У сярэдняй школе гарадскога пасёлка Краснасельскі Ваўкавыскага раёна створана ўнікальнае адукацыйнае асяроддзе: тут нават сцены і лесвіца маюць вучэбнае напаўненне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Установа адукацыі здзіўляе на кожным кроку, пачынаючы з фае, дзе вісіць Дошка гонару выпускнікоў. Па словах дырэктара ўстановы Аляксандра Крупты, дошка ўмоўна падзелена на часткі, адна з іх расказвае пра тых выпускнікоў, якія працуюць у рэспубліканскім дзяржаўным апараце, другая — пра тых, хто праслаўляе Гродзенскую вобласць, а трэцяя прысвечана ганаровым працаўнікам Ваўкавыскага раёна і роднай школы.
А каб такія выпускнікі былі ў школе кожны год, настаўнікам трэба ўвесь час самаўдасканальвацца, а дырэктару — ствараць неабходныя ўмовы для росту педагогаў і вучняў. Развіццё прадметна-прасторавага асяроддзя якраз нацэлена на павышэнне вучнёўскай і педагагічнай матывацыі.
“Мы ўпэўнены, што, каб навучэнцы больш эфектыўна засвойвалі матэрыял, неабходна ў першую чаргу ўдасканальваць вучэбныя кабінеты, бо яны з’яўляюцца асноўным месцам, дзе дзеці атрымліваюць веды, — запэўнівае Аляксандр Анатольевіч Крупта. — Вучні большую частку свайго часу праводзяць ва ўстанове адукацыі, таму наш калектыў паставіў перад сабой задачу стварыць камфортныя ўмовы для навучання”.
Кабінет беларускай мовы і літаратуры, у якім гаспадарыць настаўніца Таццяна Данешчык, заняў 1-е месца ў раённым і абласным аглядзе-конкурсе вучэбных кабінетаў па адпаведных прадметах. І гэта не дзіўна: у яе класе пануе атмасфера беларускай культуры і слова.
“Думаючы над канцэпцыяй кабінета, хацелі стварыць сапраўднае беларускамоўнае асяроддзе, падкрэсліць нацыянальны каларыт, — гаворыць Таццяна Віктараўна. — Імкнуліся да таго, каб вучні, пераступіўшы парог кабінета, адразу разумелі, грамадзянамі якой краіны яны з’яўляюцца і чым мы можам ганарыцца”.
У афармленні кабінета пераважае блакітны колер. Настаўніца адзначае, што такое адценне было выбрана невыпадкова. “Наша краіна багатая на рэкі, азёры, у нас паўсюль растуць васількі, якія з’яўляюцца сімвалам Беларусі. Іх славіў Максім Багдановіч. Таму васілёк стаў сімвалам нашага кабінета, — дадае настаўніца. — А Уладзімір Караткевіч нездарма назваў Беларусь зямлёй пад белымі крыламі. Цяпер і ў нашым кабінеце “лётаюць” буслы”.
Пры афармленні кабінета педагог звярталася нават да вучэбных тэхналогій. Пры дапамозе гексаў Таццяна Віктараўна стварыла стылізаваную кампазіцыю з валошак, кожная з якіх мае сваю тэму: “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся: брэнды прамысловасці”, “Нашы перамогі: маленькія крокі ў Год якасці”, “Кім быць? Куды пайсці вучыцца?”. Стэндавая кампазіцыя “Святло роднага слова” прысвечана вывучэнню беларускай мовы і складаецца з аднайменнага раздзела, а таксама мае дадаткі “Цікава ведаць” і “Культурная спадчына”. Тут жа размешчаны партрэты пісьменнікаў, пад кожным з якіх — QR-коды. Яны дазваляюць перайсці на тэматычныя сайты, азнаёміцца з біяграфіяй беларускіх аўтараў.
Ужо не першы год Т.Данешчык рэалізуе з вучнямі ініцыятыву, якая называецца “Беларусь ад “А” да “Я”. Па словах настаўніцы, яна накіравана не толькі на вывучэнне беларускай культуры, але і на пашырэнне ведаў па гісторыі. “Мы з вучнямі наведваем мясціны, якія звязаны з гісторыяй нашай Радзімы, — дадае педагог. — Спачатку арганізоўваем віртуальныя экскурсіі, пасля думаем, якія з іх зрабіць жывымі, куды адправіцца ў падарожжа. Потым у адпаведнасці з кожнай літарай алфавіта папаўняем нашу “Азбуку Беларусі”: наведалі мясціну на літару “А” — папоўнілі праект і г.д.”.
У афармленні класа прымаюць удзел і бацькі навучэнцаў. Яны ствараюць кампазіцыі, прысвечаныя роднаму краю. Усё гэта настаўніца выкарыстоўвае на вучэбных занятках. Сістэматызаваны матэрыял па беларускай мове, літаратуры, пазакласнай рабоце знаходзіцца ў віртуальным кабінеце, над развіццём якога Таццяна Віктараўна працуе і сёння. Акрамя таго, у настаўніцы многа аўтарскіх інтэлектуальных гульняў, гульняў-прэзентацый, найбольш папулярная з якіх — “Васільковае поле”.
“Гэтая гульня — гордасць нашай установы, — адзначае дырэктар сярэдняй школы г.п.Краснасельскі. — Яна была створана адной з першых у раёне і будзе цікавай не толькі для дзяцей, але і для дарослых”.
Адметная атмасфера пануе і ў кабінетах гісторыі, біялогіі. Аляксандр Анатольевіч падкрэсліў, што педагогі стараліся зрабіць кожную лакацыю максімальна карыснай. “Усё, што ёсць у кабінетах, носіць інфармацыйны характар, — сказаў падчас прэзентацыі кабінета гісторыі А.Крупта. — Банер, які тут вісіць, адлюстроўвае самыя важныя гістарычныя даты і падзеі. Каля кожнай з іх таксама размешчаны QR-коды, якія дапамагаюць больш грунтоўна вывучыць тую ці іншую падзею”.
Для таго каб вучні маглі запомніць асноўныя гістарычныя падзеі, на партах напісаны даты, калі яны адбыліся. Гады з’яўлення першага чалавека на тэрыторыі краіны, Кастрычніцкай рэвалюцыі, падзелаў Рэчы Паспалітай — пра ўсё гэта раскажуць школьныя парты. Але і гэта яшчэ не ўсё.
“Ёсць дзве фішкі, якімі можам пахваліцца ў кабінеце гісторыі, — адзначае Аляксандр Анатольевіч. — Гэта інтэрактыўная карта. Яе можна канструяваць самому, складаць пэўныя гістарычныя даты, падзеі і вывучаць іх больш падрабязна. Таксама мы ганарымся раздзелам, які прысвечаны падрыхтоўцы да экзамену. У ім ёсць аўдыягід, які можна ўключыць і праслухаць адказы на ўсе пытанні, што неабходна ведаць, каб добра здаць экзамен”.
Кабінет біялогіі нібы вялікая лабараторыя. Тут на сценах таксама размешчана асноўная інфармацыя з падручнікаў. “Сённяшняе пакаленне дзяцей — візуалы, яны больш хутка запамінаюць інфармацыю, калі бачаць яе перад вачыма, чым калі гартаюць падручнік, — запэўнівае дырэктар установы. — Таму мы пастараліся з усёй адказнасцю падысці да прасторавага афармлення школы і можам смела сказаць, што ў нас гэта атрымалася выдатна”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА