У вырашэнні дзяржаўных задач галоўная стаўка зроблена на моладзь

- 12:01Актуально, Навіны
У аўторак Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка сустрэўся з маладымі прадстаўнікамі інтэлектуальнай і культурнай эліты. Гэта была традыцыйная майская сустрэча кіраўніка дзяржавы з адоранымі навучэнцамі, студэнтамі, таленавітай моладдзю.

У  прывітальным слове прэзідэнт адзначыў, што дзяржава чакае ад моладзі ідэй і праектаў, якія выведуць беларускую эканоміку, культуру, навуку на больш высокі ўзровень развіцця, і заўсёды падтрымае такія пачынанні.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў красавіцкім Пасланні беларускаму народу і парламенту была выразна вызначана стратэгія абнаўлення краіны на аснове пабудовы эканомікі ведаў, мадэрнізацыі вытворчасці, інфарматызацыі ўсіх сфер жыцця і вылучэння на ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце, навуцы, на прадпрыемствах актыўных, творчых людзей.
Прэзідэнт краіны А.Р. Лукашэнка ўручае ўзнагароду навучэнцы Ліцэя БДУ, уладальніцы залатога медаля 6-й Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы Розе Навіцкай.

“У вырашэнні гэтых задач галоўная стаўка зроблена на моладзь. Усё, што задумана, мы будзем рабіць перш за ўсё дзеля вас, з вашым удзелам і вашымі рукамі”, — сказаў прэзідэнт, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.
“Вам будзе неабходна накіраваць здольнасці і інтэлект на стварэнне і ўкараненне найноўшых інфармацыйных, нана-, бія- і іншых высокіх тэхналогій, каб наша краіна выйшла на перадавыя рубяжы інавацыйнага развіцця і заняла сваю нішу ў глабальнай эканоміцы ведаў.
Вашы сілы, натхненне і нястрымны палёт фантазіі змогуць надаць магутны імпульс развіццю навукі і культуры. Вам трэба будзе ўзбагаціць беларускае мастацтва новымі жанрамі, напрамкамі, стварыць творы, якія будуць прасякнуты патрыятызмам і праславяць нашу Радзіму”, — сказаў прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ёсць усе ўмовы для таго, каб моладзь змагла сябе рэалізаваць. Прэзідэнт адзначыў, што выхаваннем юных талентаў займаюцца амаль 800 гімназій, ліцэяў, школ мастацтваў, дзясяткі тысяч гурткоў, студый, навуковых таварыстваў.

Алімпіяды, фестывалі, конкурсы штогод адкрываюць новыя зорныя імёны. Маладыя вучоныя, артысты, мастакі і музыканты атрымліваюць падтрымку спецыяльных фондаў прэзідэнта. Юныя лідары з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй паспяхова рэалізуюць сябе ў рабоце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, праекты якога падтрымліваюцца дзяржавай.
На думку прэзідэнта, такі клопат пра таленавітых і энергічных людзей дае свае вынікі. У мінулым годзе беларускія школьнікі і студэнты прывезлі больш за паўсотні медалёў з міжнародных алімпіяд, маладыя выканаўцы абаранілі гонар краіны на прэстыжных фестывалях і конкурсах, заваяваўшы каля ста дыпломаў і прызоў.
“Яскравай падзеяй стаў тэлепраект “Я спяваю!”, які дапамагае запаліць сваю зорку дзецям-інвалідам, сіротам, юным талентам з няпоўных і мнагадзетных сем’яў. Лёсы яго ўдзельнікаў — прыклад таго, што чалавек, якiм бы цяжкiм ні было яго жыццё, дасягне поспеху, калі верыць у мару.
Для вас адкрыты сотні дарог. Шукайце, стварайце, рызыкуйце, рабіце адкрыцці. Кожны з вас, канечне ж, непаўторная яркая асоба. Адважна ідзіце да пастаўленай мэты, дабівайцеся задуманага ўпартай працай і памятайце аб маральнай адказнасці таленту перад людзьмі. Як сказаў выбітны фізік Альберт Эйнштэйн, няхай ідэаламі, што асвятляюць ваш шлях, стануць дабро, прыгажосць і праўда”, — адзначыў прэзідэнт, звяртаючыся да прысутных.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў педагогам за тое, што яны выхавалі такіх выдатных вучняў. “Няхай яны радуюць вас новымі перамогамі. Няхай у іх сэрцах жыве падзяка да настаўнікаў, якія адкрылі шлях да вяршынь ведаў і майстэрства”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт пажадаў усім паспяховага заканчэння навучальнага года, поспехаў на экзаменах і добрага лета. Затым пачалася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання.

