У сярэдняй школе № 6 Калінкавіч класы профільнай накіраванасці працуюць на вынік

- 14:20Новости

Трое з дзевяці выпускнікоў першага спартыўна-­педагагічнага класа сярэдняй школы № 6 Калінкавіч выбралі прафесію настаўніка фізічнай культуры і здароўя, з іх двое вернуцца ў родны раён як мэтавікі. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Педагогі ўстановы адукацыі дасведчана арыентуюць выпускнікоў улічваць сітуацыю на рынку працы пры выбары будучай прафесіі. Тут паспяхова функцыянуюць класы спартыўна-педагагічнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

— З упэўненасцю магу ска­заць, што ў мяне атрымалася пазнаёміць навучэнцаў з асаб­лівасцямі спартыўна-педагагічных прафесій. Яны змаглі зрабіць усвядомлены выбар пры паступленні ва ўніверсітэты, — адзначае настаўніца фізічнай культуры і здароўя Алена Отчык. — За час навучання школьнікі наведвалі экскурсіі, дні адкрытых дзвярэй, семінары ў Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна. У хлопцаў і дзяўчат з’явілася ўнікальная магчымасць сустрэцца і пагутарыць з алімпійскімі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў па веславанні на байдарках і каноэ. Выхаванцы спрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў фізічнай культуры і біялогіі, у спартыўна-масавых мерапрыем­ствах удзельнічалі ў якасці валанцёраў. Ганаруся ўсімі сваімі вучнямі і з радасцю сачу за іх поспехамі. Так, выпускнікі 2024 года Ілья Севярын і Лізавета Шынкарэнка паступілі на факультэт фізічнай культуры ў Мазырскі педагагічны ўніверсітэт, а Арцём Семяняка — у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны.

Актыўная работа з дзецьмі працягнецца і сёлета, у 11-м спартыўна-педагагічным класе вучацца 6 чалавек.

Акрамя таго, на базе школы з 2018 года функцыянуе клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці, і з году ў год колькасць навучэнцаў у ім павялічваецца. Іх арыентуюць на атрыманне спецыяльнасцей у дзяржаўных органах гарантавання нацыянальнай бяспекі Рэс­публікі Беларусь. Акрамя вучобы, дзяцей чакае мноства займальных падзей — удзел у конкурсах, марафонах, экскурсіях. Сумесныя заняткі з вайскоўцамі дапамо­гуць школьнікам не толькі авалодаць асновамі ваеннай пад­рыхтоўкі, але і паспрыяюць грунтоўнаму вывучэнню гісторыі сваёй Радзімы. Упэўненасць моладзі ў выбраным напрамку, яе прафесіяналізм і кампетэнцыі вызначаюць тое, якой будзе наша дзяржава заўтра.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і Алены ОТЧЫК