У Стараюрковіцкай сярэдняй школе Любанскага раёна Мінскай вобласці працуюць у інавацыйным рэжыме — тут рэалізуюцца праекты рэспубліканскага і абласнога маштабу, дзейнічае бізнес-кампанія. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дырэктар навучальнай установы Алег Сініцкі адзначыў, што ўдзел у інавацыйнай дзейнасці мае вялікае значэнне для развіцця школы, бо падштурхоўвае настаўнікаў да прафесійнага росту і стварае ўмовы для павышэння якасці адукацыі.
Педагогі-наватары Галіна Чэкан (матэматык, інфарматык) і Кацярына Дастанка (намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці)
Цяпер ва ўстанове адукацыі рэалізуюцца два інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі самаадукацыі навучэнцаў у кампетэнтнасна-арыентаваным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайта” (рэспубліканскі) і “Укараненне мадэлі персаналізаванага адукацыйнага працэсу ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання” (абласны). Як адзначыла каардынатар першага праекта настаўніца матэматыкі Галіна Чэкан, яго мэтай з’яўляецца фарміраванне і развіццё асобы навучэнца як суб’екта сваёй адукацыйнай дзейнасці, гатовага да бесперапыннай самаадукацыі, прагназавання адукацыйнай і прафесійнай будучыні з дапамогай авалодання метадамі фарсайта.
Фарсайт-сесія — гэта ўнікальная методыка прагназавання будучыні. Інавацыйны мазгавы штурм, які дазваляе максімальна эфектыўна зразумець вартасці і недахопы мінулага і ўлічыць гэта пры стварэнні новых тэхналогій.
Праект рэалізуецца з 2021 года, і за гэты час яго ўдзельнікі стварылі канцэпцыю самаадукацыі навучэнцаў, палажэнне аб дні самаадукацыі навучэнцаў, алгарытм кіравання самаадукацыяй школьніка ў адукацыйным працэсе, сцэнарыі вучэбных заняткаў і выхаваўчых мерапрыемстваў. І работа працягваецца. Педагогі ўвесь час пашыраюць свой метадычны ўзровень, выкарыстоўваючы такія метады, як мазгавы штурм, дарожная карта, экспертныя панэлі, дрэва мэт, марфалагічны аналіз, сканіраванне
навакольнага асяроддзя, дрэва рашэнняў. А вучні набываюць навыкі самастойнага пошуку і аналізу інфармацыі, самаарганізацыі ў працэсе навучання.
Другі інавацыйны праект дзейнічае ў школе з 2021/2022 навучальнага года. За гэты час настаўнікі з ліку ўдзельнікаў інавацыйнага праекта распрацавалі сваю мадэль персаналізаванага адукацыйнага працэсу, якая, па іх меркаванні, дазволіць кожнаму навучэнцу зрабіць усвядомлены прафесійны выбар, сфарміраваць патрэбу ў бесперапынным, самастойным і творчым авалоданні новымі ведамі.
“Пра эфектыўнасць рэалізацыі гэтага праекта можна меркаваць па выніках выступлення нашых вучняў на рэспубліканскіх алімпіядах і па іх далейшым уладкаванні ў жыцці. У гэтым навучальным годзе на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцы заваявалі 4 дыпломы. Удзельнік трэцяга этапу (дзевяцікласнік) заваяваў дыплом І ступені на алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. 100% выпускнікоў школы мінулага года здавалі ЦЭ па прадметах профільнай накіраванасці. 60% выпускнікоў, якія вучыліся ў класе аграрнага кірунку, паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю”, — заўважыў дырэктар школы Алег Сініцкі.
Кіраўнік бізнес-кампаніі Святлана Сушчыц з юнымі бізнесменамі
Школьная вучнёўская бізнес-кампанія “Да зямлі з любоўю” ў Стараюрковіцкай школе дзейнічае з 2011 года.
“Дзейнасць у межах бізнес-кампаніі — лепшы вучэбны практыкум па эканоміцы. Форма правядзення — ролевая гульня, у працэсе якой удзельнікі атрымліваюць веды, уменні, кампетэнцыі ў галіне прадпрымальніцтва і прымяняюць іх на прыкладах кіравання тыпавой версіяй малога бізнесу. Школьная кампанія з’яўляецца правобразам малога прадпрыемства. Вучні могуць арганізаваць уласную справу, выбраць кірунак дзейнасці (вырошчванне расады таматаў і перцаў, цыбулі розных гатункаў, дэкаратыўных раслін), вызначыць патрэбу ў стартавым капітале. Акрамя таго, навучэнцы вывучаюць базавыя асновы прадпрымальніцкай дзейнасці, што ў будучыні можа паўплываць на выбар прафесіі”, — падключылася да размовы кіраўнік бізнес-кампаніі намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці (выхаваўчай рабоце) Святлана Сушчыц.
Кампанія была арганізавана з мэтай вырошчвання і рэалізацыі расады сельскагаспадарчых культур — таматаў, перцаў, капусты і дэкаратыўных раслін (кветкі сальвіі, бягоніі). Вырошчваецца ўсё ў школьнай цяпліцы, на прышкольным участку і з поспехам рэалізуецца.
“Для вырошчвання расады прымяняем розныя спосабы — так вызначаем лепшы і самы хуткі. У прыватнасці, эфектыўным з’яўляецца слімаковы спосаб вырошчвання расады таматаў і перцаў, які дазваляе эканоміць месца, а таксама вырошчваць здаровыя парасткі. Для вырошчвання расады ў імправізаванага слімака закладваецца не толькі грунт, але і папера з пажыўнымі сумесямі”, — падзялілася Святлана Іванаўна.
Удзельнікі бізнес-кампаніі “Да зямлі з любоўю” рэгулярна прымаюць удзел у абласных фестывалях-выставах школьных бізнес-кампаній. Удзельнічалі і ў міжнародным праекце “Школьны сад”, які праводзіўся рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж”. У 2020, 2021, 2022 гадах перамагалі ў адборачных турах абласнога конкурсу бізнес-ідэй і бізнес-праектаў “Прыступкі поспеху”, які праводзіў НДАЦ “Зубраня”.
Разам з тым яны не стаяць на месцы, развіваюць сваю бізнес-кампанію: праводзілі эксперымент па вырошчванні такой культуры, як тэф, а ў гэтым годзе эксперыментуюць з мікразелянінай. Бізнес-кампанію ў Старых Юрковічах ведаюць добра. З моманту яе адкрыцця жыхары вёскі перасталі вырошчваць расаду на падаконніках, бо купляюць яе ў школе. Ведаюць, што тут яны набудуць якасную прадукцыю.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА