У нябёсах адных

- 12:25Выхаваўчая прастора

2017 год багаты на юбілейныя даты. Для сярэдняй школы № 9 Барысава гэты спіс дапаўняецца 75-годдзем з дня фарміравання французскай знішчальнай авіяцыйнай групы “Нармандыя”, якая аказала вялікую дапамогу ў вызваленні Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і 50-годдзем з дня заснавання народнага музея гісторыі авіяпалка “Нармандыя — Нёман”.

Знаёмства з авіяпалком “Нармандыя — Нёман” наша школа пачала ў далёкіх 60-х гадах. Асабліва зацікавіў дзяцей лёс маладога французскага лётчыка Жака Гастона, які прапаў без вестак пры вызваленні Барысава. У 1966 годзе быў знойдзены самалёт, на якім лятаў Гастон. Як аказалася, падбіты самалёт Жака ўпаў у балота і затануў. Калі паднялі самалёт, па нумары на рухавіку ўдалося ўстанавіць, хто быў за штурвалам. Астанкі Жака Гастона пахавалі ў брацкай магіле ў пасёлку Слаўнае Віцебскай вобласці. Менавіта тады настаўнікі і вучні вырашылі стварыць музей гісторыі французскай авіячасці. Спачатку напісалі маці Жака — Александрын Гастон. Яна адгукнулася і даслала ў школу біяграфію сына і латарэйны білет з партрэтам Жака. Гэта былі першыя экспанаты музея. Школьны музей пачаў працу 20 сакавіка 1967 года. Ля вытокаў яго стварэння былі настаўнікі Т.Б.Акшынская, Т.В.Чычына, Т.А.Кажан, Н.З.Кісялёў. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 18.06.2014 г. № 63 музею прысвоена званне “народны”.

Музей знаходзіцца ў асобным памяшканні плошчай 30 м2. Экспанаты размешчаны на 18 прысценных стэндах і ў 18 зашклёных вітрынах. На стэндах — копіі фатаграфій, якія з’яўляюцца дакументальнымі сведкамі заснавання авіяпалка “Нармандыя — Нёман”, яго баявога шляху. У зашклёных вітрынах размешчаны дакументы, прадметы, якія належалі французскім лётчыкам, кнігі пра гісторыю авіяпалка з аўтографамі аўтараў і ветэранаў авіяпалка. Экспанаты музея расказваюць пра баявы шлях авіяпалка і лёс асобных лётчыкаў. Унікальныя фотаздымкі і дакументы, ваенная форма і іншыя прадметы — усё гэта настройвае наведвальнікаў на пэўныя думкі, пакідае глыбокі след у душы кожнага падлетка і кожнага дарослага чалавека, якія наведвалі музей. Пра гэта сведчаць шматлікія запісы ў кнізе водгукаў музея.

Адным з рарытэтаў музея з’яўляецца парадны мундзір 1939 года французскага лётчыка Жака Гастона, які падарыла маці Жака Александрын Гастон пасля таго, як у 1970 годзе пабывала на месцы гібелі сына. Таксама ў музеі ёсць і іншыя каштоўныя экспанаты: абломкі самалёта, на якім лятаў Жак Гастон, радыёпрыемнік “Філіпс” (падарунак камандзіра авіяпалка генерала Луі Дэльфіна), друкарская машынка, патэфон, лялькі ў форме савецкага механіка і французскага лётчыка (падарунак ветэранаў авіяпалка), пагоны французскага лётчыка Канстанціна Фельдзера, лётная кніжка, латарэйныя білеты, выпушчаныя ў Францыі.

На працягу 50 гадоў музеем вядзецца шматгранная праца па патрыятычным выхаванні навучэнцаў на прыкладах гераічнага ваеннага братэрства савецкіх лётчыкаў і лётчыкаў французскага авіяпалка “Нармандыя”. Пастаянна праходзяць экскурсіі, дэкады, круглыя сталы, урокі мужнасці, канферэнцыі. Члены музея ўдзельнічаюць у розных конкурсах, рэспубліканскіх выставах навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці, актыўна вядзецца даследчая праца. Дзверы музея адчынены не толькі для нашых землякоў, але і для замежных гасцей.

З верасня 2016 года дзейнічае віртуальны музей гісторыі авіяпалка “Нармандыя — Нёман”. Дзякуючы размешчанай 3D-панараме, наведвальніку адкрылася магчымасць стаць дзеючай асобай — выбраць, куды павярнуцца, што разгледзець, да чаго падысці бліжэй. Карыстальнік можа трапляць у самую гушчу падзей, разглядаць прадметы і інтэр’еры, бачыць людзей, якія знаходзяцца навокал, і заставацца пры гэтым на сваім месцы каля камп’ютара. На сайце можна дэталёва пазнаёміцца з усімі экспанатамі асноўнага фонду музея, пачытаць іх апісанне, убачыць фатаграфіі, пазнаёміцца з віртуальнымі экскурсіямі: “Баявы шлях авіяпалка “Нармандыя”, “Лётчык Жан Гастон”, “Лётчыкі — героі СССР” і г.д.

На сайце можна пазнаёміцца з аўдыя-, фота- і відэагалерэяй. Укладка “Распрацоўкі” змяшчае дзве гульні — “У нябёсах мы ляталі адных”, “Аперацыя “Баграціён”, створаныя навучэнцамі нашай школы. Гульні інтэрактыўныя, дазваляюць адразу ўбачыць вынік адказу, распрацаваны з дапамогай праграмы Macromedia Flash. Таксама ёсць вершаваная распрацоўка “Памяці Нармандыі” пра кожнага лётчыка авіяпалка. У далейшым мы збіраемся працягнуць напаўненне асноўнага і дапаможнага фондаў фатаграфіямі, распрацаваць новыя віртуальныя экскурсіі, ажыццявіць пераклад кантэнту віртуальнага музея на беларускую, англійскую, французскую мовы, распрацаваць версію для людзей са слабым зрокам. Спадзяёмся, што наш віртуальны музей набудзе шмат наведвальнікаў.

Народны музей “Гісторыя авіяпалка “Нармандыя — Нёман” прыняў удзел у III Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які праходзіў у Магілёве з 30 верасня па 2 кастрычніка 2016 года. Па выніках прэзентацый праектаў за распрацоўку віртуальнага музея сярэдняя школа № 9 Барысава была ўдастоена дыплома III ступені ў намінацыі “За інавацыі ў музейнай дзейнасці”.

Сучаснае пакаленне мае магчымасць даведацца пра мужнасць, гонар, дружбу французскіх і савецкіх лётчыкаў і механікаў. Вучні, слухаючы пра подзвігі лётчыкаў-нармандцаў, прыходзяць да разумення, што такое патрыятызм, што такое грамадзянскі абавязак, чалавечнасць, сяброўства. Мы ўпэўнены, што, захоўваючы памяць пра авіяполк “Нармандыя — Нёман”, які стаў сімвалам дружбы паміж народамі Савецкага Саюза і Францыі, мы ўносім свой уклад у развіццё дружбы і супрацоўніцтва ў сённяшнім свеце.

Вольга ГОТТА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 9 Барысава.