У прыярытэце — абарона інтарэсаў педагога

У нашай краіне законныя інтарэсы работніка любой сферы дзейнасці абараняе прафсаюз. Быць у прафсаюзе — значыць быць пад абаронай. Гэты лозунг гучыць прыгожа. Але як ён рэалізоўваецца? Пра тое, як функцыянуе Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія правы і гарантыі даюцца яе членам, расказала прафсаюзны лідар адукацыйнай галіны рэгіёна Людміла Віктараўна СТАРАСЦІНА.

— Людміла Віктараўна, Магілёўская абласная арганізацыя галіновага прафсаюза даволі масавая і разнастайная. Яна аб’ядноўвае амаль 65 тысяч настаўнікаў і выкладчыкаў УВА, работнікаў устаноў дашкольнай, дадатковай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнтаў, ветэранаў педагагічнай працы. Як удаецца наладзіць эфектыўнае і зла­джанае функцыянаванне такой маштабнай структуры?

— Паспяховасць дзейнасці любой арганізацыі вызначаецца яе арганізацыйным адзінствам. Умацаванне арганізацыйнага адзінства наўпрост залежыць ад узроўню ўзаемадзеяння прафсаюзных арганізацый. Вельмі важна тое, як працуе першаснае і сярэдняе звяно — раённыя і гарад­скія арганізацыі. У нашым рэгіёне 21 райкам прафсаюза і два гаркамы, 907 прафсаюзных пярвічак. Эфектыўнасць прафсаюзнай працы ў кожнай з гэтых структур у многім залежыць ад прафесійнага ўзроўню кадраў, іх лідарскіх якасцей і падрыхтоўкі. Таму мы пастаянна займаемся навучаннем прафсаюзнага актыву. Вучым іх уменню будаваць дыялог як з радавымі членамі прафсаюза, так і з сацыяльнымі партнёрамі, вучым арыентавацца ў нарматворчых пытаннях, адстойваць і аргументаваць пазіцыю прафсаюза, накіроўваць свой вопыт і веды на прадстаўленне членаў прафсаюза, абарону іх законных правоў і інтарэсаў.

— З якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца педагагічныя работнікі ў прафсаюз?

— Часцей за ўсё ў прафсаюз звяртаюцца па кансультацыю па пытаннях працоўнага заканадаўства. Цікавяцца нормамі падаўжэння і заключэння кантрактаў, матывамі звальнення, прадастаўлення працоўнага адпачынку, правільнасцю налічэння заработнай платы. Значная колькасць зваротаў на аказанне матэрыяльнай дапамогі. Звяртаюцца таксама за тлумачэннямі па аздараўленні сябе і членаў сваёй сям’і. Спектр зваротаў вельмі разнастайны. Работнікі апарату тлумачаць і даюць кансультацыі па ўсіх пытаннях. Мы адкрытыя для прапаноў, прымаем ініцыятывы педагогаў. Важна таксама, што працуем не толькі па заяўным, але і па прынцыпе выяўлення праблем. Маніторым сітуацыю, маем зносіны з калектывамі ўстаноў адукацыі, стараемся быць у курсе значных падзей.

— Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі вядзе работу па многіх напрамках. Як вы ацэньваеце ініцыятывы ФПБ і наколькі актыўна ў іх удзельнічаеце?

— Ініцыятывы ФПБ — абавязковыя ў рабоце ўсіх прафсаюзных структур, у тым ліку і Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Асноўнымі напрамкамі нашай дзейнасці застаюцца абарона сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў — членаў галіновага прафсаюза, іх прававая і інфармацыйная падтрымка, стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы ва ўстановах адукацыі.

Разам з сацыяльным партнёрам — галоўным упраўленнем па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, наша арганізацыя шмат гадоў вядзе работу па ажыццяўленні грамадскага кантролю па ахове і арганізацыі бяспечных умоў працы. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выкананню норм калектыўных дагавораў ва ўстановах адукацыі вобласці. Калектыўны дагавор — гэта своеасаблівая “мясцовая канстытуцыя” і аснова ўзаемадзеяння галіновага прафсаюза з наймальнікам, а таксама дадатковыя гарантыі для людзей, іх упэўненасць у заўтрашнім дні. Важна не толькі ўнесці максімальную колькасць гарантый, але і дасягнуць іх безумоўнага выканання.

Прыярытэтны напрамак нашай работы — кантроль за своечасовасцю выплаты заработнай платы работнікам. У апошнія гады яна выплачваецца ў адпаведнасці з калектыўнымі дагаворамі ў поўным аб’ёме. Скаргаў і зваротаў грамадзян у абкам з прычыны парушэнняў тэрмінаў выплаты зарплаты і адпускных сум няма. Між тым абкамам усё роўна праводзіцца штомесячны маніторынг узроўню намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў сістэмы адукацыі Магілёўшчыны. На цяперашні момант у вобласці няма ўстаноў адукацыі з сярэдняй заработнай платай па арганізацыі менш за 500 рублёў.

