Днямі Гомельшчына гасцінна прымала ўдзельнікаў Рэспубліканскага семінара-практыкуму “Удасканаленне дзейнасці дзяржорганаў і арганізацый у рэалізацыі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь” — прадстаўнікоў ідэалагічнай вертыкалі краіны: старшынь аблвыканкамаў, начальнікаў галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы і па справах моладзі, сакратароў тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ. Падчас двухдзённай работы былі абмеркаваны пытанні пошуку новых эфектыўных форм работы з моладдзю, развіцця і ўдасканалення сістэмы грамадзянскага і патрыятычнага выхавання, узаемадзеяння і супрацоўніцтва з вядучымі маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі, прафесійнай арыентацыі старшакласнікаў, атрымання адукацыі і працаўладкавання, прадастаўлення першага рабочага месца. У рабоце семінара-практыкуму прынялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, міністр адукацыі Ігар Карпенка, старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік.
Інавацыйныя формы ў дзеянні
Спачатку рэгіянальныя дэлегацыі прыбылі ў Лоеў, дзе з удзелам міністра адукацыі Ігара Карпенкі адбылася цырымонія ўскладання кветак да стэлы мемарыяльнага комплексу. Кіраўнік ведамства наведаў сярэднюю школу і педагагічны каледж пасёлка.
Практычныя аспекты рэалізацыі маладзёжнай палітыкі прадставілі ўстановы адукацыі, прадпрыемствы і арганізацыі Рэчыцкага раёна. Падчас наведвання фотаэлектрычнай станцыі РУП “Вытворчае аб’яднанне “Беларуснафта” гаворка ішла аб ролі моладзі ў інавацыйнай палітыцы прадпрыемства. Перспектывы росту маладым спецыялістам дазваляюць вызначаць так званыя кар’ерныя карты. На прадпрыемстве распрацавана і выкарыстоўваецца сістэма матывацыі і сацыяльны пакет, ёсць савет маладых спецыялістаў. З формамі і метадамі работы з падрастаючым пакаленнем па ваенна-патрыятычным выхаванні пазнаёмілі педагогі Рэчыцкай раённай гімназіі. Тут дзейнічае ваенна-патрыятычны цэнтр спецыяльнай падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі “Скіф”, які працуе з дзецьмі па шэрагу напрамкаў, у тым ліку па паветрана-дэсантнай, агнявой падрыхтоўцы, рукапашным баі і інш. Аб падтрымцы дзіцячай і маладзёжнай ініцыятывы ў экалагічным выхаванні гаворка ішла ў Рэчыцкім эколага-культурным цэнтры, маладзёжнае самакіраванне ў дзеянні было прадстаўлена ў раённым ліцэі, а вопытам рэалізацыі інстытута настаўніцтва падзяліліся ў ААТ “Рэчыцадрэў”. Аб падтрымцы таленавітай моладзі, вырашэнні яе сацыяльных праблем праз калектыўны дагавор, выхаванні беражлівых адносін да народных традыцый таксама вялася размова на практычных пляцоўках. Кожная з пляцовак адлюстроўвала не толькі аспекты работы з моладдзю рознага ўзросту, але і прывязку да мясцовасці: аграгарадок, райцэнтр, прамысловы горад.
У другі дзень удзельнікі семінара-практыкуму пазнаёміліся з рэспубліканскай выставай, прысвечанай інавацыйным формам і метадам работы з моладдзю ў Беларусі. Кожны рэгіён краіны прадставіў найбольш запатрабаваныя напрацоўкі, якія карыстаюцца папулярнасцю ў маладых людзей. Напрыклад, Брэстчына прадэманстравала дзейнасць студэнцкіх атрадаў, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў. Сталіца прадставіла пакрокавую сістэму работы па падрыхтоўцы рабочых кадраў для прамысловага комплексу Мінска, пачынаючы ад устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і падыходзячы да канкрэтнага прадпрыемства, якое прымае спецыялістаў і далей суправаджае, каб яны маглі не проста стаць высокакваліфікаванымі рабочымі, але і атрымаць магчымасці, што дае сталіца ў развіцці творчых здольнасцей, прадэманстраваць лідарскія якасці і стаць людзьмі, якія ўсвядомлена прыйшлі ў рабочую прафесію. Навучэнцамі ўстаноў адукацыі сталіцы (гімназій №№ 22 і 36) распрацаваны і прадстаўлены на выставе мабільныя дадаткі, якія ўключаюць падарожжы па Мінску і Беларусі. Гэта асабліва актуальна напярэдадні такіх вялікіх мерапрыемстваў, як дзіцячае Еўрабачанне і ІІ Еўрапейскія гульні.
Экспазіцыя Магілёўскай вобласці накіравана на прафесійнае самавызначэнне навучэнцаў, у прыватнасці — арыентацыю на будаўнічыя прафесіі. Інфармацыйную пляцоўку першага ляснога канала прадэманстравалі прадстаўнікі Віцебшчыны. Яны першыя і адзіныя ў Віцебскай вобласці займаюцца студэнцкім тэлебачаннем у сярэдніх спецыяльных навучальных установах. З моладдзю вядзецца вельмі актыўная работа, разбіраюцца праблемы, шукаецца выйсце з іх.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадставіў грамадзянска-патрыятычны праект “Жывая гісторыя”, накіраваны на выхаванне ў моладзі грамадзянска-патрыятычнай адказнасці. Удзельнікаў мерапрыемства “віталі” нашы знакамітыя суайчыннікі Францыск Скарына, Янка Купала і інш.
Да распрацоўкі стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі
Адкрываючы мерапрыемства, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава заклікала ўдзельнікаў да канструктыўнага дыялогу. Яна адзначыла, што семінар-практыкум стаў пляцоўкай, дзе абмяркоўваюцца задачы, даручэнні па пытаннях развіцця маладзёжнай палітыкі, пастаўленыя кіраўніком дзяржавы на V Усебеларускім народным сходзе, Рэспубліканскім педагагічным савеце, сустрэчах з творчай моладдзю і іншых мерапрыемствах. Акрамя таго, форум закліканы разгледзець пытанні, якія існуюць і патрабуюць вырашэнння. “Гэта і магчымасць абмяняцца вопытам і меркаваннямі пра тое, што яшчэ неабходна зрабіць, магчыма, на заканадаўчым узроўні. У прыватнасці, на нядаўнім з’ездзе БРСМ была агучана прапанова, якая тычыцца павелічэння маладзёжнага ўзросту, бо працягласць жыцця змянілася”, — падкрэсліла Наталля Іванаўна.
Па словах міністра адукацыі Ігара Карпенкі, работа з моладдзю заўсёды з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў дзяржаўнай улады. У краіне сфарміравана адпаведная заканадаўчая, нарматыўна-прававая база ў галіне маладзёжнай палітыкі, асноўныя задачы, формы і метады работы з моладдзю. Паказчыкі эфектыўнасці гэтай работы адлюстраваны ў дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады”.
На думку міністра, ва ўмовах імкліва зменлівага свету неабходна пачаць распрацоўку стратэгічных падыходаў развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на перспектыву.
— Нельга працаваць з моладдзю інтуітыўна, — мяркуе Ігар Васільевіч. — Стрыжнёвай часткай работы павінен стаць навуковы падыход з улікам айчыннага і замежнага вопыту ў маладзёжнай палітыцы, а таксама тэндэнцый грамадскага развіцця. На справе мы бачым, што па тэматыцы маладзёжнай палітыкі зусім невялікі працэнт навуковых даследаванняў. Так, у мінулым годзе абаронена ўсяго 4 кандыдацкія дысертацыі, за апошнія 3 гады з 280 грантаў на прыкладныя даследаванні толькі 4 прысвечаны маладзёжнай праблематыцы. У найбліжэйшы час гэтая работа будзе скарэкціравана.
Як адзначалася, падрыхтоўка праекта стратэгіі запатрабуе далучэння не толькі вучоных, але і практыкаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый, дзяржаўных органаў і структур.
