Сёлета тры маладыя спецыялісты папоўнілі шэрагі настаўнікаў Браслаўскага раёна. Усе яны — выпускнікі мясцовых устаноў адукацыі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З гэтага навучальнага года ў Браслаўскай гімназіі працуе яе нядаўні выпускнік настаўнік англійскай мовы Мікіта Мужаў.
— Настаўнікам я стаў найперш таму, што мне падабаецца англійская мова, — расказвае Мікіта Аляксандравіч. — У мяне быў цудоўны педагог, чалавек з вялікай літары Мая Мяфодзьеўна Дароніна. Яна бачыла прыхаваныя таленты ў кожным сваім вучню, дапамагла мне вывучыць мову, развіць навыкі прамоўніцкага майстэрства. Паступова мне стала цікава не толькі вучыць мову, але і перадаваць свае веды іншым — малодшым навучэнцам на днях самакіравання, аднакласнікам і аднагрупнікам. І вось пасля заканчэння ВДУ імя П.М.Машэрава я прыйшоў у родную гімназію.
Малады настаўнік лічыць, што індывідуальны падыход можна знайсці да кожнага вучня. Спачатку трэба спазнаць дзяцей: іх інтарэсы, захапленні, перавагі. І ад гэтага потым адштурхоўвацца, паказваць практычную значнасць вывучэння замежнай мовы. У сваёй рабоце педагог аддае перавагу гульнявым і інтэрактыўным тэхналогіям. Сваёй задачай настаўнік лічыць накіраваць выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій і рэсурсаў на адукацыйныя мэты. А захапленне М.Мужава музыкай, кінафільмамі на замежнай мове, несумненна, дапаможа зацікавіць дзяцей прадметам.
У пачатку прафесійнай дзейнасці кожны малады настаўнік сутыкаецца з шэрагам праблем і цяжкасцей: як займальна і зразумела данесці складаны матэрыял, стварыць сітуацыю поспеху. Педагог вучыцца быць і ўраўнаважаным, і строгім, і падатлівым, і патрабавальным, і жыццярадасным… Таму суправаджэнне маладога спецыяліста ў школе — справа ўсіх: пачынаючы ад дырэктара школы і заканчваючы настаўнікамі.
— Такая падтрымка проста неабходна, — гаворыць Мікіта Мужаў. — Усе цяжкасці лёгка пераадольваюцца, калі побач пастаянна адчуваеш падтрымку старэйшых калег. Рабіць першыя крокі ў прафесіі мне дапамагае вопытная настаўніца англійскай мовы Часлава Чаславаўна Закрэўская, да якой я магу звярнуцца з самымі рознымі пытаннямі, дырэктар гімназіі Алена Браніславаўна Гірон і настаўнік-метадыст Вольга Васільеўна Лукша.
Ужо другі год у сярэдняй школе № 1 імя А.М.Жданава працуе настаўніцай пачатковых класаў Вольга Януль. Дзяўчына з адзнакай скончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава і лічыць, што прафесія педагога — адна з самых важных:
— Гэта пастаянны рух наперад, актыўная праца, самаадукацыя, зносіны з дзецьмі, іх бацькамі і калегамі. А яшчэ гэта выхад з зоны камфорту, бо ты не ведаеш, што цябе чакае далей, як пройдзе ўрок. Кожны дзень ты не толькі вучыш, але і вучышся сама.
Педагог успамінае, як з хваляваннем упершыню пераступіла парог класа, дзе на яе глядзелі 30 пар цікаўных дзіцячых вачэй.
— Мае навучэнцы — самыя лепшыя: дапытлівыя, шустрыя, актыўныя, вясёлыя. А яшчэ яны творчыя: спяваюць, танцуюць, малююць, займаюцца спортам, — адзначае Вольга Вацлаваўна. — З імі мне з лёгкасцю ўдалося ўстанавіць кантакт. Для дзяцей я хачу стаць старэйшым таварышам, сябрам, таму яны мяне слухаюць, і калі хтосьці пачынае не зусім добра паводзіць сябе, яго сцішваюць аднакласнікі.
На ўроках Вольгі Януль шмат нагляднасці, дэманструюцца відэасюжэты, урыўкі з мультфільмаў, падбіраюцца музычныя фрагменты. Малодшыя школьнікі вельмі хутка стамляюцца, ім неабходна пастаянная змена відаў дзейнасці, таму педагог імкнецца разнастайваць вучэбны працэс. Часта на дапамогу прыходзіць гульня. Безумоўна, не заўсёды хапае часу, каб дайсці да кожнага дзіцяці, таму калі Вольга Вацлаваўна штосьці не паспявае на ўроку, то знаходзіць час пазаймацца пасля яго, на факультатыўных занятках, у групе прадоўжанага дня.
З калегамі маладая настаўніца хутка знайшла агульную мову. Калектыў прыняў яе вельмі цёпла. Любую дапамогу заўсёды аказваюць куратар — настаўніца пачатковых класаў Жанна Пятроўна Кароль, выхавальніца групы прадоўжанага дня Алена Валянцінаўна Шакель, а таксама дырэктар школы Людміла Віктараўна Стэльмачонак і яе намеснік Таццяна Мікалаеўна Багдановіч.
— Самым складаным у першы год работы для мяне было вядзенне дакументацыі, асабліва запаўненне класнага журнала. Першыя некалькі тыдняў я яго запаўняла алоўкам, а потым перапісвала ручкай, бо страшна было дапусціць памылку. Былі і некаторыя пытанні з планаваннем часу на ўроку: калі рыхтуешся да заняткаў, то плануеш многае, але часта ўсё даць вучням не атрымліваецца, — заўважае настаўніца.
Як прызнаецца Вольга Януль, за год работы яна не расчаравалася ў прафесіі, а 58 дзён летняга адпачынку здаліся ёй вялікім тэрмінам. Ужо з сярэдзіны лета яна заходзіла ў адукацыйныя паблікі, гартала вучэбныя матэрыялы, якімі можна ўзбагаціць урок, каб потым падзяліцца знойдзеным з дзецьмі.
— Спадзяюся, гэты навучальны год будзе цікавым, запамінальным, насычаным яркімі момантамі, новымі праектамі і станоўчымі эмоцыямі дзяцей і іх бацькоў, — гаворыць педагог.
***
Начальнік аддзела па адукацыі Браслаўскага райвыканкама Людміла Каптур:
— Сёння сфера адукацыі мае патрэбу ў маладых спецыялістах — адукаваных і неабыякавых, энергічных і творчых.
У Браслаўскім раёне сярэдні ўзрост педагогаў — звыш 46 гадоў. З аднаго боку, у недалёкай будучыні будуць запатрабаваны сацыяльныя педагогі, настаўнікі пачатковых класаў, інфарматыкі, матэматыкі, фізікі. А з другога боку, цяперашнія школьныя калектывы — гэта той залаты патэнцыял, які перадае свой багаты вопыт моладзі. У гэтым плане ў нас назіраецца станоўчая тэндэнцыя: ва ўстановах адукацыі за кожным пачынаючым спецыялістам замацаваны настаўнік, арганізавана работа школ маладога настаўніка і маладога кіраўніка. Дзейнасць па суправаджэнні пачынаючых педагогаў уключае правядзенне індывідуальных гутарак і кансультацый вопытнымі настаўнікамі і настаўнікамі-метадыстамі; арганізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на аказанне прадметнай і метадычнай дапамогі па падрыхтоўцы і правядзенні ўрокаў (семінараў, практыкумаў, круглых сталоў, конкурсаў, фестываляў і інш.); далучэнне пачынаючых педагогаў да ўдзелу ў рабоце вучэбна-метадычных аб’яднанняў; павышэнне кваліфікацыі. Галоўная мэта работы з маладымі педагогамі — арганізоўваць паступовае ўцягванне пачынаючага спецыяліста ва ўсе сферы прафесійнай дзейнасці, спрыяць паспяховаму прафесійнаму і творчаму росту педагога.
Мы добра разумеем: каб не адчуваць патрэбы ў кадрах, мы павінны рыхтаваць сваіх педагогаў. Летась мэтавыя накіраванні былі заключаны па падрыхтоўцы настаўнікаў гісторыі і пачатковых класаў.
Маладыя спецыялісты ўваходзяць у склад маладзёжнай палаты і з’яўляюцца прыкладам для падрастаючага пакалення. Яны працуюць на карысць не толькі ўстаноў адукацыі, але і ўсяго раёна. Таксама яны штогод удзельнічаюць у конкурсах педагагічнага майстэрства, якія праходзяць на розных узроўнях, і займаюць прызавыя месцы. Сёння маладзёжнаму пытанню ўдзяляюць асаблівую ўвагу і раённыя ўлады: на сустрэчах з кіраўнікамі і прадстаўнікамі райвыканкама і райсавета абмяркоўваюцца бягучыя праблемы, да іх вырашэння падключаюцца прафсаюзы.
Таму звязаць свой прафесійны шлях з педагогікай — гэта магчымасць зрабіць кар’еру, адбыцца як спецыялісту і ў поўнай меры рэалізаваць сябе. Спадзяюся, што выпускнікі ўстаноў адукацыі Браслаўшчыны ацэняць перспектывы і выберуць настаўніцкія спецыяльнасці. А мы затым з радасцю сустрэнем маладых дыпламаваных калег-спецыялістаў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара