У школах Воранаўскага раёна запланаваны цыкл сустрэч пад назвай “Урок з выдатнай асобай”, куды будуць запрошаны людзі, якія ўнеслі значны ўклад у розныя сферы жыцця краіны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
У рамках гэтага праекта акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар механіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка правёў першы такі ўрок у роднай школе. Сяргей Уладзіміравіч уручыў таксама дыпломы і грашовыя ўзнагароды з асабістых сродкаў кожнаму пераможцу раённых алімпіяд па матэматыцы і інфарматыцы. Гэта стала добрай традыцыяй на яго малой радзіме. Прэмія акадэміка Сяргея Абламейкі заснавана ў 2012 годзе з мэтай заахвочвання вучняў навучальных устаноў Воранаўскага раёна. Яна штогод прысуджаецца прафесарам сумесна з аддзелам адукацыі Воранаўскага райвыканкама. Навучэнцы, удастоеныя ўзнагарод, падзяліліся сваімі ўражаннямі пасля сустрэчы з акадэмікам.
— Я ўпершыню атрымаў прэмію імя Сяргея Абламейкі. Перапаўняюць эмоцыі, бо стыпендыя — першае сур’ёзнае дасягненне для мяне. Асабістае знаёмства з заслужаным дзеячам навукі Рэспублікі Беларусь матывавала мяне на пакарэнне новых вяршынь. Летась не атрымалася заняць прызавое месца на алімпіядзе, а ў гэтым годзе паказаў выдатныя вынікі спачатку на школьнай алімпіядзе, а потым на раённым этапе. Не збіраюся спыняцца і будую вялікія планы на будучыню, — пракаменціраваў дзесяцікласнік Міраслаў Юхневіч.
У рамках “Урока з выдатнай асобай” Сяргей Уладзіміравіч расказаў навучэнцам Воранаўскай сярэдняй школы пра штучны інтэлект, каб прывіць ім цікавасць да матэматыкі, бо без яе немагчыма развівацца ў гэтым кірунку.
— Я вучуся на фізіка-матэматычным профілі і з 6 класа займаю прызавыя месцы на раённых алімпіядах. А з 9 па 11 клас штогод атрымліваю імянную прэмію Сяргея Абламейкі. Гэтая стыпендыя дае дадатковую матывацыю — хочацца больш старацца і дасягаць пастаўленых мэт у гэтай галіне. Я двойчы пабываў у Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Атрымалася набрацца там вопыту ў такіх напрамках, як робататэхніка і інфармацыйная бяспека. Мне гэта вельмі цікава. Хацелася б падзякаваць настаўніцы матэматыкі і класнаму кіраўніку Вользе Генрыхаўне Шчэрба, бо лічу, што без яе я не дасягнуў бы такіх поспехаў, — адзначыў адзінаццацікласнік Даніэль Янкелайць.
Выдатна, калі, аддаючы даніну павагі сваёй школе і малой радзіме, Сяргей Уладзіміравіч натхніць калег на такія ж дастойныя ўчынкі.
Даведка
Прэмія імя акадэміка Сяргея Абламейкі заснавана ў 2012 годзе з мэтай заахвочвання навучэнцаў навучальных устаноў Воранаўскага раёна. Старшакласнікі ўзнагароджваюцца стыпендыяй за перамогі ў раённых алімпіядах па матэматыцы і інфарматыцы. Яна штогод прысуджаецца прафесарам сумесна з аддзелам адукацыі Воранаўскага райвыканкама. Сёлета Сяргей Абламейка ўручыў дыпломы і грашовыя ўзнагароды з асабістых сродкаў кожнаму намінанту.
Настасся ЧАРКАНАВА