Як ні стараецца Лідзія Іванаўна Шаўцова забыць пра вайну, нічога не атрымліваецца. Бо яна заціснула жанчыну ў такія жалезныя “абдымкі”, што тыя роспачныя ўспаміны так і лезуць чарадой…
Роздум
Лідзія Іванаўна 25 гадоў працавала настаўніцай у школах Гомеля, у адной з якіх дырэктарам быў Герой Савецкага Саюза Барыс Піліпавіч Калач, а ў ліку настаўнікаў — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Сёння 92-гадовая жанчына праз акно сваёй кватэры назірае за вяртаннем са школы хлопчыкаў і дзяўчынак і радуецца шчасліваму дзяцінству маладога пакалення. Яна па-добраму зайздросціць гэтым гарэзам і ўспамінае сваё растаптанае фашысцкім каваным ботам маленства.
На захад…
Пад стук колаў паравоз то паспешна глытаў кіламетр за кіламетрам, то ў нейкай ляноце быццам перажоўваў іх, то ў глыбокай задуменнасці падоўгу адпачываў на станцыях і раз’ездах. І гэтак — некалькі сутак. У адным з брудных вагонаў-цялятнікаў, дзе ад неймавернай цеснаты не было чым дыхаць, пакутавала сям’я Агароднікавых (гэта дзявочае прозвішча Лідзіі Іванаўны) з рабочага пасёлка Касцюкоўка, што за 12 кіламетраў ад Гомеля. Малодшымі ў ёй былі школьнікі Ліда і Васіль, якія час ад часу гаротна пыталі, што з імі будзе, у бацькі Івана Львовіча, маці Хрысціны Іванаўны, бабулі Лізаветы Пятроўны і цёткі Ліды. А што маглі адказаць ім дарослыя, калі самі нічога не ведалі? Таму дзецям даводзілася толькі вяртацца ў думках у даваенны час, які паўставаў перад імі радасным і шчаслівым.
З другой паловы 1942 года нацысты пачалі аблавы, ад якіх цяжка было ўратавацца. Агароднікавым у гэтым плане спачатку шанцавала. На кватэры ў іх бабулі стаяў нямецкі афіцэр, які працаваў у камендатуры, аб чым і папярэджваў яе. І тады Агароднікавы на трое сутак зашываліся ў густое кустоўе тарфяных балот. І ўсё ж сям’і разам з бабуляй і цёткай Лідай не ўдалося пазбегнуць лап нацыстаў. У час адной з аблаў восенню 1943 года ў калоне з іншымі жыхарамі іх пагналі на чыгуначную станцыю і заштурхалі ў таварняк.
Харчу ніякага, акрамя таго, што ў спешцы людзі нешта прыхапілі з сабой з дому. Толькі вядро з вадой у вагоне ды прыпынкі на нейкіх станцыях. На адным з іх Васілю ўдалося збегчы, і кулі не дагналі яго. Забягаючы наперад, скажу, што ён партызаніў, потым у складзе дзеючай Чырвонай Арміі дайшоў да Венгрыі і пасля Перамогі вярнуўся дадому.
Перад варотамі пекла
І вось горад Брандэнбург, дзе ўсіх перагрузілі ў закрытыя брызентам машыны і павезлі далей. Высадзілі на лясной паляне, акальцаванай калючай агароджай з некалькімі драўлянымі баракамі і чатырма, па вуглах, вартавымі вышкамі, з якіх ашчэрыліся кулямёты. І такі смурод, што хоць нос затыкай.
З’явіліся два немцы з перакладчыкам, які патлумачыў, што аб’ект прызначаны для санітарнай апрацоўкі прывезеных сюды людзей. Потым пачалося фарміраванне груп, якім прысвойваліся нумары. Агароднікавы, акрамя бацькі, трапілі ў апошнюю з іх, якую пагналі да аднаго з баракаў.
— Чым бліжэй, — цяжка ўздыхае Лідзія Іванаўна, — мы падыходзілі да яго, тым больш смуродзіла. Перад будынкам усіх пастрыглі і загадалі распрануцца дагала незалежна ад таго, да якога полу адносіліся людзі. Нявольнікам гэта надало яшчэ больш трывогі. На нашы нясмелыя пратэсты канваіры пусцілі ў ход прыклады. У прадчуванні нечага нядобрага мы ледзь цягнулі ногі па вельмі доўгім калідоры і апынуліся за металічнымі дзвярыма, у вялікай камеры, дзе былі голыя сцены, аніводнага акна і цьмяная электралямпачка на столі.
Тут Лідзія Іванаўна закрывае рукамі твар, па якім паліліся слёзы, і просіць даць ёй перадых. Праз колькі хвілін, сабраўшыся з сіламі, жанчына працягвае свой сумны аповед:
— …а падлога такая бліскучая і гладкая, як першы лёд на возеры… І раптам, з процілеглага боку яна апускаецца ўніз, і адтуль… шуганула жарам… І туды… пакаціліся людзі… Жудасныя крыкі, енкі, плач…
Тут Лідзія Іванаўна зноў бярэ перапынак. Зноў яна набіраецца сіл, зноў мы маўчым.
— …а перад нашай сям’ёй падлога паднімаецца ўгору, і сюды спрабуюць ускараскацца тыя, хто яшчэ не скаціўся… Ды слізгота ж… І яны, як на санках, уніз… У жэрла печы. Не ведаю як, але мама паспела ўхапіцца за ручку дзвярэй, а мы адзін за адным учапіліся за яе… Не сумняваюся, што і мы апынуліся б у тым полымі, бо ў мамы пачалі нямець рукі. Але адбыўся цуд. Падлога нечакана выраўнавалася, потым зайшоў перакладчык і з усмешачкай абвясціў: адбылася памылка, пераблыталі нумары груп, думалі, што ў нашай — яўрэі.
Ушчэнт знясіленыя, аглушаныя страхам, у паўнепрытомным стане, на чужых нагах мы і яшчэ пяць чалавек паклыпалі на выхад. Там сустрэліся з бацькам. Нас з вязнямі з іншых груп у закрытых грузавіках павезлі далей. У мамы па дарозе пачаўся прыступ эпілепсіі, якая засталася ў яе на ўсё жыццё. А памерла яна пасля вайны ў 51-гадовым узросце.
З тых груп, што перад нашай фашысты адпраўлялі на “памыўку”, ніхто адтуль так і не выйшаў. Не змог уратавацца.
Новыя пакуты
У наступным месцы зняволення, лагеры ў горадзе Эберсвальдэ, — такі ж лес, калючая агароджа, вышкі з кулямётамі. Толькі збудаванні цагляныя, што раней прызначаліся для казарм салдат вермахта, якія ваявалі на Усходнім фронце. Ні ацяплення, ні электраасвятлення. Двух’ярусныя нары. У пакоі Агароднікавых іх было восем для шаснаццаці чалавек. Выдалі паласатыя халаты з нумарнымі знакамі і драўляныя калодкі — абутак.
Ледзь світанне, усіх дарослых пад канвоем вадзілі за межы калючага дроту на падземны завод па вырабе снарадаў. Дзеці прыбіралі тэрыторыю лагера, чысцілі басейны, былі задзейнічаны на кухні. У час работы ім забаранялася весці адно з адным размовы, за непаслухмянства ці нейкае іншае парушэнне іх, як і дарослых нявольнікаў, збівалі.
— Такім, як я, — расказвае далей Лідзія Іванаўна, — выдзялялі 150 грамаў эрзац-хлеба на дзень, больш старэйшым — 330, а ў каго была вельмі цяжкая работа — 500 грамаў. У абед у сталоўцы ўсім нявольнікам даставалася па чарпаку нішчымнай, без солі, баланды з бручкі. Мой дзіцячы арганізм (а мне споўнілася тады 12 гадоў) патрабаваў каларыйнага харчавання, аб якім даводзілася толькі марыць. Ад такой кармёжкі пастаянна хацелася есці і спаць.
Куды горшае становішча было ў савецкіх ваеннапалонных, якія знаходзіліся асобна ад нас, за калючым дротам. Ніякіх баракаў для іх, на голай зямлі… Я шмат разоў бачыла, як ранкам туды пад’язджала машына і ў кузаў яе, як дровы, закідвалі трупы скалелых за ноч. Вяртаючыся са сталовай у баракі, мы іншым разам перакідвалі землякам схаваныя ў адзенні кавалачкі бручкі.
Ніякага ўрача, ніякай медыцынскай дапамогі нявольнікам не аказвалася, затое пасля кожнай ночы захварэўшых ці памерлых забіралі назаўсёды, і на іх месца прыбывалі іншыя няшчасныя. Больш за ўсё вязні баяліся прастуды ці іншага захворвання, бо ведалі, што лекаў ніхто не дасць і не дапаможа. І тады што? Аднойчы Іван Львовіч занядужаў і знарок трэснуў нарыхтоўкай снарада па назе, што яго і выратавала. А Хрысціну Іванаўну, калі ў яе пачаўся прыступ эпілепсіі, выручалі тыя, хто працаваў побач, прыкрывалі яе.
Ад недаядання Ліда Агароднікава пачала марнець, у вачах станавілася цёмна, развілася малакроўе. Усё часцей і часцей яна зашывалася ў які-небудзь куток і засынала: сіл не было. І вось аднойчы на яе звярнула ўвагу пажылая немка, якая завітала сюды, каб выбраць сабе памочніцу па хатніх справах. Агледзеўшы шарэнгу дзяцей, якіх выстраілі наглядчыцы, і не праявіўшы да іх цікавасці, яна падышла да слабенькай і худой, як трэска, Ліды, якая сядзела ў куточку, і пачала распытваць яе. “Для работы “кіндар” непрыгодная, самі бачыце”, — падказала фрау адна з наглядчыц. Аднак тая, прамовіўшы толькі адно слова “гут”, павяла дзяўчынку за сабой.
Гэта была Фрыда Шміт, жонка загадчыка пральні Ота Шміта. Яны жылі ў доміку за агароджай лагера. У Ліды, можна сказаць, пачалося новае жыццё. Муж і жонка ўсаджвалі яе побач з сабой за абедзенны стол, вучылі нямецкай мове, і, калі адпраўлялі яе на ноч у лагер, фрау прывязвала да яе цела прадукты харчавання і папярэджвала, каб яна нікому не прызнавалася, што яе кармілі ў сям’і Шмітаў. Дзякуючы гэтаму, яе паёк даставаўся бацькам.
Вызваленне
Для Агароднікавых яно наступіла праз паўтара года зняволення. Калі фашысты пад ударамі чырвонаармейцаў драпнулі з лагера на Берлін, вязні пачалі разбягацца хто куды. Агароднікавы трапілі ледзь не ў цэнтр аднаго такога боя, ледзь засталіся ў жывых, а ў бабулі ад страху адняліся ногі. Таму везлі яе ў нейкім паламаным вазку. А тут з’явіўся вялікі атрад немцаў, які пагнаў іх перад сабой у якасці заслоны.
Потым быў цяжкі пераход да Варшавы, дзе знаходзіўся размеркавальны пункт па вяртанні вязняў на радзіму і дзе Івана Львовіча адразу забралі ў армію, а яго сям’ю замацавалі за нейкай вайсковай часцю. Там голаду ўжо не было і Ліда так аб’елася, што захварэла і ратаваць яе давялося таблеткамі. Праз месяц праверкі адкрылася дарога дадому.
— Я пайшла ў пяты клас, — расказвае Лідзія Іванаўна, — хаця да вайны скончыла толькі тры, і 25 гадоў адпрацавала настаўніцай пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі ў Гомельскім педагагічным інстытуце. Маім мужам стаў вельмі добры і спагадлівы інжынер-энергетык Барыс Ануфрыевіч Шаўцоў, якога, на жаль, забраў Чарнобыль. У мяне дзве дачкі, трое ўнукаў, праўнук.
У 2005 годзе Лідзію Іванаўну запрасілі як адзіную жывую сведку з Беларусі прыехаць у Эберсвальдэ. Справа ў тым, што амаль уся дакументацыя па тых лагерах у канцы вайны была знішчана, і даследчыкі спадзяваліся, што былыя вязні дапамогуць сваімі ўспамінамі аднавіць праўдзівы малюнак таго часу. На працягу дзесяці дзён з былымі вязнямі з Арлоўскай, Смаленскай і іншых абласцей праводзіліся экскурсіі, ладзіліся сустрэчы са школьнікамі і г.д. Аказваецца, той лагер у Эберсвальдэ быў затоплены разам з нявольнікамі, якія там яшчэ заставаліся і не паспелі сысці. На тым месцы зараз нічога няма, усё зраўнавалі з зямлёй…
— Нягледзячы на ўсе перыпетыі лёсу, — гаворыць суразмоўніца, — у мяне няма нянавісці да немцаў як нацыі. Бо на сваім вопыце ўпэўнілася, што ў іх, як і ў іншых народаў, шмат чулых грамадзян, якія гатовы прыйсці на дапамогу. А што былі фашысты-гітлераўцы, дык гэта вядома ўсім. І яшчэ. Пасля ўсяго перажытага я ведаю галоўнае — сапраўдную цану хлеба, пакут, мірнага неба. Сапраўдную цану Перамогі!
Уладзімір ПЕРНІКАЎ
Фота Таццяны ГРЭМЯШКЕВІЧ