У Паставах урачыста адкрылі пасля капрамонту стадыён сярэдняй школы № 1

- 15:02Новости

У сярэдняй школе № 1 Паставаў пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі адкрылі многафункцыянальную спартыўную пляцоўку. Цяпер гэта адзін з лепшых на Віцебшчыне сярод падобных спартыўных аб’ектаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Школьнікі разам з педагогамі з задавальненнем пратэсціравалі сучасныя бегавыя дарожкі, сектары для скачкоў у даўжыню і кідання мяча, пляцоўкі для валейбола, міні-футбола, бас­кетбола, рухавых гульняў, выканання фізічных практыкаванняў пад навесам і заняткаў варкаўтам.

— Сімвалічна, што вынік маштабнай сумеснай работы, у якой была задзейнічана вялікая колькасць людзей, стаў у Дзень народнага адзінства выдатным падарункам школе і ўсім пастаўчанам, — падкрэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Я ўпэўнены, што абноўлены стадыён будзе напоўнены не толькі падчас правядзення вучэбных заняткаў, але і пасля іх завяршэння, вечарам, па выхадных.

Старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чэпік акцэнтаваў увагу на моцных спартыўных традыцыях школы і дасягненнях яе навучэнцаў. Зараз установа адукацыі атрымала выдатную базу, дзе можна будзе на якасна новым узроўні праводзіць фізкультурна-аздараўленчую, спартыўна-масавую работу.

Як расказаў дырэктар школы Валерый Каліцкі, калектыў вынікова ўдзельнічае ў рэспубліканскім праекце “Гуляем у футбол”, дзяржаўным прафілактычным праекце “Здаровыя гарады і пасёлкі”. Навучэнцы практычна штогод перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах. Ёсць сярод іх і пераможцы заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізічнай культуры і здароўі. Да высокіх поспехаў вучняў вядуць настаўнікі Мікалай Бузанаў (дарэчы, ён герой жнівеньскага нумара часопіса “Спорт time”), Аляксандр Бандарэнка і Павел Міхалевіч.

Як лічыць Мікалай Бузанаў, стадыён на вачах ператвараецца ў пункт прыцягнення:

— Нават увечары, калі ўжо ўключаецца штучнае асвятленне, у нас шматлюдна. Канечне ж, на зацікаўленасць уплывае элемент навізны. Крута з сябрамі пайсці патрэніравацца на сучасных пляцоўках з новым спартыўным абсталяваннем! Для нашых вучняў гэта яшчэ адна нагода для гордасці за родную школу: мы ў трэндзе, ідзём у нагу з часам — істотны выхаваўчы момант. Мы з калегамі, безумоўна, рады і ўдзячны. Футбалістам стала намнога камфортней, нармальная баскетбольная пляцоўка з’явілася, трэнажоры дадаліся — многа пераваг. Мне найперш хочацца адзначыць бегавыя дарожкі са спецыяльным гумавым пакрыццём. На такіх праводзяцца абласныя і рэспубліканскія этапы спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў. Каб выйграць там, асабліва на кароткіх дыстанцыях, неабходны трэніроўкі ў шыпоўках і, зразумела, не на асфальце. Мы дагэтуль хадзілі ў фізкультурна-аздараўленчы комплекс, зараз займаемся на сваім стадыёне.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара