Педагагічныя класы існуюць ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны з 2015 года. Першыя іх выпускнікі ўжо авалодваюць прафесіяй педагога ва ўніверсітэтах краіны. А вось для сённяшніх навучэнцаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы правялі першы фестываль педагагічных класаў. Удзел у ім прынялі 25 каманд з розных раёнаў вобласці і Гродна — усяго больш за 500 чалавек.
Для ўдзельнікаў фестывалю арганізатары — галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і яго педагагічны факультэт — падрыхтавалі цікавую праграму. Навучэнцы і педагогі былі не пасіўнымі гледачамі, а актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства. Ды і дамашняе заданне ім трэба было выканаць — стварыць відэаролік пра свой педагагічны клас.
Некаторых школьнікаў сустракалі ва ўніверсітэце як добрых знаёмых. Некалькі гадоў запар навучэнцы сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска праводзяць частку летніх канікул у Гродне — тут на базе ГрДУ працуе летнік “Настаўнік-NEXT”.
Настаўніца рускай мовы і літаратуры школы Іна Матылевіч вядзе факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.
— З 14 выпускнікоў педкласа 9 сталі студэнтамі педагагічных спецыяльнасцей, — гаворыць Іна Іванаўна. — Сёння ў нашу каманду ўвайшлі тыя вучні, якія збіраюцца паступаць менавіта ў Гродзенскі ўніверсітэт, таму ім цікава сустрэцца з дэканамі факультэтаў, яшчэ раз убачыць універсітэт і сваіх сяброў — навучэнцаў з іншых школ вобласці. Пра папулярнасць “Настаўнік-Next” і той праграмы, што прапануе ўніверсітэт, сведчыць конкурс на ўдзел у летніку.
Навучэнец 11 класа Яўген Шэндзік быў удзельнікам летніка “Настаўнік-Next”, змены ў летніку “Зубраня” і ўжо мае пэўны вопыт работы з дзецьмі як педагог-арганізатар, бо праводзіў з малодшымі шмат мерапрыемстваў. Яўген робіць высновы, што настаўнік павінен мець індывідуальны падыход да кожнага, бачыць моцныя бакі дзіцяці.
А вось члены педагагічнага атрада “Маяк” са слонімскай школы № 8 трапілі ў Гродзенскі ўніверсітэт упершыню, але завочна знаёмы даўно — дзеці ўдзельнічаюць у дыстанцыйных алімпіядах, конкурсах, фестывалях, якія арганізуюць у ГрДУ.
Удзельнікаў фестывалю віталі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта Ірына Кітурка і першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская. Галіна Уладзіміраўна падкрэсліла вялікую ролю ўніверсітэта ў стварэнні якаснай сістэмы адукацыі рэгіёна і павіншавала свой родны педагагічны факультэт, выпускніцай якога з’яўляецца, з 60-гадовым юбілеем.
Вядучыя мерапрыемства віталі ўсе каманды-ўдзельніцы, назвалі па імёнах школьнікаў і іх настаўнікаў. Так прайшло першае знаёмства. А потым дзеці пайшлі выконваць фестывальныя заданні — было аб’яўлена 6 намінацый творчага конкурсу. А дарослыя на круглым стале “Педагог — прафесія будучыні” абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва Гродзенскага ўніверсітэта і школ рэгіёна ў правядзенні сумеснай дзейнасці пры падрыхтоўцы будучых педагогаў.
Як адзначыла дэкан педагагічнага факультэта Святлана Кострыца, мэтай круглага стала была кансалідацыя дзейнасці настаўнікаў па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, выяўленне агульных праблем і вызначэнне магчымых шляхоў іх вырашэння.
Дэканы расказалі пра магчымасці, якія прапануе кожны з факультэтаў у пытаннях падрыхтоўкі студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей, пра адкрыццё новых спецыяльнасцей. Быў прадстаўлены вопыт і бачанне перспектыў развіцця першага ў Беларусі профільнага аздараўленчага летніка для вучняў “Настаўнік-NEXT”.
А ў гэты час школьнікі працавалі над праектамі. Ім трэба было стварыць школу будучыні і рэкламны ролік, паказаць адзін дзень з жыцця настаўніка і мадэль адукацыі будучыні. Потым усе каманды прадставілі гэта на сцэне, а таксама паказалі дамашняе заданне — відэаролік. Так, навучэнцы з Канвелішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна расказалі, чаму яны сталі вучыцца ў педкласе. Улад Станкевіч проста сказаў: “Хто, як не я?!” А Настасся Чыркова хоча стаць настаўніцай пачатковых класаў, як яе бабуля. Навучэнкі гімназіі Шчучына гаварылі, што работа настаўніка пачатковых класаў — гэта работа з мноствам эмоцый, яна фарміруе чалавека.
Пераможцаў вызначылі ў кожным конкурсе. Каманда Князеўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна стала лепшай у конкурсе “Праект установы адукацыі будучыні”, каманда сярэдняй школы № 38 Гродна — у конкурсе “Ажыві прадмет”. Лепшую рэкламу прафесіі педагога стварылі навучэнцы сярэдняй школы № 17 Ліды, а партрэт сучаснага педагога — навучэнцы сярэдняй школы № 3 Шчучына. Самую крэатыўную вітальную тэлеграму сваім настаўнікам адправілі навучэнцы канвелішскай школы. Лепшы калаж пра адзін дзень настаўніка атрымаўся ў каманды гімназіі № 6 Гродна.
За самыя цікавыя відэаролікі адзначаны каманды сярэдняй школы № 2 Смаргоні, сярэдняй школы № 3 Шчучына, сярэдняй школы № 8 Слоніма, гімназіі № 4 Гродна, сярэдняй школы № 32 Гродна, сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска.
Студэнты педагагічнага факультэта, якія скончылі педкласы, таксама падзяліліся ўражаннямі, расказалі, што дала ім вучоба ў такіх класах, як яна дапамагла ў выбары прафесіі. Таццяна Глебік скончыла гімназію № 6 Гродна, а зараз студэнтка 2 курса педфака.
— Па-першае, пры паступленні ва ўніверсітэт скарысталася прэферэнцыямі, якія дае вучоба ў профільным класе. Па-другое, у гімназіі вывучала педагогіку, псіхалогію. Гэтыя веды аблягчаюць сённяшнюю вучобу. Па-трэцяе, яшчэ ў гімназіі я даведалася шмат пра сваю будучую прафесію і зрабіла свядомы выбар, — гаворыць Таццяна.
Для ўдзельнікаў фестывалю была арганізавана экскурсія па ўніверсітэце. Пераможцы конкурсаў атрымалі падарункі.
Тое, што прафесія педагога становіцца папулярнай у моладзі, можна праілюстраваць і такім фактам: каманда з сярэдняй школы № 2 Свіслачы была цалкам мужчынскай. 6 хлопцаў на чале з настаўнікам гісторыі Аляксандрам Валер’евічам Пясецкім былі актыўнымі ўдзельнікамі фестывалю педагагічных класаў.
Падчас фестывалю рэктар Гродзенскага ўніверсітэта Ірына Кітурка называла ўдзельнікаў не інакш, як будучыя педагогі. І сапраўды, яшчэ адзін крок да сваёй прафесіі яны зрабілі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.