І.Карпенка спыніўся на асноўных аспектах маладзёжнай палітыкі, якія могуць быць пакладзены у аснову гэтага дакумента. Па-першае, гэта фарміраванне сацыяльна актыўнай асобы маладога чалавека, падрыхтаванага да прыняцця адказных рашэнняў, актыўнага грамадзяніна. Тут па-ранейшаму вялікая роля адведзена адукацыі, яе змястоўнаму і выхаваўчаму патэнцыялу. А якасную адукацыю немагчыма забяспечыць без павышэння эфектыўнасці інфармацыйнай работы з моладдзю. Не першы год ва ўстановах адукацыі функцыянуюць інфармацыйна-прапагандысцкія групы, праводзяцца дні інфармавання. Гэтыя формы даўно занялі сваю нішу ў рабоце з моладдзю. У новым навучальным годзе прапаноўваецца рэалізаваць праект “Школа актыўнага грамадзяніна” ва ўсіх установах адукацыі, яго ключавая ідэя — сфарміраваць кампетэнцыі актыўнага грамадзяніна, стварыць на пастаяннай аснове пляцоўку для адкрытага дыялогу з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі, вучонымі і г.д. Рэалізацыя праекта павінна садзейнічаць фарміраванню ў моладзі крытычнага мыслення, аналітычных здольнасцей, камунікатыўных уменняў і навыкаў. Ужо сёння распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі і апрабацыі гэтага праекта.
— Разглядаючы маладога чалавека як суб’ект інфармацыйнага грамадства, для якога інтэрнэт, сацыяльныя сеткі з’яўляюцца самымі запатрабаванымі каналамі інфармавання, работу па інфарматызацыі сістэмы адукацыі неабходна вывесці на новы якасны ўзровень, — мяркуе міністр. — Таму неабходна ўмацаваць інфармацыйна-камунікацыйную структуру з мэтай укаранення ў адукацыйны працэс сучасных ІТ. Асабліва ўдзяліць увагу падрыхтоўцы кадраў праз карэкціроўку зместу павышэння кваліфікацыі, развіццё дыстанцыйнай формы навучання, сеткавае ўзаемадзеянне, варыятыўнасць навучальных курсаў.
Па-другое, удасканаленне прафарыентацыйнай работы. Усвядомлены выбар прафесіі — перадумова паспяховай сацыялізацыі і творчай самарэалізацыі маладых людзей. Побач з традыцыйнымі формамі рэалізоўваюцца праграмы факультатыўных заняткаў, а з новага навучальнага года для вучняў 10 класаў уведзены вучэбны прадмет “Працоўнае навучанне”, у межах якога будзе рэалізоўвацца адукацыйная праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых. Плануецца выкарыстоўваць патэнцыял рэсурсных цэнтраў прафесійнай адукацыі і саміх устаноў.
— Пытанне ўдасканалення прафесійнай арыентацыі павінна быць выведзена на новы якасны ўзровень, — лічыць Ігар Карпенка. — Мы павінны стварыць умовы для ранняй дыягностыкі і кансультавання маладых людзей з мэтай фарміравання ўсвядомленай матывацыі выбару будучай прафесіі. Разам са стварэннем дзіцячага тэхнапарка неабходна сфарміраваць новыя падыходы да гэтай работы.
Шукаць шчасця ў сваёй краіне
Не менш важная падтрымка адоранай моладзі. Дзяржава зацікаўлена ў далейшай рэалізацыі яе здольнасцей у прафесійнай сферы. “Наша задача — паказаць, дзе праца маладога чалавека будзе каштоўнай, чаго можна дасягнуць і што для гэтага трэба рабіць, каб у яго не ўзнікла пачуццё незапатрабаванасці ў жыцці і жаданне паехаць з краіны, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Лічу, побач з таленавітым маладым спецыялістам павінен знаходзіцца не менш таленавіты вопытны настаўнік, каб працэс творчага і прафесійнага росту працягваўся і пасля студэнцкай лаўкі”.
Як адзначалася, сёння неабходна працаваць над стварэннем умоў для пабудовы высокаэфектыўнай траекторыі прафесійнага станаўлення і развіцця маладых людзей. Міністэрства адукацыі актыўна працуе з заказчыкамі кадраў. На высокатэхналагічных прадпрыемствах, у арганізацыях ПВТ створана 84 філіялы кафедр устаноў вышэйшай адукацыі. Усяго дзейнічае больш за 1000 філіялаў кафедр. Ва УВА працуе 71 лабараторыя і 42 адукацыйныя цэнтры, створаныя з удзелам вядучых сусветных кампаній. Усё гэта садзейнічае падрыхтоўцы спецыялістаў, якія валодаюць кампетэнцыямі, запатрабаванымі ў сучаснай эканоміцы.
