У Варнянскай сярэдняй школе дзейнічае адзіны ў краіне адукацыйны цэнтр па зберажэнні ласося

- 13:22Образование

З 2017 года ў Варнянскай сярэдняй школе Астравецкага раёна дзейнічае адзіны ў краіне адукацыйны цэнтр па зберажэнні ласося. Ён стаў візітнай карткай установы адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Знаёмства з галоўным героем незвычайнай прасторы — рыбай кумжа — пачынаецца яшчэ пры ўваходзе ў школу. Тут устаноўлены помнік прадстаўніку ласасёвых, які заходзіць на нераст у чыстыя рэкі раёна. Цікава, што школьнікі надзялілі ласося ў бронзе амаль чароўнымі паўнамоц­твамі. Пра гэта сведчыць да бляску нацёртае тулава рыбы: для здзяйснення жадання вучні старанна паліруюць яе рукамі.

Сам ласасёвы цэнтр уяўляе сабой пастаянна дзеючую інтэрактыўную выставу, дзе можна даведацца шмат цікавага пра розных прадстаўнікоў сямейства ласасё­вых: сёмгу, кету і ручаёвую стронгу. І, безумоўна, пра рыбу кумжу, якая штогод ажно з Балтыйскага мора праплывае да 600 кіламет­раў выключна ўверх па цячэнні па Нёмане і Віліі, каб адкласці ўрэшце ікру там, дзе нарадзілася. Ікра “зімуе” ў чыстай ва­дзе мясцовых рэчак, а ўвесну з’яўляюцца малькі, якім трэба плыць у Балтыйс­кае мора.

— Час нерасту — гэта ўсяго каля дзесяці дзён у пачатку снежня. І да месца заканчэння вялікага падарожжа кумжы якраз у гэты час з году ў год прыязджаюць прадстаўнікі навуковай супольнасці і проста аматары прыроды. А нашы вучні на працягу ўсяго навучальнага года ўно­сяць свой уклад у тое, каб такое падарожжа рыбы стала магчымым: кантралюем наяўнасць плацін на найбліжэйшых рэках і робім замеры вады для вызначэння яе чысціні, — адзна­чае дырэктар школы Алена Юркойць.

Цэнтр паспяхова выконвае адразу дзве функцыі — экалагічнае выхаванне школьнікаў і адукацыйную функцыю. Вучні малодшых класаў бываюць тут на ўроках малявання. А для старэйшых школьнікаў праводзяцца заняткі па хіміі і біялогіі, геаграфіі і нават матэматыцы.

— Наш цэнтр выходзіць і за межы ўстановы адукацыі. Падчас даследчай дзейнас­ці вучні запісваюць ад мясцовага насельніц­тва казкі, байкі і легенды, якія так ці інакш датычацца галоўнага героя нашага цэнтра — прадстаўніка ласасёвых, — працягвае Алена Юркойць.

У адукацыйнай прасторы самога цэнтра ўсё да дробязей адпавядае зададзенай тэматыцы. Нават рольшторы на вокнах адлюстроўваюць мясцовыя ландшафты і ўтрымліваюць фотазамалёўкі, звязаныя з нерастам кумжы.

Пазнавальныя стэнды тэматычнага цэнтра прадугледжваюць у тым ліку інтэр­актыўнае ўзаемадзеянне з гасцямі. Ці ведаеце вы, напрыклад, што агульнага паміж ласосем і дзесяцігадовым дзіцем? Адкрываем акенца стэнда з падказкай — і аказваецца: сярэдні рост і вага чацвёртакласніка суразмерныя з даўжынёй і вагой дарослай рыбы з акваторыі Балтыйскага мора.

Вучні Варнянскай сярэдняй школы ведаюць гэта з малых гадоў, як і тое, што малёк родам з Астравецкага краю можа вярнуцца на сваю геаграфічную ра­дзіму не раней як праз восем гадоў. Гэта мінімальны ўзрост кумжы, якая ідзе на нераст у Прынёманне з Балтыкі.