Быць у прафсаюзе — значыць быць пад абаронай. Законныя інтарэсы работніка любой сферы дзейнасці абараняе прафсаюз. Грамадзянам, якія звярнуліся ў абласную арганізацыю, незалежна ад іх тэрытарыяльнай і галіновай прыналежнасці, заўсёды аказваецца прававая дапамога, у тым ліку і прадстаўленне іх інтарэсаў у судзе і ў камісіях па працоўных спрэчках.

— У цяперашні час усё больш актуальным становіцца пытанне аб павышэнні якасці жыцця работнікаў адукацыі. Якія новыя формы падтрымкі прапануе сёння прафсаюз?

— Адной з асноўных з’яўляецца прававая падтрымка — узровень і тэрміны выплаты заработнай платы, занятасць, забеспячэнне годных умоў працы, захаванне норм і гарантый, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі.

Асабліва важным мы лічым таксама аказанне матэрыяльнай дапамогі членам прафсаюза. Сёння ў няпростай эпідэмічнай сітуацыі прафсаюзы аднавілі дзейнасць так званых кас узаемадапамогі. У прыватнасці, профільныя арганізацыі ўсіх узроўняў адмовіліся ад няпершасных выдаткаў і перанакіравалі ўсе вызваленыя сродкі на аказанне дапамогі тым, хто трапіў у цяжкае матэрыяльнае становішча. Павышаная ўвага ўдзяляецца падтрымцы ветэранаў, інвалідаў, малазабяспечанай катэгорыі, мнагадзетных сем’яў.

Не забываем мы і аб сацыяльна-псіхалагічнай падтрымцы. Арганізоўваем розныя конкурсы, культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы. Праз такую форму мы падтрымліваем таленавітых і актыўных членаў прафсаюза, адкрываем магчымасці для іх самарэалізацыі.

— У чым, на ваш погляд, заключаецца роля прафсаюза ў арганізацыі эфектыўнага функцыянавання сістэмы адукацыі?

— Сёння настаўнік павінен не проста перадаваць свае веды вучням, а вучыць іх вучыцца самастойна, развіваць іх аналітычныя здольнасці, крытычнае мысленне. Мадэрнізацыя адукацыі, важнасць якой бясспрэчная, немагчымая без спецыялістаў адпаведнай прафесійнай кампетэнцыі. Прафсаюз — гэта якраз тая грамадская арганізацыя, у сілах якой паўплываць на забеспячэнне ўмоў для прафесійнага развіцця педагога, стварэнне спрыяльнага сацыяльна-псіхалагічнага клімату для плённай працы настаўнікаў.

У адпаведнасці з законам, прафсаюзы з’яўляюцца раўнапраўнымі членамі дзяржаўна-грамадскага кіравання адукацыяй. Гэта накладае велізарную ступень адказнасці за вынікі нашай дзейнасці. Прафсаюзы ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы, прыняцці і рэалізацыі нарматыўнай прававой базы адукацыйных устаноў, якая тычыцца забеспячэння абароны прафесійных правоў і інтарэсаў настаўніка. Для таго каб эфектыўна рэалізаваць гэтыя задачы, неабходны пэўныя ўмовы. А стварэнне гэтых умоў магчыма толькі пры сацыяльным партнёрстве, ва ўзаемадзеянні — пачынаючы з кіраўнікоў навучальных устаноў і заканчваючы органамі рэгіянальнага кіравання ў сістэме адукацыі. Узаемадзеянне па абароне правоў настаўніка адбываецца і з іншымі сацыяльнымі партнёрамі.

У прафсаюза істотная доля адказнасці за павышэнне прэстыжу настаўніцкай прафесіі, а таксама фарміраванне кадравага складу адукацыйнай сістэмы вобласці. Асабліва значнай тут мы бачым работу па замацаванні ў галіне маладых спецыялістаў. Усюды ў першасных прафсаюзных арганізацыях прымаюцца разнастайныя меры для таго, каб маладыя настаўнікі засталіся вернымі прафесіі.

Наогул, роля прафсаюза ў эфектыўным функцыянаванні сферы адукацыі вельмі значная, бо ён з’яўляецца своеасаблівым звяном паміж грамад­ствам і навучальнымі ўстановамі.

— Якія мэты ў рабоце на будучыню ставіць Магілёўская абласная арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі?

— Наша галоўная мэта — прадстаўніцтва і абарона сацыяльна-працоўных правоў і прафесійных інтарэсаў работнікаў устаноў адукацыі. Мы бу­дзем працягваць удасканальваць, мадэрнізаваць гэтую работу. Але галоўнымі суб’ектамі нашай увагі заўсёды будуць настаўнік, выкладчык, выхавальнік, студэнт, чые інтарэсы мы абараняем.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.