Працягваецца работа па ўзмацненні практыка-арыентаванай падрыхтоўкі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Сусветны вопыт паказвае, што пошук работы і пачатак працоўнай дзейнасці звязаны для моладзі са значнымі цяжкасцямі, бо работадавец аддае перавагу спецыялістам з вопытам работы.
Сучасны рынак працы характарызуецца жорсткай канкурэнцыяй. І наша краіна не выключэнне. Сярод зарэгістраваных беспрацоўных моладзь складае амаль трэцюю частку, 85% — выпускнікі платнай формы навучання. У праекце абноўленага Кодэкса аб адукацыі закладзена норма, што выпускнікі, якія атрымалі накіраванне на работу незалежна ад крыніцы фінансавання навучання, будуць лічыцца маладымі спецыялістамі ці маладымі рабочымі і служачымі, што дазволіць ім у поўнай меры выкарыстоўваць права на дзяржаўную сацыяльную падтрымку. Акрамя таго, запланавана пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў шляхам зняцця абмежаванняў з месцаў размяшчэння арганізацый — заказчыкаў кадраў. Гэта дазволіць маладым людзям на этапе паступлення атрымліваць больш шырокія магчымасці выбару работадаўца і наладжвання з ім больш цесных сувязей.
Ігар Карпенка падтрымаў пазіцыю Федэрацыі прафсаюзаў аб унясенні змяненняў у працоўнае заканадаўства ў частцы ўдасканалення кантрактнай сістэмы: чалавек, які паспяхова працуе, павінен мець бестэрміновы кантракт. “Відавочна, што заказчык кадраў павінен забяспечыць эфектыўнасць вытворчасці, узровень заработнай платы і іншыя сацыяльныя гарантыі, якія дазволяць замацаваць кадры на канкрэтным прадпрыемстве для канкрэтнага рэгіёна, што дазволіць маладому спецыялісту шукаць шчасця у сваёй краіне, а не за яе межамі”, — лічыць міністр адукацыі.
Сярод акрэсленых напрамкаў — арганізацыя другаснай занятасці, развіццё маладзёжнага прадпрымальніцтва. Для прасоўвання маладзёжных ініцыятыў неабходна інфармацыйная і камунікацыйныя пляцоўкі, дзе маладыя людзі змогуць атрымаць не толькі падтрымку сваіх ідэй і комплекс базавых ведаў для прадпрымальніцтва, але і магчымасць прэзентаваць свае праекты, напрацаваць партнёрскія сувязі. Такія пляцоўкі ўжо створаны — тэхнапаркі, бізнес-інкубатары і інш. Але гэта толькі пачатак работы. Ужо зараз рэалізоўваецца мадэль “Універсітэт 3.0”, у межах якой студэнты будуць вучыцца неабходнай прадпрымальніцкай кампетэнцыі. З навукова-тэхналагічных паркаў павінны вырастаць прадпрыемствы, якія будуць забяспечваць занятасць насельніцтва. І тут не абысціся без маладых кадраў. Работа ў гэтым напрамку павінна быць сістэмнай, прадуманай і патрабуе цеснага міжведамаснага ўзаемадзеяння.
Асаблівая ўвага ў новай стратэгіі будзе ўдзелена дзіцячым і маладзёжным грамадскім аб’яднанням, прафілактыцы правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі, фізкультурна-аздараўленчаму руху. Яшчэ адзін ключавы напрамак — грамадзянска-патрыятычнае і маральнае выхаванне моладзі. Плануецца карэкціроўка зместу праграмы дапрызыўнай падрыхтоўкі, удасканаленне падрыхтоўкі кадраў і пашырэнне сеткі цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі. Прапрацоўваецца пытанне аб магчымасці даваць прэферэнцыі пры паступленні ў ССНУ і УВА для тых, хто прайшоў службу ва Узброеных Сілах.
Новы імпульс грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі надало правядзенне ў нашай краіне Года малой радзімы. Гэта каласальная прастора для інцыятывы — ад вывучэння гісторыі малой радзімы да навядзення парадку на сваёй зямлі. 1 верасня ва ўстановах адукацыі пройдуць урокі, прысвечаныя Году малой радзімы.
Уласным прыкладам
Тэма прафесійнай арыентацыі, папулярызацыі рабочых прафесій, гарантаванага рабочага месца і працаўладкавання была вылучана на форуме ў якасці ключавой.
— Працаўладкаванне маладых людзей павінна стаць прыярытэтам у рабоце рэгіянальных органаў улады. Так, мабыць, мы адзіная краіна, дзе гарантуецца першае рабочае месца. Але гэта першаснае, на што жорстка нацэльвае і кіраўнік дзяржавы, — зазначыла Наталля Качанава.
Станоўчымі вынікамі ўзаемадзеяння мясцовых органаў і моладзі, замацавання маладых людзей на рабочых месцах падзяліліся з удзельнікамі семінара выступоўцы. Так, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў адзначыў, што кадравая стратэгія ў рэгіёне накіравана на тое, каб моладзь не проста адпрацоўвала ўстаноўлены заканадаўствам тэрмін, а з жаданнем замацоўвалася на рабочых месцах, стварала ў гэтым рэгіёне сям’ю. За апошнія 5 гадоў сярэднеабласны паказчык замацаванасці маладых кадраў вырас з 55 да 70%. Значную ролю ў такой дынаміцы адыгрываюць ільготы і гарантыі, прадугледжаныя ў калектыўных дагаворах арганізацый. Гэта і ўстанаўленне дадатковых выплат, у тым ліку матэрыяльная дапамога на аздараўленне, кампенсацыя тым, хто здымае кватэру, пазыкі на спажывецкія патрэбы. Напрыклад, на ААТ “Мазырскі НПЗ” дзейнічае комплексная праграма “Моладзь”, усе гарантыі і льготы маладым спецыялістам адлюстраваны ў калектыўным дагаворы. Агракамбінат “Паўднёвы” Гомельскага раёна гарантуе маладым спецыялістам на працягу першых 2 гадоў работы штомесячную даплату ў памеры дзвюх тарыфных ставак 1 разраду, а ў наступныя 3 гады — тры тарыфныя стаўкі. Адкрытае акцыянернае таварыства “Някрашынскі” Акцябрскага раёна прадастаўляе адзінокім маладым спецыялістам месцы ў інтэрнаце, а маладым сем’ям — жылыя дамы. Акрамя таго, прадпрыемства кампенсуе выдаткі за карыстанне жыллём па найме.
Пачынаючы з 2006 года прэміі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта штогод атрымліваюць студэнты УВА, якія дабіліся высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. Сёлета гэтай прэміі ўдастоены 6 студэнтаў. У мэтах падтрымкі адоранай моладзі аблвыканкамам на конкурснай аснове штогод праводзіцца прысуджэнне 12 прэмій найбольш таленавітым маладым вучоным і спецыялістам. Больш за палову работ носяць прыкладны характар і, што прыемна, ужо знайшлі сваё прымяненне.
Генеральны дырэктар па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце ААТ“БелАЗ” — кіруючай кампаніі холдынга “БелАЗ-Холдынг” Станіслаў Якубовіч падзяліўся вопытам арганізацыі работы з моладдзю на сваім прадпрыемстве. Тут дзейнічае праграма “Моладзь БелАЗа”, арганізаваны савет моладзі. Рэалізацыя праграмы ажыццяўляецца па такіх напрамках, як прафесійнае станаўленне маладога спецыяліста, інфармацыйна-камунікацыйная работа, патрыятычнае выхаванне, фарміраванне асноў здаровага ладу жыцця, сацыяльная падтрымка моладзі. Калі гаварыць пра апошнюю, то маладыя мамы атрымліваюць ад завода такія ж сродкі, якія ім выдзяляе дзяржава, для моладзі ўстаноўлены паніжаныя нормы выпрацоўкі, арганізоўваюцца розныя формы вучобы, 70% зарплаты выплачваецца завочнікам, адбываецца выплата прэмій рознага характару, ёсць грашовая кампенсацыя за арэнду жылля.
Першапачаткова маладыя спецыялісты праходзяць субяседаванне ў музеі, дзе іх знаёмяць з гісторыяй прадпрыемства. Адаптацыя маладога спецыяліста трохступеньчатая. Пасля першага месяца работы праводзіцца маніторынг сацыялізацыі і прафесійнай падрыхтоўкі маладога чалавека.
Стварэнне маладзёжных інавацыйных творчых груп — яшчэ адна эфектыўная форма работы “БелАЗа” — дае магчымасць маладому спецыялісту самарэалізавацца, прадэманстраваць свае здольнасці, ініцыятыву, унесці цікавыя прапановы па ўдасканаленні працэсаў на прадпрыемстве.
Намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Глушко мяркуе, што сёння работа з моладдзю патрабуе нестандартных рашэнняў. У горадзе вялікае значэнне надаецца развіццю маладзёжнага прадпрымальніцтва. Падтрымку аказваюць тэхнапарк “Магілёў” і Гарадскі цэнтр развіцця прадпрымальніцтва. Ужо з’явіліся гісторыі праінвеставаных і паспяхова рэалізаваных маладзёжных праектаў (інтэрнэт-сэрвіс Дзмітрыя Случанкова, праекты Дзмітрыя Шынкарова, праект Алесі Цумаравай па адкрыцці творчага цэнтра для людзей з абмежаванымі магчымасцямі).
З моладдзю трэба размаўляць на роўных
Як неаднаразова падкрэслівалася на мерапрыемстве, значная роля ў рабоце з моладдзю адводзіцца БРСМ. Першы сакратар Цэнтральнага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” Дзмітрый Варанюк расказаў аб новых формах работы арганізацыі (пашырэнне прысутнасці ў інтэрнэце, сацыяльных медыя) і новых праектах. Валанцёрскі рух “Добрае сэрца” плануе запусціць цікавы праект, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Галоўная задача праекта — захаваць памяць аб героях-партызанах. Плануецца устанавіць спецыяльныя знакі ва ўсіх вядомых і невядомых месцах партызанскага руху. Вынікам работы павінна стаць анлайн-карта партызанскага руху. У планах — арганізацыя і стварэнне анлайн грамадскіх прыёмных для акумуляцыі водзываў, ініцыятыў і прапаноў.
Дзмітрый Варанюк прапанаваў у найбліжэйшы час правесці пасяджэнні выканаўчых камітэтаў у рэгіёнах па тэме узаемадзеяння БРСМ і выканаўчай улады. Першы сакратар выказаў спадзяванне наконт з’яўлення ў рэгіянальнай прэсе матэрыялаў пра тое, чым жыве пярвічка на сяле.
Выступоўцы неаднаразова падкрэслівалі, што дасягненню станоўчых вынікаў будзе садзейнічаць супрацоўніцтва дзяржорганаў і грамадскіх аб’яднанняў.
— У вас ёсць вопыт, аўтарытэт, рэсурсы, жыццёвая мудрасць, у нас — ініцыятыва, імкненне стварыць штосьці новае, быць карыснымі і запатрабаванымі. Такі сплаў не можа быць безвыніковым, нам разам многае па сілах, — адзначыў Дзмітрый Варанюк.
Семінар-практыкум паказаў, што маладзёжная палітыка вельмі шматгранная, патрабуе пільнай увагі. Фармалізм у рабоце з моладдзю недапушчальны. Патрэбна жывая работа з кожным маладым чалавекам. Кіраўнікі на месцах павінны бачыць моладзь, умець слухаць і чуць яе, а яна ў нас — творчая, ініцыятыўная і крэатыўная. Прычым з моладдзю трэба размаўляць на роўных, адыходзіць ад павучанняў. На думку Наталлі Качанавай, важна, каб работа кожнага кіраўніка на сваім месцы была актыўнай і неабыякавай.
— Гэтым неабходна займацца сур’ёзна, дасканала, глыбока ўнікаючы ў існуючыя праблемы. У кожным горадзе, раёне сітуацыя розная, вызна-чаць прыярытэтныя напрамкі ў рабоце з моладдзю неабходна, зыходзячы з гэтага, — адзначыла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.