У Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адкрылася другая экспазіцыйная зала музея “Вучэбная кніга ў гісторыі адукацыі”. Ва ўрачыстасцях прыняў удзел міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Першая музейная зала была адкрыта ў 2019 годзе, і ў ёй прэзентавана гісторыя адукацыі і вучэбнай кнігі з ІХ да першай паловы ХХ стагоддзя. Цяпер пачала работу экспазіцыя, дзе дэманструецца гісторыя развіцця вучэбнага кнігавыдання з 1946 па 1991 год.
Музей ствараўся і развіваецца па ініцыятыве міністра адукацыі Ігара Карпенкі, які падчас адкрыцця новай экспазіцыі падкрэсліў, што беларуская вучэбная кніга з’яўляецца важным гістарычнакультурным сімвалам нашай краіны. Першы буквар з’явіўся дзякуючы менавіта беларускім асветнікам.
Вучэбная кніга адлюстроўвае гісторыю адукацыі. Яна ж яе і стварае. Трэба памятаць, што ў вучэбнай кнігі — самая вялікая колькасць чытачоў. Яе ўплыў на асобу вучня цяжка пераацаніць. Такая кніга не толькі вучыць, але і выхоўвае нават сваім знешнім выглядам.
“Ствараючы і развіваючы такі музей, мы аддаём даніну павагі беларускай адукацыі, яе гісторыі, людзям. Менавіта вучэбная і мастацкая кніга (класічная літаратура) дапамагае сфарміраваць адукаванага і выхаванага чалавека, грамадзяніна і патрыёта сваёй краіны. І дзейнасць гэтага музея павінна быць накіравана на фарміраванне культуры чытання як вучэбнай, так і мастацкай літаратуры. Да развіцця музея трэба запрашаць не толькі педагогаў, але і школьнікаў. Такая сумесная дзейнасць будзе развіваць нашу сістэму адукацыі”, — падкрэсліў Ігар Карпенка.
У аснове экспазіцыі — падручнікі па беларускай мове і літаратуры, гісторыі Беларусі, геаграфіі Беларусі, пачатковым навучанні, рускай мове для школ з беларускай мовай навучання і метадычныя матэрыялы. Прадстаўлены пераклады на беларускую мову падручнікаў, выдадзеных у СССР, кнігі па выхаванні, метадычныя матэрыялы падручнікаў, выдадзеныя ў БССР.
Найбольш значныя падзеі, звязаныя з развіццём адукацыі, адлюстраваны на постэрах, дзе можна прасачыць за перыядызацыяй гэтай эпохі ад пасляваеннага аднаўлення 1940—1950-х гадоў да перыяду палітычных перамен 1980-х. Адпаведную атмасферу ствараюць плакаты і рэчы савецкай эпохі.
Частка кніг алічбавана і размешчана на інфармацыйным рэсурсе, даступным на інтэрактыўнай панэлі ў зале музея і на мабільных прыладах праз QR-коды. Акрамя таго, на інфармацыйным рэсурсе можна прасачыць храналогію найбольш значных падзей у сацыяльна-эканамічным жыцці і ў сферы адукацыі Савецкага Саюза і Беларускай ССР, даведацца пра аўтараў падручнікаў, якія працавалі ў БССР.
Для наведвальнікаў музея паставілі спецыяльны стол сярэдзіны ХХ стагоддзя, за якім можна пагартаць падручнікі з прапанаванай экспазіцыі.
“Музей дэманструе вялікую ролю вучэбнай кнігі ў сістэме адукацыі СССР і Беларускай ССР, а таксама адлюстроўвае сувязь паміж выбітнымі дасягненнямі ў навукова-тэхнічнай і гуманітарных сферах, сацыяльнаэканамічным развіцці і высокім узроўнем школьнай адукацыі ў той час”, — адзначыў рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Андрэй Манастырны.
Музейная экспазіцыя наглядна паказвае, як няпроста ствараліся вучэбныя кнігі, наколькі эрудзіраванымі і навукова падкаванымі павінны быць іх аўтары. Работа па пашырэнні музея будзе працягнута, з’явяцца экспазіцыі сучасных падручнікаў. Аднак трэба памятаць, што музей вучэбнай кнігі — не маўклівы збор старых выданняў, а дзейсны сродак навучання і выхавання не толькі педагогаў, але і навучэнцаў.
Акрамя таго, музей можа стаць навуковай пляцоўкай, бо ў падручніках рэалізуецца дыдактычная мадэль навучання, якая дэманструе, як і чаму вучылі ў розныя гістарычныя эпохі.
А ў дзень адкрыцця другой экспазіцыйнай залы музей стаў пляцоўкай для ўрачыстага ўручэння дыпломаў аб перападрыхтоўцы на ўзроўні вышэйшай адукацыі. 23 прадстаўнікі адміністрацый з устаноў адукацыі розных рэгіёнаў краіны з рук міністра атрымалі дакументы з пацвярджэннем сваёй новай спецыяльнасці “Менеджмент устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
Віншуючы выпускнікоў, Ігар Карпенка адзначыў: “Жыццё — гэта рух ідэй, таму я вам жадаю такіх ідэй, якія зробяць вашы ўстановы яшчэ больш паспяховымі”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.