалькі вадаёмаў. Упрыгожвалі парк альтанкі, малыя архітэктурныя формы. Цяпер ад былой прыгажосці застаўся толькі будынак сядзібнага дома, паўночная брама і рэшткі заходняй.

— На сённяшні дзень у парку ўстаноўлены памятны знак, які вызначае ахоўны статус гэтага аб’екта. Дакладна ўзнавіць выгляд сядзібы ў першай палове ХХ стагоддзя мы з калегамі і вучнямі спрабавалі, выкарыстоўваючы архіўныя дакументы, старыя фатаграфіі, успаміны старажылаў. Мы нават распрацавалі праект “Востраў адпачынку”, накіраваны на працягненне турыстаў у наш край. З гэтым праектам удзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”, — паведаміла Таццяна Уладзіміраўна Новік.

Пакажа час

Ці атрымаецца ў настаўнікаў рэалізаваць праект? Ці стане пескаўскі парк больш утульным? Ці набудзе велічная брама больш прывабны турыстычны выгляд? Настаўнікі спадзяюцца, што час ­дасць на гэтыя пытанні станоўчыя адказы. Са свайго боку яны ро­бяць для гэтага ўсё магчымае.

***

Начальнік аддзела па адукацыі Бярозаўскага райвыканкама Алена Міхайлаўна Саковіч:

На тэрыторыі раёна знаходзяцца 27 нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Найбольш значныя з іх — рэшткі былога манастыра картузіянцаў у Бярозе і сядзібна-паркавага комплексу ў Песках. Усе гэтыя аб’екты вывучаюць нашы педагогі і навучэнцы.

Так, у сярэдняй школе № 2 Бярозы з 2004 года функцыянуе музей “Памяці і падзякі”, якім кіруе настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Жанна Мікалаеўна Казловіч. Адным з напрамкаў дзейнасці музея з’яўляецца стварэнне сцэнарыяў і правядзенне тэматычных экскурсій на беларускай, рускай і англійскай мовах. Дзякуючы ім, школьнікі і госці горада, у тым ліку замежныя, могуць у цікавай форме азнаёміцца з нашай гістарычнай спадчынай.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Стрыгінскай сярэдняй школы Алена Юр’еўна Казловіч на сваіх уроках практыкуе інтэрактыўныя формы работы. Яна стварыла арыгінальную выставу паштовак “Кляштар літаратурны”, праводзіць экскурсіі на тэрыторыі былога манастыра не толькі для навучэнцаў, але і для калег у рамках раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў філолагаў, гісторыкаў, настаўнікаў, якія выкладаюць вучэбны прадмет “Мастацтва”.

Калектывам гімназіі Белаазёрска і Пескаўскай сярэдняй школы многія гады вядзецца работа па вывучэнні фрагментаў былога сядзібна-паркавага комплексу Пуслоўскіх у аграгарадку Пескі, назапашаны багаты краязнаўчы матэрыял.

Збіраючыся самастойна або з класам у падарожжа па Бярозаўшчыне, раю калегам з іншых рэгіёнаў звярнуцца да нашых педагогаў. Яны гасцінна сустрэнуць вас на бярозаўскай зямлі, правядуць цікавыя экскурсіі.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара