У раскладзе навучэнцаў 8 (9) класа з’явіцца новы факультатыў

- 10:04Духовность и патриотизм, Образование

Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для 8 (9) класа, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Праграма распрацавана ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. Яе мэта — садзейнічанне духоўнаму развіццю, фарміраванню маральнай культуры і патрыятызму вучняў на аснове выкарыстання патэнцыялу хрысціянскіх традыцый і каштоўнасцей беларускага народа.

Факультатыў разлічаны на 35 гадзін (адна ў тыдзень). У межах дадзенага часу з улікам узроставых і індывідуальных асаблівасцей школьнікаў, іх ведаў, вопыту і маральных уяўленняў педагагічны работнік мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне той ці іншай тэмы. Тэматычны план змяшчае 7 пунктаў. Так, па 6 гадзін адводзіцца на засваенне тэм «Сціпласць, пакора, лагоднасць», «Міласэрнасць, спачуванне» і «Служэнне, мужнасць, гонар», 5 гадзін — тэмы «Дабрыня», па 4 — на тэмы «Сумленнасць, праўдалюбства», «Духоўнае краязнаўства. Ушаноўванне святых і святынь роднай зямлі. Захаванне і прымнажэнне духоўнай спадчыны як праяўленне любові да Радзімы».

Асаблівасцю заняткаў з’яўляецца выхаваўчая накіраванасць. Змест факультатыву павінен садзейнічаць фарміраванню гістарычнай памяці, засваенню духоўнай спадчыны беларускага народа, яго традыцый і маральных прыярытэтаў.

У працэсе выкладання рэкамендуецца прымяняць групавыя, парныя, індывідуальныя формы работы, а таксама шырокі спектр актыўных і інтэрактыўных прыёмаў, сродкаў і метадаў навучання (праблемныя, даследчыя, пошукавыя, эўрыстычныя). Мэтазгодна праводзіць ролевыя і дзелавыя гульні, рашаць сітуацыйныя задачы, выкарыстоўваць тэатралізацыі, адпаведныя аўдыявізуальныя матэрыялы, фільмаграфію.

Плануецца, што пасля заканчэння курса навучэнцы асвояць найважнейшыя духоўна-маральныя паняцці і катэгорыі (дабрачыннасць, вера, надзея, любоў, міласэрнасць і інш.). У школьнікаў будуць сфарміраваны гатоўнасць да адказных паводзін, духоўнага развіцця, імкненне да маральнага самаўдасканалення. Таксама ўзрастуць здольнасці параўноўваць, супастаўляць, аналізаваць розныя пункты гледжання і аргументавана выкладаць уласную пазіцыю, будуць удасканалены ўменні супрацоўніцтва і сутворчасці, прытрымлівання этычных і маральных норм зносін і ўзаемадзеяння.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА