У рамках раённага эколага-патрыятычнага марафону “Квітнеючы горад” у санаторным дзіцячым садзе № 2 Ліды з’явіўся цікавы арт-аб’ект, які адлюстроўвае знакавае для горада свята — 700-годдзе Ліды, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Распрацоўкай і вырабам прыгожай кампазіцыі займалася творчая група педагогаў разам з супрацоўнікамі і бацькамі дзяцей. Размясціць яе было вырашана недалёка ад увахода на тэрыторыю ўстановы дашкольнай адукацыі.
— Цэнтральнай часткай экспазіцыі сталі два сэрцы як сімвал любові да нашага роднага горада і яго жыхароў, як памяць пра гераічнае мінулае і павага да гістарычнай спадчыны. Іх колер сугучны з колерамі Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь — чырвоным і зялёным. Сілуэты 700-годдзя Ліды і сімвал горада “Леў з ключамі” выкананы з металу з дапамогай лазернай графікі. Таксама тут размешчана гняздо з бусламі. Геральдысты лічаць бусла сімвалам патрыятызму, сямейнага шчасця і сыноўскай любові. Сям’я буслоў азначае моцную прыхільнасць дзяцей да бацькоў, абавязак малодшых пакаленняў клапаціцца пра старэйшых. У цэлым кампазіцыя адлюстроўвае характэрныя рысы нашага любімага горада, гістарычныя помнікі якога сведчаць аб гераічным мінулым, зялёныя насаджэнні — аб прыродным багацці. Святочнасць надаюць кветкавыя кампазіцыі, — расказала загадчык санаторнага дзіцячага сада № 2 Ліды Алеся Вакула.
Тэрыторыя дзіцячага сада штогод патанае ў зеляніне. Высаджваючы кветкі, разбіваючы прыгожыя клумбы, кожны раз педагогі і супрацоўнікі стараюцца ўнесці нешта новае. Так, сёлета для афармлення клумб сталі выкарыстоўваць кару дрэў.
Ёсць у дзіцячым садзе і свой агарод, дзе вырошчваюць цыбулю, радыску, клубніцы, агуркі, памідоры, пятрушку. Сёлета з’явілася яшчэ і градка з лекавымі раслінамі: мятай, мелісай, трыпутнікам, рамонкам. Травы засушваюць, а потым робяць з іх фітагарбату для дзяцей. Маленькім агароднікам прыемна паспрабаваць спелыя клубніцы, сарваць з градкі калючы агурок ці пачаставацца духмянай гарбатай, бо яны таксама даглядалі расліны, разам з выхавальнікамі палолі, палівалі. Дзецям гэта вельмі цікава, бо многія жывуць у кватэрах і не бачылі, як растуць тыя ж агуркі.
Як расказала намеснік загадчыка дзіцячага сада Марына Шмайла, творчая група педагогаў плануе пашырыць экалагічную сцежку, дзе дзеці вывучаюць дрэвы, кусты, травяністыя расліны, распрацаваць новыя аб’екты.
У раённы эколага-патрыятычны марафон “Квітнеючы горад” уключыліся ўсе ўстановы адукацыі Ліды. Арганізатарамі яго выступілі ўпраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама і Лідскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства пры падтрымцы раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”.
— Наш цэнтр каардынуе гэтую работу, — расказала дырэктар Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства Жанна Цехановіч. — Яшчэ ў сакавіку правялі семінар для педагогаў з мэтай навучыць іх ствараць кветкавыя кампазіцыі, якія будуць радаваць вока з ранняй вясны да позняй восені. Увогуле, марафон быў ініцыіраваны з мэтай унясення практычнага ўкладу ў агульнае эстэтычнае аблічча горада і раёна калектывамі педагогаў і навучэнцамі ўстаноў адукацыі праз стварэнне і рэалізацыю праектаў па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый школ, гімназій, дзіцячых садоў.
Як атрымалася, можна ўбачыць на прыкладзе санаторнага дзіцячага сада № 2 Ліды. А такія незвычайныя, з любоўю аформленыя кампазіцыі ўпрыгожылі тэрыторыю не адной установы адукацыі. Па выніках марафону прадстаўленыя матэрыялы будуць у кастрычніку дэманстравацца на выставе-прэзентацыі ў рамках савета ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара