У працоўным рытме

- 11:37Планерка, Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

З новым навучальным годам паўсталі адказныя задачы, час патрабуе рашучых крокаў наперад. І ў гэтым рытме, вырашаючы штодзённыя пытанні і робячы задзел на будучыню, начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Зігмундаўна Тарасюк нагадала ўсё лепшае, што ўдалося зрабіць за мінулы год, паведаміла пра планы на будучыню.

— Мы маем усё для таго, каб забяспечваць якасць агульнай сярэдняй адукацыі. І робім гэта. Штогод больш за 90 працэнтаў выпускнікоў устаноў адукацыі становяцца студэнтамі УВА. Сёлета ў раёне 7 стабальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Выпускніца сярэдняй школы № 8 Ліды Анастасія Більдзь за ўсю гісторыю ЦТ стала трэцяй у рэс­публіцы і першай у Гро­дзенскай вобласці ўладальніцай трох стабальных сертыфікатаў. Вядома ж, гэ­та вынік яе асабістай стараннасці і працы педагогаў.

Сёлета на заключным этапе школьнікі атрымалі 18 дыпломаў, 92 — на абласным, і гэта самы высокі вынік за апошнія гады. Лічу, што дасягаць добрых вынікаў дазваляе сістэмная мэтанакіраваная работа непасрэдна ва ўстановах адукацыі, практыка арганізацыі алімпіядных школ. Правядзенне раённай алімпіяды дае нам магчымасць на раннім этапе выяў­ляць адораных навучэнцаў і ўключаць іх у алімпіядны рух.

У раёне працуюць 25 эксперыментальных і інавацыйных пляцовак рэс­пуб­ліканскага ўзроўню, 5 абласных рэсурсных цэнтраў, рэалізуецца 5 рэгіянальных педагагічных праектаў па розных напрамках дзейнасці. Значная ўвага ўдзя­ляецца метадычнаму суправаджэнню педагагічнай дзейнасці. Акрамя звык­лых вучэбна-метадычных фарміраванняў, працуе 30 сеткавых супольнасцей, што дазваляе своечасова абмяркоў­ваць актуальныя пытанні арганізацыі прафесійнай дзейнасці. На працягу трох апошніх гадоў дзесяці педагогам прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”.

— На Лідчыне склаўся высокапрафесійны, творчы педагагічны калектыў.

— Гэта сапраўды так. Нашымі педагогамі распрацавана 105 вучэбных модуляў на рускай і беларускай мовах, якія ўвайшлі ў Адзіны інфармацыйна-­адукацыйны рэсурс. Па выніках мінулага года педагогі раёна на абласных, рэс­публіканскіх выставах навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага перадавога вопыту, конкурсах атрымалі 38 дыпломаў, 118 сертыфікатаў — за ­ўдзел у рэспубліканскіх, міжнародных канферэнцыях і семінарах. У нас 2 дыпломы ў абласным конкурсе “IT-майстар”. На XV Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” у бягучым го­дзе пераможцамі сталі педагогі сярэдняй школы № 1 Бярозаўкі, Ёдкаўскай сярэдняй школы, раён­нага цэнтра экалогіі, ­турызму і краязнаўства. 

Паспяхова выступаюць педагогі раёна на рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 8 Ліды К.П.Капуста, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Бярозаўкі С.В.Несцер і настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 1 Бярозаўкі Н.В.Мажэйка сталі лаўрэатамі I ступені на абласным этапе конкурсу. Настаўнік хіміі і біялогіі Ёдкаўскай сярэдняй школы Л.Ч.Шафарэвіч прызнаны пераможцам абласнога этапу і ў складзе каманды Гродзенскай вобласці на заключным этапе конкурсу заняў 3-е месца сярод настаўнікаў хіміі і біялогіі.

— А што наконт маладых спецыя­лістаў? Якая ім удзяляецца ўвага?

— Раённая школа “Станаўленне” і сістэма настаўніцтва дазваляюць забяспечваць эфектыўны старт у прафесію маладым спецыялістам. У сувязі з гэтым адзначу, што больш як 80 працэнтаў кад­раў штогод замацоўваюцца ў рэгіёне. Сёння мы шмат робім для таго, каб матываваць нашых выпускнікоў на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей. Актыўна супрацоўнічаем з ГрДУ імя Янкі Купалы, прымаем удзел у абласных “Педагагіядзе”, фестывалі педагагічных класаў. І рады таму, што, атрымаўшы пе­дагагічную спецыяльнасць, нашы выпускнікі вяртаюцца на малую радзіму. Так, сёлета з 66 маладых спецыялістаў 40 — лідчане. 

У гэтым годзе рэалізуецца ініцыятыва — раённая АртПрафПляцоўка “Адкрый у сабе педагога”, накіраваная на ўсвядомлены выбар навучэнцамі педагагічных спецыяльнасцей. У яе аснове ўзаемадзеянне навучэнцаў з маладымі спецыялістамі пры метадычнай падтрымцы вопытных педагогаў. З гэтага года ва ўстановах адукацыі працуюць не толькі педагагічныя класы, але і адкрыты дзве спартыўна-педагагічныя групы. 

— Вопыт Лідскага раёна па праф­арыентацыі школьнікаў зацікавіў і іншыя рэгіёны рэспублікі. Што новага вы прапанавалі?

— З мінулага года ў раёне рэалізуецца прафарыентацыйны праект “#Эканоміка. Асоба. Будучыня”, анансаваны старшынёй Лідскага раённага выканаўчага камітэта С.В.Ложачнікам на VI Усебеларускім народным сходзе. Мэтай распрацоўкі і рэалізацыі праекта стала папаўненне дэфіцыту працоўных рэсурсаў Лідчыны за кошт маладых спецыя­лістаў, якія вяртаюцца на малую радзіму. А ключавая ідэя арыентавала нас на асэнсаванне і пошук новых падыходаў да арганізацыі прафарыентацыйнай работы, супастаўляючы інтарэсы навучэнцаў і патрэбы рэальнага сектара эканомікі.

Вось толькі некалькі прыкладаў. На базе адукацыйнага экалагічнага цэнтра “Парк Горні” сумесна з лідскім лясгасам для класаў біялагічнага профілю працуе прафпляцоўка “Лясных спраў майстар”. Раённым цэнтрам экалогіі, турызму і краязнаўства сумесна з ветэрынарнай клінікай “Кот Бегемот” адкрыты дзіцячы ветэрынарны адукацыйны цэнтр “Тры каты”, які заваяваў велізарную папулярнасць у падлеткаў. Сумесна з ААТ “Лакафарба” рэалізуецца праект “Прафесія: новы фармат” для навучэнцаў, якія асвойваюць хімію на павышаным узроўні. З улікам патрэбы рэгіёна ў кад­рах вызначаем спектр прафесій для асваення ў рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. З 2018 года 476 навучэнцаў асвоілі 16 прафесій.

Новым вопытам у прафарыентацыі навучэнцаў стала адкрыццё сёлета класа чыгуначнай накіраванасці і юрыдычнага класа. Паспяхова рэалізуюцца мерапрыемствы педагагічнай майстэрні “АГРАКЛАС_ЛІДА”.  

— Акцэнт у выхаваўчай рабоце — на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму навучэнцаў. Што ў гэтым кірунку робіцца на Лідчыне?

— Нараўне з традыцыйнымі эфектыўна зарэкамендавалі сябе новыя падыходы. Гэта дыялогавыя пляцоўкі з абмеркаваннем пытанняў развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і маладзёжнага руху ў краіне. Арганізавана работа па стварэнні інсталяцый, якія адлюстроўваюць гістарычнае мінулае малой радзімы. Адзін з прыкладаў — рэалізацыя Лідскім раённым цэнтрам тэхнічнай творчасці праекта па стварэнні інсталяцыі ў памяць аб спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны вёсцы Леснікі. Адкрыты раённы ваенна-патрыятычны клуб “Лідскія львы”. Пачата работа па прысваенні ўстановам адукацыі імён герояў. Сярэднія школы № 9 і № 6 Ліды, піянерскія дружыны сярэдняй школы № 14 Ліды і Тарноўскай школы ўжо носяць імёны Герояў Беларусі Андрэя Нічыпорчыка і Мікіты Куканенкі. На будынках школ устаноўлены мема­рыяльныя дошкі. Развіваецца супрацоўніцтва мала­дзёжнага парламента з Лідскім раённым Саветам дэпутатаў. У справе прававога выхавання ў гэтым навучальным годзе стартуе раённы праект “Суботні ПраваЦэнтр”, рэалізоўваць які плануем сумесна з суб’ектамі прафілактыкі.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.