“У патрыятычным выхаванні важны прыклад гераізму”

- 10:20Краязнаўства

Хто такі патрыёт? Той, хто любіць Радзіму. А як выхаваць патрыёта? Вось тут коратка і з ходу не адкажаш, бо фарміраванне ў вучняў любові да Бацькаўшчыны — працэс працяглы і няпросты. Але ёсць адно правіла, дзякуючы якому абавязкова будзе поспех: выхоўваць трэба на аснове подзвігу вядомых герояў. Агучанае правіла, дарэчы, тычыцца і мужчынскага выхавання. Пра ўсё гэта пагутарым сёння, 23 лютага, у асаблівы для беларускіх мужчын дзень, з кіраўніком музея баявой славы сярэдняй школы № 131 Мінска Сяргеем Сяргеевічам ЯКШУКОМ.

Наш суразмоўнік адносіцца да маладога пакалення педагогаў-краязнаўцаў. Маладосць — гэта цудоўна. Аднак у краязнаўчым плане ў маладосці ёсць недахопы. Настаўнікі, якія пачыналі займацца краязнаўствам у 80-я або 90-я гады, знаходзяцца ў больш выйгрышным стане, чым іх маладыя калегі: яны яшчэ паспелі запі­саць каштоўныя ўспаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, у іх была цудоўная магчы­масць сустракацца з партызанамі, франтавікамі. Сёння краязнаўцы сустракаюцца пераважна з дзецьмі вайны, ды і тое нячаста. Людзі ўсё ж у паважаным узросце, а тут яшчэ і пандэмія. Куды часцей у 131-ю школу прыходзяць воіны-інтэрнацыяналісты. На гэтых сустрэчах у фармаце дыялогу абмяркоўваюцца тэмы мужнасці, воінскага доўгу, братэрства, сапраўднага сяброўства — паняцці, якія ва ўсе часы ўпрыгожвалі ўнутраны свет муж­чыны.

“Наша экскурсія — гэта не проста аповед пра музейныя прадметы або зачытванне змешчанай на стэндах інфармацыі. Гэта свое­асаблівы жыццяпіс герояў-танкістаў, членаў экіпажа Зіновія Калабанава, якія каля Вайсковіц Ленінградскай вобласці па­дбілі 22 танкі праціўніка. Гэта таксама аповед пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, беларусаў, якія за подзвігі ў Афганістане былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, а таксама знаёмства з лёсам выпускніка нашай школы Ігара Чарняціна. Падчас экскурсіі засяроджваецца ўвага на характарах герояў, іх думках, паводзінах у тых ці іншых жыццёвых сітуацыях. І ў наведвальнікаў музея, і ў саміх юных экскурсаводаў падчас аповеду літаральна запальваюцца сэрцы. Калі мае 9-класнікі расказваюць пра Калабанава або Усава, яны літаральна пражываюць іх лёс, разгорнута адказваюць на пытанні наведвальнікаў. Падчас такіх экскурсій разумееш, што ў патрыятычным выхаванні важны прыклад гераізму”, — падзяліўся Сяргей Сяргеевіч.

Старшы лейтэнант камандзір роты цяжкіх танкаў Зіновій Рыгоравіч Калабанаў атрымаў 19 жніўня 1941 года загад пера­шкодзіць наступленню нямецкіх танкаў пад Ленінградам. Для свайго танка Калабанаў вызначыў пазіцыю такім чынам, каб у сектары агню быў самы доўгі, добра адкрыты ўчастак дарогі. Танкавы акоп быў уладкаваны з разлікам весці агонь “у лоб”. 20 жніўня па дарозе на Вайсковіцы прайшлі нямецкія разведчыкі-матацыклісты, экіпаж Калабанава іх прапусціў: вырашылі дачакацца падыходу асноўных сіл праціўніка. З’явілася калона з 22 танкаў. Калабанаў скамандаваў адкрыць агонь па галаўным танку. Вораг апынуўся ў пастцы. За час бою, які доўжыўся каля гадзіны, усе танкі калоны былі знішчаны. Уся рота Зіновія Рыгоравіча ў складзе 5 танкаў КВ-1 падчас таго бою паразіла 43 варожыя танкі. На танку Калабанава налічылі 150 пападанняў снарадаў і куль. Гераізм і прафесіяналізм савецкіх танкістаў, тактыка іх бою і цяпер вывучаюцца ў многіх ваенных акадэміях свету. У экспазіцыі музея 131-й школы можна ўбачыць танкавы шлемафон, копію асабістай справы Калабанава, фатаграфіі і бюст знакамітага камандзіра, копію яго параднага кіцеля. Дарэчы, па ініцыятыве старшыні Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане “Памяць” Уладзіміра Ільіча Шокава плануецца стварыць маштабную схему таго бою, якая зойме цэнтральнае месца ў экспазіцыі школьнага музея.

“Зіновій Рыгоравіч Калабанаў — гэта вялікі танкіст. Ён быў добрым чалавекам, вельмі любіў сваіх сына і жонку. Пра яго я ўпершыню даведаўся з гульні World of tanks, бо там ёсць медаль Калабанава. Каб атры­маць гэты медаль, гульцу трэба аднаму застацца ў жывых падчас бою і падбіць як мінімум 5 танкаў праціўніка. Мяне зацікавіла, у гонар якога чалавека названы гэты медаль. Зіновій Калабанаў, безумоўна, можа быць прыкладам для нашых равеснікаў, у першую чаргу сваёй мужнасцю і прафесіяналізмам. Калі сваё жыццё прысвяціць адной справе, то ў цябе будуць дастаткова высокія вынікі і ты станеш прафесіяналам. Адданасць справе, працавітасць, мужнасць карысны любому мужчыну незалежна ад прафесіі”, — па­дзяліліся экс­курсаводы, вучні 9 класа Максім Лепяшоў, Канстанцін Стэльмах, Раман Каваленя.

Праводзіць экскурсію — справа дастаткова адказная. Сяргей Сяргеевіч цудоўна памятае, наколькі сарамлівымі былі сённяшнія 9-класнікі, калі толькі пачыналі асвойваць майстэрства экскурсавода ў 7 класе. Цяпер яны адчуваюць сябе на публіцы ўпэўнена, праводзяць школьныя мерапрыемствы, удзель­нічаюць у гісторыка-краязнаўчых канферэнцыях, конкурсах. У характары хлопцаў ёсць адна важная рыса: яны сур’ёзна адносяцца да пастаўленай задачы. Калі вырашылі даследаваць нейкі перыяд ваеннай гісторыі Беларусі, то абавязкова гэта зробяць. Дзякуючы рабоце ў музеі, яны цудоўна разбіраюцца ў гісторыі, ваеннай тэхніцы, нават напісалі даследчую работу, у якой параўналі характарыстыкі нямецкіх і савецкіх танкаў. Дарэчы, на зацікаўленасць вучняў ваеннай тэматыкай значны ўплыў аказвае іх захапленне “Светам танкаў”. Як бачым, камп’ютарныя гульні могуць аказваць значную дапамогу педагогам у патрыятычным выхаванні моладзі.

“Наша экскурсія — гэта не проста аповед пра музейныя прадметы або зачытванне змешчанай на стэндах інфармацыі. Гэта своеасаблівы жыццяпіс герояў-танкістаў, членаў экіпажа Зіновія Калабанава. Гэта таксама аповед пра воінаў-інтэрнацыяналістаў, беларусаў, якія за подзвігі ў Афганістане былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, а таксама знаёмства з лёсам выпускніка нашай школы Ігара Чарняціна”.

“Вучні літаральна жывуць музеем. Быць даследчыкам, экскурсаводам для іх — гэта не проста захапленне, гэта атрыманне зараду энергіі, уражанняў, эмоцый. Калі сустракаюцца з воінамі-афганцамі або сведкамі Вялікай Айчыннай вайны, то ў іх літаральна гараць вочы. Калі хлопцы прыходзяць на сустрэчы з матулямі загінуўшых афганцаў, то ведаюць, што паводзіць сябе трэба стрымана, а пры неабходнасці, калі жанчыны расчуляцца, можна па-сыноўняму абняць іх. Вучні адчуваюць боль матуль, якія страцілі сыноў у Афганістане, таму больш трапятліва ставяцца да вывучэння гісторыі гэтай вайны”, — падзяліўся настаўнік.

“Сярод людзей з высокім пачуццём грамадзянскага абавязку, салдацкай мужнасці, вернасці вайсковай прысязе, пра якіх мы хочам расказаць, — радавы Ігар Мікалаевіч Чарняцін, выпускнік нашай школы. Ён нара­дзіўся 16 верасня 1967 года ў Мінску. Скончыў 131-ю школу, затым — прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 9, атрымаў спецыяльнасць слесара-рамонтніка. Працаваў на Мін­скім аўтамабільным заводзе. У кастрычніку 1985 года прызваны ў Савецкую Армію. Неаднаразова прымаў удзе­л у баявых аперацыях на афганскай зямлі. 5 ліпеня 1987 года, прыкрываючы дзеянні карэкціроўшчыкаў артылерыйскага агню, атрымаў цяжкае раненне, ад якога памёр. За мужнасць і адвагу ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” і ордэнам Чырвонай Зоркі (пасмяротна). Пахаваны ва Уздзен­скім раёне Мін­скай вобласці. Маці Ігара, Леаніда Мікалаеўна, перадала ў наш музей рэчы свайго сына. Гэта фатаграфіі, школьныя сшыткі па пісьме і матэматыцы, узнагароды і пасведчанні да іх, пагоны і нарукаўная эмблема. А гэта фота­здымак Андрэя Міхайлавіча Копы, наводчыка-аператара БМП, радавога. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Нашай школе выпаў вялiкi гонар назваць піянер­скую дружыну яго імем. Маці Андрэя, Ада Міхайлаўна, перадала музею фатаграфіі і лісты свайго сына, вымпел 334-га асобнага атрада спецыяльнага прызначэння”, — паведамілі экскурсаводы.

“Калі хлопцы прыходзяць на сустрэчы з матулямі загінуўшых афганцаў, то ведаюць, што паводзіць сябе трэба стрымана, а пры неабходнасці, калі жанчыны расчуляцца, можна па-сыноўняму абняць іх. Вучні адчуваюць боль матуль, якія страцілі сыноў у Афганістане, таму больш трапятліва ставяцца да вывучэння гісторыі гэтай вайны”.

Школьны музей, па словах Сяргея Сяргеевіча, для таго і створаны, каб экскурсію ў ім праводзілі дзеці, а не настаўнік. Тады работа музея ў патрыятычным выхаванні моладзі будзе эфектыўнай. “За мной як кіраўніком — дакументацыя і падрыхтоўка дзяцей, а ўсё астатняе робяць вучні. Нават на ўроках, якія праводзяцца ў музеі, я практыкую аповед юных экскурсаводаў. Калі, напрыклад, праходзім у 11 класе тэму вайны ў Афганістане, то 9-класнікі расказваюць яе
11-класнікам, — дзеліцца настаўнік. — Важная роля ў патрыятычным выхаванні нале­жыць бацькам. Без іх дапамогі многае нельга было б зрабіць. Тая ж паездка ў Талачын на магілу Андрэя Міхайлавіча Усава, наведванне Талачынскага гісторыка-края­знаўчага музея, які перадаў нам копіі дакументаў па члене экіпажа Калабанава, была арганізавана і праве­дзена дзякуючы бацькам вучняў”.

Сёння, 23 лютага, беларускія мужчыны ў цэнтры ўвагі. Сярод шматлікіх віншавальных слоў з боку жанчын, якія прагу­чаць у наш адрас, актуальнымі будуць і такія самакрытычныя пытанні: “Хто ён, сапраўдны мужчына? Ці варты я такога пачэснага звання? З каго браць прыклад?” Каб знайсці патрэбны адказ, не абавязкова звяртацца да глянцавых часопісаў і інтэрнэт-форумаў. Дастаткова азнаёміцца з біяграфіямі людзей, чые імёны пазначаны на стэндах школьных музеяў бая­вой славы.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.