У Рэчыцкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі кожны год стараюцца прыдумаць нешта ўнікальнае і арыгінальнае

- 17:19Гомельская область, Образование

“Ноч у цэнтры”, маладзёжныя вечары пад гітару, касплэй па-рэчыцку — гучныя праекты Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Ва ўтульным будынку ЦТДіМ дзеці цікава і з карысцю ба­вяць вольны ад вучобы час, пры гэтым развіваюць уласныя таленты. Дарэчы, установа ўваходзіць у пяцёрку лепшых цэнтраў творчасці Гомельскай вобласці, знайсці занятак па душы тут можа кожнае дзіця. У цэнтры пануе непаўторная атмасфера, гэта сапраўды тэрыторыя радасці, поспеху, дзіцячага шчасця і смеху і, вядома, месца сілы і карпатлівай працы. У кабінетах на вочы раз-пораз трапляюцца вынікі работы хлопчыкаў і дзяўчынак: малюнкі або аб’ёмныя вырабы з саломы, скуры, пацерак. На бачным месцы красуюцца медалі, блішчаць кубкі, у рамачках — дыпломы. Колькі дасягненняў за гады плённай працы — не злічыць! Вядома, дзецям дапамагаюць увасобіць усе самыя смелыя ідэі ў жыццё захопленыя і неардынарныя педагогі.

— Рэчыцкі цэнтр творчасці — адзі­ная шматпрофільная ўстанова ў гора­дзе, — расказвае дырэктар ЦТДіМ Святлана Чыгрынёва. — У нас займаецца больш за 1500 навучэнцаў ад 3 гадоў, пад кіраўніцтвам 36 прафесіяналаў яны вучацца ў 49 аб’яднаннях па інтарэсах, у аддзяленнях музычна-харэаграфічнай творчасці, дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці, сацыякультурнай і забаўляльнай дзейнасці. Шмат выступаем на розных сцэнічных пляцоўках, напрыклад, у горадзе і раёне нас добра ведаюць і цёпла прымаюць. Шмат сіл укладаем у стварэнне ўласных праектаў.

І адразу Святлана Чыгрынёва і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Марына Саўкіна выкладваюць усе фішкі на стол, адзначаючы прыярытэтныя напрамкі і рэалізаваныя ідэі. Дарэчы, у многіх праектах адштурхоўваліся ад ініцыятыў моладзі.

— Шмат праектаў і напрамкаў у нас ужо рэалізавана, гэта “Хобі-клуб”, “Радзіма”, “Валанцёр кібербяспекі”, адкрыўся пакой “PROдвижение”, — да размовы далучаецца Марына Саўкіна. — Дзеці разам з бацькамі ўдзельнічалі ў сацыяльным тэатры, затым быў створаны сямейны клуб для бацькоў і іх дзяцей, дзе вырашалі пытанні, звязаныя з цяжкімі сітуацыямі ў сям’і, у якой дарослыя злоўжываюць алкаголем. Наш цэнтр адзін з першых у краіне звярнуў увагу на работу з падлеткамі 14—16 гадоў, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. Менавіта на гэтую катэгорыю быў разлічаны сацыяльна-педагагічны праект “Цэнтральны герой”.

— Кожны год стараемся прыду­маць і ўвасобіць у жыццё нешта ўнікальнае і арыгінальнае, — падкрэслівае дырэктар. — Дарэчы, пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Дзіцячага фонду ААН ЮНІСЕФ Беларусі арганізавалі інфармацыйна-адпачынкавую зону “Белатэка”, якая вельмі спадабалася нашым юным наведвальнікам і іх бацькам. На першым паверсе зрабілі ўтульны куток, дзе можна правесці вольны час, пагуляць, пачытаць кнігі на беларускай мове, азнаёміцца з цікавымі фактамі пра Беларусь. Прыемна, што гэтая ініцыятыва зыходзіла ад падлеткаў. Наша лакацыя вырашае шэраг пастаўленых задач: матывуе мо­ладзь да вывучэння беларускай мовы, падахвочвае цікавіцца беларускай культурай і традыцыямі. Самыя маленькія тут знаходзяць займальны занятак — размалёўваюць нашы аўтарскія размалёўкі, і першым набывае чырвона-зялёны колер Дзяржаўны сцяг. Карыстаюцца папулярнасцю і беларускія казкі. А калі бацькі прыводзяць дзяцей на заняткі, яны таксама час чакання бавяць з карысцю, за творамі В.Быкава ці І.Шамякіна.

А яшчэ ва ўстанове правялі “Ноч у цэнтры” па аналогіі з мерапрыемствам “Ноч у музеі”. І таксама ідэйнымі натхняльнікамі выступілі выхаванцы. Педагогі ідэю разгледзелі і падрыхтавалі вельмі добрую праграму. Падлеткаў чакала лабараторыя творчых мадыфікацый, на кожнай станцыі загадзя выбудаванага маршруту ўдзельнікі праявілі сябе і паказалі лідарскія якасці. Старшыя навуковыя супрацоўнікі — у рэальнасці педагогі — дапамагалі выяўляць у дзяцей ген лідара. У пакоі эмацыянальнай разгрузкі правялі дыскатэку, трапілі на кінавечарынку, дзе праверылі веды, абапіраючыся на вядомыя фільмы. Плюс кожны ўдзельнік мерапрыемства прыйшоў у пэўным вобразе і прэзентаваў ідэю і канцэпцыю касцюма. А на завяршэнне ўсе сабраліся ля імправізаванага вогнішча, каб абмеркаваць самыя яркія моманты вячэрняй сустрэчы.

— У цэнтры вітаецца правядзенне нестандартных мерапрыемстваў. Прызнацца, цяжка сабраць і арганізаваць моладзь для сістэматычнага наведвання аб’яднанняў па інтарэсах на працягу года, — адкрыта прамаўляе Святлана Мікалаеўна. — Вядома, заўсёды ў топе робататэхніка, навучанне ігры на музычных інструментах, аднак сучасныя дзеці не хочуць шыць і вязаць. А вось правядзенне яркіх і добра спланаваных мерапрыемстваў у суботу, у канікулярны час — наш канёк, які дазваляе захапіць дзяцей, паказаць, што тут яны могуць раскрыць свае таленты і магчымасці.

А якія маладзёжныя вечары пад гітару праводзілі летам у двары цэнтра… Нават бабулі з суседніх дамоў дзякавалі за падораную душэўную атмасферу. У найбліжэйшых планах — правесці касплэй па-рэчыцку. З маштабнага — неўзабаве ў цэнтры закруціцца праект, які аб’яднае цяжкіх падлеткаў і лідараў маладзёжных рухаў.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара