Убачыць знутры і адчуць сэрцам прафесію выхавальніка юным палачанам дапамагае новы праект

- 9:00Главная, Новости

На базе дзіцячага сада № 7 Полацка гэтай вясной рэалізавалі тэставы этап праекта “Выхавальнік на паўдня”, які прадастаўляе школьнікам магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі педагога-выхавальніка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пры распрацоўцы праекта яго стваральнікі зыхо­дзілі з эфектыўнай практыкі ўстаноў прафесійнай адукацыі ў фармаце “Студэнт/навучэнец каледжа на дзень”, а таксама абагульнілі вопыт правядзення прафесійных проб і дзён адкрытых дзвярэй, у тым ліку на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Акрамя таго, шмат ідэй падказаў адукацыйны турызм.

— Кажуць, што, калі ты даведаўся нешта новае, твой дзень прайшоў недарма, — падзялілася ўражаннямі загадчыца дзіцячага сада Аксана Гацых. — У гэтым сэнсе адукацыйны турызм — адзін з самых актуальных напрамкаў пазнавальнага развіцця навучэнцаў. Сёлета мы прадметна задумаліся, як праз яго заахво­ціць да работы ў нашых установах адукацыі не толькі тых старшакласнікаў, хто ўжо выбраў прафесію педагога, але і іх сяброў, хто яшчэ не вызначыўся дакладна, каму трэба дапамагчы з выбарам. У выніку творчай групай дзіцячага сада распрацавалі праект прафарынтацыйнай накіраванасці. Найперш, зразумела, вывучылі актуальную інфармацыю аб колькасці педагагічных класаў у Полацкім раёне, вызначылі мэтавую аўдыторыю. Затым да работы далучыліся нашы сябры і партнёры з Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны. Дэбютнае мерапрыемства адбылося ў нашай установе. У навучэнцаў 9—11 класаў, якія наведваюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, з’явілася магчымасць паглядзець на работу дзіцячага сада знутры. Інакш кажучы, на практыцы адчуць значэнне слоў “выхавальнік дашкольнай адукацыі”.

У прызначаны дзень педагагічны калектыў дзіцячага сада з радасным узрушэннем сустрэў магчымых будучых калег з гімназіі і іх настаўніцу Алу Мамошыну. Вітаючы навучэнцаў ва ўтульнай музычнай зале і адказ­ваючы затым на іх пытанні, загадчыца дашкольнай установы была максімальна адкрытай і добразычлівай. У размове кіраўнік псіхалагічна выверана расстаўляла акцэнты на тым, што маладыя людзі знаходзяцца на важным жыццёвым этапе выбару прафесіі, кар’ернага шляху. Прычым нязмушана падводзіла да думкі пільней прыгледзецца да захапляльнай і бясконца прывабнай траекторыі, якую абяцае менавіта прафесія выхавальніка. Калі адчула моц­ную зваротную сувязь, сапраўдную зацікаўленасць — запрасіла ў прафесію паглыбіцца.

— Для пачатку ўвазе гасцей мы прапанавалі яркія запамінальныя відэаролікі “Прафесія выхавальнік дашкольнай адукацыі” і “Будні маладога спецыя­ліста”, створаныя нашымі педагогамі, — расказала Аксана Гацых. — Пасля я пазнаёміла навучэнцаў з калектывам і падрабязна спынілася на магчымасцях кар’ернага росту для тых, хто працуе ў дзіцячым садзе. Канечне ж, праінфармавала пра ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці, дзе можна атрымаць адпаведную адукацыю, і нават пра варыянты перападрыхтоўкі на базе вышэйшай адукацыі. Потым навучэнцы прынялі ўдзел у цудоўным майстар-класе па выяўленчым мастацтве разам з выхаванцамі ва ўзросце 4—5 гадоў, які правяла выхавальнік дашкольнай адукацыі Паліна Кураш. Экскурсія па дзіцячым садзе дазволіла мола­дзі азнаёміцца з асаблівасцямі арганізацыі развіццёвага прадметна-гульнявога асяроддзя ў групах для выхаванцаў ва ўзросце ад 1,5 да 3 гадоў. Затым мы сумесна з педагогам-псіхолагам Верай Пугач наладзілі абмеркаванне ўбачанага за круглым сталом, дзе адказалі на шматлікія пытанні, а кожны навучэнец выказаўся, што яму больш за ўсё спадабалася ў ходзе мерапрыемства. У завяршэнне Вера Уладзіміраўна правяла рэфлексію “Што я выбіраю”, падчас якой прапанавала вы­браць ананімна адзін з трох варыянтаў адказу: “Я хачу атры­маць прафесію выхавальніка”, “Я падумаю” і “Не адназначна, гэта не маё”. Вельмі прыемна, што трэці варыянт ніхто з навучэнцаў не выбраў. Думаю, мы маем права спадзявацца на добры плён і развіццё нашай ініцыятывы. У цэлым праект накіраваны на павышэнне прэстыжу прафесіі выхавальніка дашкольнай адукацыі ў асяроддзі навучэнцаў сярэдняга і старшага звяна, фарміраванне ў іх разумення важнасці гэтай прафесіі для грамадства, свядомага імкнення набыць яе ў будучыні, каб застацца працаваць у родным Полацку і, магчыма, у дзіцячым садзе № 7.

У перспектыве палачане плануюць маштабаваць праект на ўстановы агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна, далучыць да яго ўсіх навучэнцаў спачатку педагагічных, а потым і няпрофільных класаў, а таксама пашырыць кола прафесій для знаёмства: не толькі выхавальнік, але і настаўнік-дэфектолаг, кіраўнік фізічнага выхавання, педагог-псіхолаг, музычны кіраўнік.

Ала Мамошына, кіраўнік міжшкольнага факультатыву “Уводзіны ў педагагічную прафесію” Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны:

— Так важна, каб у нашу галіну прыходзілі працаваць дасведчаныя, творчыя людзі, для якіх прафесія — гэта прызванне! Для гэтага вядзецца мэтанакіраваная работа па арыентацыі на педагагічныя спецыяльнасці найбольш матываваных выпускнікоў школ і гімназій. Першым значным звяном у ланцужку станаўлення такога спецыяліста якраз выступаюць класы і групы педагагічнай накіраванасці. У нашай гімназіі факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” працуе з 2016/2017 навучальнага года. Для навучэнцаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы для зносін, самавыяўлення і далучэння іх да будучай педагагічнай дзейнасці. Таксама заняткі накіраваны на фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці, псіхалагічнай культуры, садзейнічаюць удасканаленню асобы, арыентаванай на асваенне прафесійна значных кампетэнцый. З мэтай прыцягнення навучэнцаў у педкласы праводзіцца папярэдняя прафарыентацыйная работа як з дзецьмі, так і з іх бацькамі: дыягностыка педагога-псіхолага, выступленні на бацькоўскіх сходах перадавых настаўнікаў і паспяховых выпускнікоў, тэматычныя майстар-класы, экскурсіі ў музей гісторыі развіцця адукацыі Полацкага рэгіёна, штогадовая канферэнцыя “Я — педагог”. Наш новы сумесны праект дае магчымасць азнаёміцца з асаблівасцямі работы выхавальнікаў дзіцячага сада. Пасля сустрэчы мае вучні доўга горача абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае. Магу сказаць, што некаторыя ўпершыню сур’ёзна задумаліся аб прафесіі выхавальніка. Ніхто не застаўся абыякавым.

Хрысціна Ігнатовіч, навучэнка 10 класа:

— Мы даведаліся шмат цікавых рэчаў і бязмерна ўдзячны за гэта. Асабліва ўсхвалявалі зносіны з дзецьмі, іх непасрэднасць і шчырасць. Не магу апісаць словамі, наколькі нам спадабалася быць у ролі выхавальнікаў. Скажу толькі, што калі ў будучыні паўторыцца такая магчымасць, то мы з задавальненнем зноў наведаем дзіцячы сад і сябрам параім падключыцца да праекта.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена дзіцячым садам № 7 Полацка