Грашовыя прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў з уручэннем нагруднага знака “Лаўрэат фонду” атрымалі:
Аляксандр Даменікан, навучэнец гімназіі № 12 Мінска, уладальнік залатога медаля ХХ Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў;
Юлія Каранеўская, выпускніца Ліцэя Белдзяржуніверсітэта, студэнтка БДУ, уладальніца залатога медаля ХІХ Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных;
Ігар Лобач, выпускнік гімназіі № 29 Мінска, студэнт БДУ, уладальнік залатога медаля 43-й Міжнароднай фізічнай алімпіяды;
Вячаслаў Мурашка, выпускнік гімназіі № 71 Гомеля, студэнт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, уладальнік залатога медаля ХІХ Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных;
Роза Навіцкая, навучэнка Ліцэя БДУ, уладальніца залатога медаля 6-й Міжнароднай алімпіяды па астраноміі і астрафізіцы;
Альберт Самойленка, выпускнік гімназіі № 29 Мінска, студэнт БДУ, уладальнік залатога медаля 43-й Міжнароднай фізічнай алімпіяды.
У ліку ўзнагароджаных былі і пераможцы дзіцячага музычнага тэлевізійнага конкурсу “Я спяваю”. Гэта Дар’я Чарнова, навучэнка сярэдняй школы № 71 Мінска (пераможца), Сабрына Бабшукова, навучэнка сярэдняй школы № 81 Мінска (фіналіст), Соф’я Багданава, выхаванка ясляў-сада № 397 Мінска (фіналіст), Уладлен Іваноў, навучэнец гімназіі № 1 Бабруйска (фіналіст), Валянціна Іванцова, навучэнка сярэдняй школы № 5 Пружан (фіналіст).

Пасля ўзнагароджання ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся з прэзідэнтам сваімі ўражаннямі ад удзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах і планах на будучыню. У прыватнасці, Роза Навіцкая, навучэнка Ліцэя БДУ, адзначыла, што яшчэ некалькі гадоў назад яна нават падумаць не магла, што здолее выйграць міжнародную алімпіяду, а пасля будзе выступаць перад кіраўніком дзяржавы. На алімпіядны лёс дзяўчыны вялікі ўплыў аказала паступленне ў Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
“Менавіта ў гэтай навучальнай установе самыя складаныя і, здавалася б, недаступныя рэчы сталі для мяне цікавымі і захапляльнымі. Час, праведзены ў ліцэі, будзе самым яскравым у маім жыцці. Безумоўна, на гэта ўплываюць не толькі сцены навучальнай установы, але і людзі, з якімі мне давялося працаваць і вучыцца. Асобна хочацца сказаць пра выкладчыкаў, якія дзеля нашых поспехаў трацілі шмат сіл і часу. Нізкі ім паклон”, — адзначыла Роза Навіцкая.
Акрамя таго, яна падкрэсліла важнасць прызнання заслуг алімпіяднікаў на дзяржаўным узроўні. Гэта, па меркаванні дзяўчыны, будзе спрыяць пакарэнню новых вяршынь.
Людміла Рыгораўна Альгамец, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 6 Барысава, адзначыла, што ў нашай краіне для моладзі адкрыта шмат дарог. Яе вучні не раз станавіліся прызёрамі рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Скарыўся ім і міжнародны алімп.
“Безумоўна, вельмі радасна, што пры пакарэнні міжнароднага алімпу кожны з нас прыносіў карысць сваёй краіне. І медаль, заваяваны маім вучнем на міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі, з’яўляецца значным не толькі для мяне. Прымаючы ўдзел у алімпіядзе, юным географам даводзіцца паказваць не толькі веды ў гэтай галіне, але і свой узровень валодання англійскай мовай”, — адзначыла Людміла Рыгораўна.
Канечне, такі высокі алімпіядны вынік мае значэнне і для навучальнай установы, дзе ствараюцца максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця дзіцяці. Педагог адзначыла, што ў нашай краіне работа з адоранымі дзецьмі — важная задача, і настаўнікі прыкладаюць шмат намаганняў, каб яна мела стабільна станоўчы вынік. “Толькі той дасягае жыццёвага поспеху, хто карысны людзям і Радзіме”, — рэзюмавала выступоўца.

Па традыцыі такія сустрэчы суправаджаюцца ўрачыстым канцэртам з удзелам адзначанай прэзідэнтам творчай моладзі. Вось і на гэты раз у зале дзяржаўных прыёмаў гучалі оперныя спевы, дзіцячыя песні. Свае ўменні прадэманстравалі юныя цыркачы і артысты балета. Завяршальным акордам стала выступленне нашай зоркі “Еўрабачання” Алёны Ланской.
Напрыканцы сустрэчы кіраўнік дзяржавы пажадаў маладым талентам настойліва ісці да сваёй мэты і ні ў якім разе не спыняцца і не здавацца. “Нідзе, ніколі, ні на якім этапе свайго жыцця не трэба падаць духам і апускаць рукі. Вашы паражэнні павінны быць новым стартам да вашых перамог”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота БелТА.