У супрацоўніцтве з сям’ёй і з індывідуальным падыходам да малышоў працуе маладая выхавальніца Вераніка Дуйнова

- 13:25Первое рабочее место

Маладая выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці аграгарадка Александрыя Шклоўскага раёна Вераніка Дуйнова ў прафесіі ўсяго два месяцы. Аднак ужо добра кантактуе і з малышамі, і з бацькамі. Дзяўчына працуе з задавальненнем, бо ў прафесію прыйшла свядома. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У маёй сям’і педагогаў ніколі не было. Калі рабіла прафесійны выбар, кіравалася поклічам сэрца. Мне заўсёды падабалася право­дзіць час з малодшай сястрычкай і наогул з дзецьмі: вучыць іх нечаму, выхоўваць. Напэўна, гэта і стала вырашальным фактарам, які прывёў мяне на факультэт педагогікі і псіхалогіі дзяцінства МДУ імя А.А.Куляшова, — па­дзялілася Вераніка Дуйнова.

Студэнцтва праляцела для яе як адно імгненне: лекцыі, семінары, практыка, удзел у творчых конкурсах. Актыўна зай­малася яна і праектнай дзейнасцю: стала адным з аўтараў вучэбнага дапаможніка па экалогіі для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту, які ўвайшоў у лік лепшых на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”.

— Запаветны дыплом атрымала з адзнакай. Добрая вучоба дала прывілеі на размеркаванні, і я папрасіла накіраваць мяне ў Александрыю. Чаму туды? Я родам з суседняй вёскі Балбасава Аршанскага раёна, ды і водзывы аб установе былі толькі станоўчыя, — паведаміла Вераніка Дуйнова.

Паводле яе слоў, чаканні поўнасцю апраўдаліся. Кіраўніцтва і калектыў да­школьнага цэнтра прынялі з цеплынёй і доб­разычлівасцю, акружылі ўсебаковай падтрымкай.

— Вядома, узнікалі і цяжкасці. Перад першым працоўным днём я вельмі хвалявалася. Была і збянтэжанасць, і перажыванні. Але дзякуючы дапамозе вопытных калег, удалося хутка прайсці прафесійную адаптацыю, — расказала Вераніка Васільеўна.

У адукацыйным працэсе выхавальніца робіць акцэнт на асобасна арыентаваных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях. Да ўсіх малышоў яна шукае свой падыход, а на занятках выкарыстоўвае мультымедыйнае, аўдыя- і відэасуправа­джэнне.

— Візуалізацыя робіць вучэбны матэ­рыял больш даступным для разумення. Не менш важная і індывідуалізацыя, бо ўсе дзеці розныя, — растлумачыла Вераніка Васільеўна.

Зараз у Веранікі Дуйновай дванаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 4—5 гадоў. Іх знаходжанне ў дашкольным цэнтры педагог імкнецца рабіць радасным і шчаслівым.

— Стараюся ствараць у групе прыязную атмасферу, акружаю дзетак клопатам і ўвагай. Да арганізацыі штодзённай руціны падыходжу з творчасцю, крэатывам і цярпеннем, — адзначыла Вераніка Васільеўна.

У полі зроку педагога ўсе напрамкі выхаваўчай работы. Яна пераканана: у маленстве дзеці ўбіраюць у сябе інфар­мацыю, як губка, таму нельга нічога ўпускаць. Неабходна прывіць малышам маральныя арыенціры і патрыятычныя пачуцці, сфарміраваць экалагічную культуру, імкненне да пазнання, навыкі бяспечнай жыццядзейнасці.

— Работу ажыццяўляю ў супрацоўніцтве з бацькамі выхаванцаў. Разам з імі распрацоўваю індывідуальную траекторыю развіцця для кожнага дзіцяці, — заўважыла малады спецыяліст.

За два месяцы Вераніка Васільеўна цалкам улілася ў працоўныя будні. Адметна, што ў вялікай колькасці пастаўленых перад ёй задач шмат увагі яна ўдзяляе прафе­сійнаму ўдасканаленню.

— Пастаянна павышаю педагагічнае майстэрства, бо разумею, што на мяне ўскладзена адказнасць за фарміраванне асобы выхаванцаў, — падкрэсліла Вераніка Дуйнова.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара