Савет маладых вучоных Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы аб’ядноўвае актыўных, ініцыятыўных людзей, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з навукай і рухаць яе наперад.

Узначальвае савет кандыдат гістарычных навук дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандр Горны. Сфера яго навуковых інтарэсаў — палітычная і канфесійная гісторыя Заходняй Беларусі ў 1921—1939 гадах, гісторыя беларускага нацыянальнага руху ў XX стагоддзі, гістарычнае краязнаўства.
Аляксандр Горны вучыцца ў дактарантуры ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Ён марыць хутчэй напісаць і абараніць доктарскую дысертацыю і паказаць, што і ў маладыя гады можна стаць доктарам навук. Дысертацыя раскрывае тэму гісторыі Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, што ў Год гістарычнай памяці вельмі актуальна і важна. А.С.Горны актыўна займаецца навукай і бачыць сябе ў будучыні вучоным.
— Я не шкадую, што звязаў жыццё з навукай. Яна дае магчымасць пазнаваць новае, раней невядомае, сустракацца з вялікай колькасцю людзей у розных кутках краіны і свету. Гэта цікава, пашырае кругагляд і стымулюе да самаразвіцця, — прызнаўся малады вучоны.
На вопыце напісання сваёй навуковай работы, а таксама на досведзе калег старшыня савета маладых вучоных будуе работу з таленавітымі, матываванымі юнакамі і дзяўчатамі, якія толькі ўступаюць на шлях даследаванняў. У савеце ёсць прадстаўнікі ад кожнага факультэта, таму іх прафесійныя інтарэсы вельмі розныя. Аднак усіх аб’ядноўвае жаданне звязаць сваё жыццё з навукай. Тут моладзь можа атрымаць парады і дапамогу, падтрымку ў рэалізацыі сваіх ідэй і праектаў.
— Маладыя людзі вельмі актыўна ідуць у навуку, нягледзячы на перашкоды матэрыяльнага і іншага плана, што вельмі радуе, — падкрэсліў А.С.Горны. — Яны выбіраюць гэты шлях перш за ўсё для таго, каб рэалізаваць свае ідэі і амбіцыі. А ідэй у вучоных Купалаўскага ўніверсітэта вельмі шмат у сферы як прыродазнаўчых, так і гуманітарных навук. Яны годна прадстаўляюць ГрДУ на сусветным узроўні, з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі вядомых навуковых конкурсаў, прэзентуюць свае распрацоўкі на міжнародных і рэспубліканскіх выставах. Моладзь абавязкова павінна быць у навуцы, таму што без маладых людзей навука страціць папулярнасць сярод студэнтаў і магістрантаў. Маладыя вучоныя — твар навукі, яе рухавік.
У ГрДУ імя Янкі Купалы створаны ўсе ўмовы для таго, каб раскрыць патэнцыял маладога чалавека, а затым ужо дапамагчы яго рэалізаваць. Ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць каля 60 навуковых гурткоў і лабараторый. Ужо са студэнцкіх гадоў тут пачынаюць фарміравацца будучыя маладыя вучоныя. Менавіта падчас работы ў гэтых гуртках адбываецца адбор студэнтаў, здольных развіваць навуку. Існуе нават універсітэцкі конкурс гурткоў, пераможцы якога атрымліваюць матэрыяльную падтрымку для сваёй дзейнасці.
У рэйтынгу ўніверсітэта маладыя вучоныя вылучаны ў асобную катэгорыю: яны могуць праявіць сябе ў канкурэнтнай барацьбе і атрымаць заахвочванне. Шмат сродкаў стымулявання навуковай работы маладых людзей выкарыстоўваецца на факультэтах.
У Купалаўскім універсітэце існуюць вядомыя навукова-педагагічныя школы, якія занялі сваю значную нішу ў справе прыцягнення моладзі ў навуку. Яны з’яўляюцца вялікім кластарам, у які ўваходзяць дактары, кандыдаты навук, аспіранты, маладыя вучоныя, што займаюцца падобнымі тэмамі. У асноўным дактары навук збіраюць вакол сябе маладых вучоных, якія займаюцца пэўнай праблематыкай. Такім чынам веды і вопыт старэйшых вучоных, выкладчыкаў перадаюцца сучаснаму пакаленню.
Шырокія магчымасці на шляху ў навуку прадастаўляе навукова-тэхналагічны парк ГрДУ. Студэнты і магістранты могуць праявіць сябе, прыняўшы ўдзел у конкурсе стартап-праектаў “ІннаСтарт”, які праводзіцца два разы на год. У якасці цьютараў, ментараў падчас конкурсу выступаюць маладыя вучоныя.
— На мой погляд, малады вучоны павінен вельмі цесна ўзаемадзейнічаць са студэнцкім асяроддзем і ўжо ў маладым узросце збіраць сваю групу аднадумцаў, якія ў будучыні будуць рухаць навуку наперад, — лічыць Аляксандр Горны. — Навука — гэта працэс, які не павінен спыняцца, тады гэта дасць вынік.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.