Уявіць сабе шлях рыбы-падарожніцы школьнікі могуць з дапамогай спецыяльнай карты-схемы, а прымяняючы веды па геаграфіі і матэматыцы яны склада­юць задачы на вылічэнне, напрыклад, хуткасці.

— Гледзячы на гэтую схему, вызначце месца, дзе рыба захо­дзіць на нераст, — прапаноўвае карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” дырэктар школы.

На схематычным малюнку ракі — некалькі кнопак. Гэта яшчэ адзін інтэрактыў для гасцей цэнтра. Націскаю на адну з іх, але індыкатар правільнага адказу не загараецца… З другой спробы ўжо дакладна запамінаю яго.

— Кожны год з экскурсіямі ў нас бываюць школьнікі не толькі з розных куткоў Гродзенскай вобласці. Нярэдка нас просяць правесці экскурсіі і не для арганізаваных груп. Літаральна за дзень да вашага прыезду з такой просьбай звярнуўся жыхар сталіцы, сын якога вельмі цікавіцца біялогіяй.

Арганізавана ў школе і тэматычная бізнес-кампанія. З вялікай цікавасцю школьнікі сумесна з педагогамі малююць сімвал цэнт­ра вывучэння ласося — рыбу кумжу — на посудзе і тэкстыльных вырабах. Такія сувеніры пасля экскурсій разам з гасцямі разлятаюцца не толькі ў розныя куткі Беларусі, але і ў Расію.

— Кожны год сустракаем больш за тысячу гасцей, — адзначае кіраўнік установы адукацыі.

Стварэнне цэнтра стала лагічным працягам ініцыятывы педагогаў і школьнікаў, прапанаванай яшчэ ў 2007 годзе: сумесна з бацькамі абараніць месца нерасту чырвонакніжнай рыбы ад браканьераў. І ў 2017 годзе назапашаны даследчы матэрыял дапамог зрабіць галоўны школьны цэнтр экалагічных ведаў вельмі цікавым.

Гасцям тут сапраўды рады. А для таго каб зрабіць экскурсіі яшчэ больш цікавымі і запамінальнымі, задзейнічаюць незвычайнага героя — роставую ляльку ў выглядзе кумжы.

Для школьнікаў інфацэнтр — гэта яшчэ і добрая база для правядзення навукова-даследчай і праектнай дзейнасці. Яны дэманструюць свае напрацоўкі на канферэнцыях “Шлях да пос­пеху”, “Край Гарадзенскі”, “Хрус­тальная Альфа”. Распрацаваны педагогамі і вучнямі праект “Кумжа пад дубам. Зберажом ра­зам” у 2019 годзе стаў лепшым у намінацыі “Хваля памяці. Сімвалы малой радзімы” рэспубліканскага агляду-конкурсу грама­дзянска-патрыятычных праектаў, прысвечаных Году малой радзімы. Шмат перамог маюць школьнікі з Варнян і ў такіх экалагічных конкурсах, як “Празрыстыя хвалі Нарачы”, “Юны натураліст”, “Квітней, мой лес!”, “Край Гарадзенс­кі”. Толькі за апошнія тры гады скарбонка дасягненняў установы адукацыі папоўнілася трыма ўзнагародамі на рэспубліканскіх і васьмю перамогамі на абласных конкурсах экалагічнай накіраванасці.

— Падчас канікул на працягу ўжо 13 гадоў арганізоўваем кругласутачны экалагічны лагер. Кожны дзень у ім тэматычны, і многія забаўляльныя мерапрыемс­твы праходзяць якраз у ласасёвым цэнт­ры, — працягвае здзіўляць суразмоўніца.

Праграма летняга аздараўлення тут заўсёды вельмі насычаная. Да таго ж юныя адпачывальнікі з задавальненнем
ездзяць у рэспубліканскія заказнікі на экскурсіі. Дзякуючы такому падыходу, павышаны попыт на арганізацыю вольнага часу дзяцей — заканамер­насць. Па словах кіраўніка ўстановы адукацыі, толькі сёлета ўжо на пачатку красавіка ад баць­коў паступіла каля 30 заявак на адпачынак дзяцей у экалагічным лагеры. Як правіла, на пачатку мая з 50 месцаў вакантных не зас­таецца.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара